1 Пасля ж гэтых падзеяў1 прамовіў Госпад да Абра́ма ў з’яўленні, кажучы: “Не бойся, Абра́м, ты пад Маёй абаронай. Узнагарода твая будзе вельмі вялікаю”.
2 Абра́м адказаў: “Валадару, што мне дасі? Я застаюся дагэтуль бяздзетным, адно дамоўнік мой Масе́к,2 які Аліза́р з Дама́ску3”.
3 І дадаў Абра́м: “Пасля таго, як я не пакіну нашчадкаў, слуга мой успадкуе маё”.
4 І прамовіў адразу Госпад да яго, кажучы: “Не ўспадкуе ён, але той, які выйдзе з цябе, успадкуе па табе”.
5 Вывеў жа яго вонкі і сказаў: “Паглядзі ў неба і палічы зоркі, калі зможаш злічыць іх. Столькі будзе нашчадкаў тваіх”.
6 І паверыў Абра́м Богу,4 і залічылася яму гэта за праведнасць.
7 Прамовіў жа да яго Госпад: “Я Бог, Які вывеў цябе з краіны халдэ́яў, каб даць табе ў спадчыну гэтую зямлю”.
8 Спытаўся ж: “Госпадзе, Валадару, як даведаюся, што атрымаю яе?”
9 Сказаў жа яму: “Прынясі Мне трохгадовую ялаўку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, туркаўку і голуба”.
10 Узяў ён усё гэта, і рассек напалову, і змясціў іх тварамі адзін да аднога, птушак жа не рассякаў.
11 Зляталіся ж птушкі на целы, на іх рассечаныя напалову часткі, і Абра́м сеў паблізу, каб іх адганяць.
12 На захадзе сонца забыццё апанавала Абра́мам і вось страх незразумелы і вялікі апанаваў яго.
13 І сказана было Абра́му: “Ведай, што прыхаднямі будуць нашчадкі твае на чужой зямлі, і будуць панявольваць іх, і прыгнятаць іх, і скараць чатырыста гадоў.
14 Народ жа, якому будуць слугаваць, Я асуджу, пасля ж гэтага сыдуць яны адтуль з вялікім набыткам.
15 Ты ж адыдзеш да продкаў тваіх у супакоі, будзеш пахаваны ў старасці пачэснай.
16 Толькі ў чацвёртым пакаленні вернуцца сюды, калі нагрувасцяцца грахі амарэ́яў дапоўні”.
17 Калі ж было сонца на захадзе, з’явілася полымя, і вось жароўня закурэла, і светачы агню прайшлі паміж рассечанымі напалову часткамі.5
18 У дзень той усталяваў Госпад запавет з Абра́мам, кажучы: “Нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, ад ракі Егі́пта6 да вялікай ракі, ракі Эўфра́т,
19 зямлю кене́яў, кенезе́яў, кедмане́яў,
20 хетэ́яў, феразе́яў, рафаі́нцаў,
21 амарэ́яў, ханане́яў, эве́яў, гергесе́яў і явусе́яў”.
Каментары ці зноскі:
1 1: Грэц. ῥῆμα ў значэнні гбр. דָּבָר — “слова, справа, падзея”.
2 2: Гбр. מֶשֶׁק “маёмасць”перакладчыкі Септуагінты перадалі як імя ўласнае.
2 3: Увесь гэты верш у рукапіснай традыцыі быў пашкоджаны, дакладнае яго значэнне невядомае.
6 4: Вера Абра́ма палягала на абсалютным даверы Богу і прыняцці як абсалютнай праўды слоў Божых. Не змяншае яго веры жаданне выяснення слоў ад Бога (пар. Лк 1:34).
17 5: Складанне ахвяры на знак запавету паміж людзьмі ў часы Абра́ма выглядала менавіта так: паміж рассечаных напалову жывёл праходзілі людзі, на адзнаку таго, што смерць спасцігне тых, хто не выканае гэтага запавету. Тут сам Бог праходзіць паміж рассечаных напалову жывёл, заключаючы запавет з Абра́мам.
18 6: Ад дэльты Ніла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016