1 Было ж пасля словаў гэтых: вешчана было Язэ́пу, што бацька яго занямог. Дык, узяўшы двох сыноў сваіх, Мана́сію і Эфраі́ма, пайшоў да Яку́ба.
2 Паведамілі ж Яку́бу, кажучы: “Вось, сын твой Язэ́п прыйшоў да цябе”. І, намагаючыся, Ізраэ́ль1 сеў на ложак.
3 І сказаў Яку́б Язэ́пу: “Бог мой з’явіўся мне ў Лу́зе, у зямлі Ханаа́н, і дабрасловіў мяне,2
4 і сказаў мне: вось, Я ўзвялічу цябе, і памножу цябе, і зраблю цябе зборам народаў, і дам зямлю гэтую табе і нашчадкам тваім пасля цябе на спадчыну вечную.
5 Таму цяпер абодва сыны твае, якія нарадзіліся ў цябе ў Егі́пце перад маім прыходам да цябе ў Егі́пет, будуць маімі, Эфраі́м і Мана́сія як Рубэ́н і Сямён будуць маімі.3
6 Дзеці ж, якія народзяцца пасля гэтых, будуць тваімі.4 Побач з імёнамі братоў тваіх назавуцца дзеля іх чаргі.
7 Калі я ішоў у Месапата́мію сіры́йскую, памерла Рахэ́ль, маці твая, у зямлі Ханаа́н, калі рушыў я да Іпадрома5 ў зямлі Хабра́та, набліжаючыся да Эфра́ты,6 і пахаваў яе пры дарозе Іпадрома, што ёсць Бэтле́ем”.
8 Убачыў жа Ізраэ́ль сыноў Язэ́па і спытаўся: “Хто яны табе ?”
9 Адказаў жа Язэ́п бацьку свайму: “Сыны мае, якіх даў мне тут Бог”. І сказаў Яку́б: “Наблізь іх да мяне, каб дабрасловіў я іх”.
10 Вочы ж Ізраэ́ля кепска бачылі праз старасць, дык не мог разгледзець. І наблізіліся яны да яго, і пацалаваў іх, і абняў іх.
11 І сказаў Ізраэ́ль Язэ́пу: “Вось, аблічча твайго не пазбаўлены, і вось, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх”.
12 І адвёў іх [Язэ́п] ад каленяў яго, і пакланіўся яму тварам да зямлі.
13 Узяў жа Язэ́п абодвух сыноў сваіх, як Эфраі́ма праваруч, леваруч ад Ізраэ́ля, так і Мана́сію леваруч, праваруч ад Ізраэ́ля, падвёў іх да яго.
14 Прасцяў жа Ізраэ́ль правую руку, усклаў на галаву Эфраі́ма, а ён быў малодшы, і левую на галаву Мана́сіі, скрыжоўваючы рукі.
15 І дабрасловіў іх, і сказаў: “Бог, якому дагаджалі айцы мае, Абрага́м і Ісаа́к, Бог, які ўзгадаваў мяне ад маладосці ажно да гэтага дня,
16 анёл,7 які ратуе мяне ад усялякага зла, няхай дабрасловіць дзяцей гэтых, і няхай прагучыць імя маё і імя айцоў маіх Абрага́ма і Ісаа́ка, і няхай памножацца мноствам вялікім па ўсёй зямлі”.
17 Убачыў жа Язэ́п, што прасцяў бацька правіцу сваю на галаву Эфраі́ма, падалося яму няслушным, і ўзяў Язэ́п руку бацькі свайго, каб перасунуць яе з галавы Эфраі́ма на галаву Мана́сіі.
18 Сказаў жа Язэ́п бацьку свайму: “Не, ойча, бо той першародны, ускладзі правіцу тваю на галаву таго”.
19 І не схацеў, але сказаў: “Ведаю, дзіця, ведаю. І гэты стане народам, і той узвялічаны будзе, але брат яго малодшы будзе большым за яго, і нашчадкі яго будуць у мностве народаў”.
20 І дабрасловіў іх у той дзень, кажучы: “Праз вас дабрасловіць будуць Ізраэ́ль, кажучы — няхай зробіць табе Бог як Эфраі́му і як Мана́сію”. І паставіў Эфраі́ма перад Мана́сіяй.
21 Сказаў жа Ізраэ́ль Язэ́пу: “Вось, я паміраю, і будзе Бог з вамі, і паверне вас у зямлю айцоў вашых.
22 Я ж аддаю табе Сікі́мы, найлепшыя па-над братоў тваіх, што здабыў я з рук амарэ́яў мечам маім і лукам”.

Каментары ці зноскі:

2 1: Імёны Яку́б і Ізраэ́ль у гэтым вершы адносяцца да адной асобы.
3 2: Гл. 35:9.
5 3: Паводле волі Яку́ба, падчас пазнейшага падзелу Ханаа́на Эфраі́м і Мана́сія атрымалі ў спадчыну ўласныя землі.
6 4: Магчыма, гаворка ідзе пра падзеі, апісаныя ў 50:23.
7 5: Назва “Іпадром” адсутнічае ў гебрайскай Бібліі, з кантэксту вынікае, што яна адносіцца да Бэтле́ема. Апісанне смерці Рахэ́ль (гл. 35:16−20) і тры назвы “Іпадром”, “Бэтле́ем” і “Эфра́та” ўказваюць, што гэта адна мясцовасць.
7 6: Гбр. אֶפְרָת — мясцовасць непадалёк ад Бэтле́ема, а таксама яго ранейшая назва.
16 7: Гл. 16:7 са спасылкай.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 48 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016