1 І надарылася пасля падзеяў гэтых: завінаваціліся найвышэйшы падчашнік і галоўны пекар перад гаспадаром сваім, царом Егі́пта.
2 І разгневаўся фараон на двух еўнухаў сваіх, на найвышэйшага падчашніка і на галоўнага пекара,
3 і ўкінуў іх у вязніцу да цямнічніка, у месца тое, куды быў адведзены Язэ́п.
4 І паставіў галоўны цямнічнік1 да іх Язэ́па, каб быў ля іх, і былі яны праз дзень пад гэтай вартай.
5 І ўбачылі абодва сон, кожны асобны сон, у адну ноч кожны ўбачыў свой сон, найвышэйшы падчашнік і галоўны пекар цара Егі́пта, якія былі ў вязніцы.
6 Увайшоў жа да іх Язэ́п на дасвецці і ўбачыў іх, і былі збянтэжанымі.
7 І спытаўся еўнухаў фараона, якія былі з ім пад вартай гаспадара яго, кажучы: “Чаму твары вашыя панылыя сёння?”
8 Яны ж адказалі яму: “Сны ўбачылі мы, але не ведаем тлумачэння іх”. Сказаў жа ім Язэ́п: “Ці ж не праз Бога будзе іх тлумачэнне?2 Апавядзіце мне”.
9 І апавядаў найвышэйшы падчашнік свой сон Язэ́пу, і казаў: “У сне маім была вінаградная лаза перад абліччам маім,
10 а на вінаграднай лазе тры сцябліны, і яны збыткавалі завязаннем парасткаў, даспеленых гронкаў вінаграду.
11 І келіх фараона ў руцэ маёй. І ўзяў я вінаградную гронку, і выціснуў яе ў келіх, і падаў келіх у рукі фараону”.
12 І сказаў яму Язэ́п: “Такое тлумачэнне яго: тры сцябліны — гэта тры дні.
13 Яшчэ тры дні — і ўзгадае фараон кіраванне тваё, і адновіць цябе на найвышэйшым падчашніцтве тваім, і падасі келіх фараону ў руку яго паводле кіравання твайго папярэдняга, калі быў чашнікам,
14 але ўзгадай мяне з-за сябе самога, калі добра табе станецца, і зробіш дзеля мяне міласць, калі прыгадаеш пра мяне фараону, і выведзеш мяне з крэпасці гэтай,
15 бо падступна выкрадзены быў з зямлі гебра́яў, і тут не зрабіў нічога, але ўкінулі мяне ў капаніцу гэтую”.
16 І ўбачыў галоўны пекар, што праўдзіва ён растлумачыў, і сказаў Язэ́пу: “І я пабачыў сон, і мне ўяўляліся тры кошыкі хлябоў, пастаўленыя мне на галаву.
17 У верхнім жа кошыку ўсялякіх гатункаў вырабы пекарскія, якія ўладны фараон спажывае, ды птушкі нябёсныя дзяўблі гэта з верхняга кошыка на галаве маёй”.
18 Адказваючы ж, Язэ́п паведаміў яму: “Такое тлумачэнне яго: тры кошыкі — гэта тры дні.
19 Праз тры дні пазбавіць цябе фараон галавы тваёй, і павесіць цябе на дрэве, і будуць дзяўбці цела тваё птушкі нябёсныя”.
20 Надарылася ж на трэці дзень, быў дзень народзінаў фараона, і ладзіў ён застолле для ўсіх слугаў сваіх. І ўзгадаў кіраванне найвышэйшага падчашніка і кіраванне галоўнага пекара спасярод слугаў сваіх.
21 І аднавіў найвышэйшага падчашніка ў кіраванні яго, і падаў той келіх у руку фараону.
22 Галоўнага ж пекара павесіў, як патлумачыў ім Язэ́п.
23 Ды не ўзгадаў найвышэйшы падчашнік Язэ́па, бо забыўся на яго.

Каментары ці зноскі:

4 1: Грэц. ἀρχιδεσμοφύλαξ “галоўны цямнічнік” у гэтым вершы ў Септуагінце акрэсліваецца іншым словам — грэц. ἀρχιδεσμώτης, якое можна перакласці як “галоўны вязень” у аднясенні да Язэ́па, аднак у гебрайскай Бібліі ва ўсіх гэтых месцах ужываецца שָׂר “кіраўнік, правадыр” у значэнні кіраўніка вязніцы.
8 2: Гл. 37:13 са зноскай.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 40 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016