1 І наведаў Госпад Са́рру, як казаў, і здзейсніў Госпад Са́рры паводле абяцанага.
2 І, зацяжараўшы, нарадзіла Са́рра Абрага́му сына ў старасці, у час, як сказаў ёй Госпад.
3 І назваў Абрага́м сына свайго, што нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Са́рра, Ісаа́к.
4 На восьмы дзень Абрага́м абрэзаў Ісаа́ка, як запавёў яму Бог.
5 Абрага́м жа быў стагадовым у той час, калі нарадзіўся Ісаа́к, сын яго.
6 Прамовіла тады Са́рра: “Смех1 мне ўчыніў Госпад, бо калі хто толькі пачуе, узрадуецца са мною2”.
7 І сказала: “Хто паведаміць Абрага́му, што Са́рра корміць дзіця грудзьмі? Бо нарадзіла сына ў старасці сваёй”.
8 І вырасла дзіця, і было аднятае ад грудзей, і зладзіў Абрага́м гасціну вялікую ў дзень, калі быў адняты ад грудзей Ісаа́к, сын яго.
9 Пабачыла ж Са́рра сына Ага́ры егіпця́нкі, народжанага Абрага́му, які гуляўся3 з Ісаа́кам, сынам яе,
10 і сказа́ла Абрага́му: “Адрынь прыслужніцу гэтую і сына яе, бо не ўспадкуе сын прыслужніцы з сынам маім Ісаа́кам”.
11 Вельмі ж прыкрым прамільгнула перад абліччам Абрага́ма слова тое пра сына яго.
12 Але Бог сказаў Абрага́му: “Хай не будзе прыкрым слова пра дзіця і прыслужніцу для цябе. Усё, што толькі скажа Са́рра табе, слухай, бо ў Ісаа́ку спраўдзіцца спадкаемства тваё.
13 І ад сына прыслужніцы гэтай спараджу народ вялікі, бо ён семя тваё”.
14 Устаў жа Абрага́м на досвітку, і ўзяў хлябы і мех вады, і даў Ага́ры, і ўсклаў на плячо, і дзіця, і выправіў яе. Выгнанка ж заблукала ў пустэльні каля калодзежа Зароку.4
15 Скончылася вада з меха, дык пакінула дзіця пад элатам.5
16 Выгнанка ж села насупраць яго зводдаль, прыблізна на стрэл лука. І сказала: “Не, не ўбачу смерці дзіцяці майго”. І села наўпроці яго, а дзіця крычала ды плакала.
17 І пачуў Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзілася, і паслаў Бог анёла да Ага́ры з неба, і сказаў ёй: “Што сталася, Ага́р? Не бойся. Бо пачуў Бог крык дзіцяці твайго з месца, дзе яно знаходзіцца.
18 Устань, вазьмі дзіця на рукі, бо народ вялікі спараджу з яго”.
19 І адкрыў Бог вочы яе, і ўбачыла калодзеж вады жывой,6 і пайшла, і напоўніла мех вадою, і напаіла дзіця.
20 І быў Бог з хлопчыкам, пакуль гадаваўся. І пасяліўся ў пустэльні, стаўся ж лучнікам.
21 І асталяваўся ў пустэльні Фара́н,7 і ўзяла яму маці жонку з зямлі Егі́пецкай.
22 Надарылася ж у часы тыя: звярнуліся Абіме́лех і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска, да Абрага́ма: “Ва ўсім з табою Бог, што толькі будзеш рабіць.
23 Дык цяпер прысягні мне Богам, што не пакрыўдзіш мяне і дзяцей маіх, а таксама імя майго, але па справядлівасці, як учыніў з табою, абыдзешся са мною і зямлёю, на якой ты пасяліўся”.
24 І сказаў Абрага́м: “Я прысягаю”.
25 І дакараў Абрага́м Абіме́леха з-за калодзежа вады, які аднялі слугі Абіме́лехавыя.
26 І сказаў яму Абіме́лех: “Не ведаў, што надарылася гэта, ці ж не ты мне апавясціў, ці ж не пачуў я толькі сёння”.
27 І ўзяў Абрага́м авечак і цялятаў,8 і даў Абіме́леху, і ўсталявалі абодва запавет.
28 І паставіў Абрага́м сем ягніцаў9 ад авечак асобна.
29 Спытаў Абіме́лех у Абрага́ма: “Навошта сем гэтых ягніцаў паставіў асобна ад авечак?”
30 І адказаў Абрага́м: “Бо сем ягніцаў гэтых возьмеш у мяне, каб сталіся мне на сведчанне, што я выкапаў калодзеж гэты”.
31 Праз гэта назваў мясціну тую — калодзеж Зароку, бо прысягалі там абодвух.
32 І ўсталявалі запавет на калодзежы Зароку. Устаў жа Абіме́лех і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска, і вярнуліся ў зямлю філістыімля́наў.10
33 І насадзіў Абрага́м гай ля калодзежа Зароку, і заклі́каў там імя Госпада Бога Спрадвечнага.
34 Жыў жа Абрага́м у зямлі філістыімля́наў многія дні.

Каментары ці зноскі:

6 1: Ісаа́к з гбр. יִצְחָק літ. “смех”.
6 2: Магчымы пераклад — “смяяцца будзе з мяне”.
9 3: Грэц. παίζω можа выступаць у двух значэннях: “гуляцца, гарэзаваць” і “насміхацца, здзекавацца”.
14 4: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва Бээ́р-Шэ́ба, гбр. שֶׁ֫בַע בְּאֵר — “крыніца”, потым з гэтай жа назвай — места на паўднёвай мяжы Ханаа́на, дзе доўгі час жылі Абрага́м і Ісаа́к.
15 5: Эла́т, грэц. ἐλάτη, хвойнае кустоўе (дрэва), расце ў пустэльні.
19 6: У гбр. Бібліі ў гэтым месцы прыметнік “жывы” адсутнічае, але з’яўляецца ў іншым апісанні калодзежа вады (гл. 26:19, гбр. חָי — “жывы”, ад грэц. дзеяслова ζάω — “жыць, ажыць”). У семіцкай традыцыі — гэта не якаясьці магічная ці чароўная вада, а вада, прыдатная і не шкодная для піцця, не стаялая і таму небяспечная ва ўмовах пустэльні, а праточная з падземнай ракі ці крыніцы.
21 7: Фара́н (гбр. פָּארָן, Пара́н) — гарыстая пустэльня ў паўночнай частцы Сінайскага паўвострава.
27 8: Гэтыя жывёлы маглі быць дарам для Абіме́леха, але таксама маглі быць выкарыстаныя ў цырымоніі ўрачыстага прысягання, гл. спасылку да 15:17.
28 9: Я́гніца — маладая авечка.
32 10: Філістыімля́намі ў Септуагінце называюцца іншапляменнікі. Тут выкарыстоўваецца анахранізм, бо Абрага́м, верагодна, жыў у XVIII ст. да Н.Х., а філістыімля́не пасяліліся на гэтай тэрыторыі толькі ў XIII — XII стст. да Н.Х.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016