1 І, стаўшы на ногі, Яку́б пайшоў у зямлю ўсходнюю да Ла́бана, сына Батуэ́ля сіры́йца, брата Рэбе́кі, маці Яку́ба і Эса́ва.
2 І бачыць: вось студня ў полі і тры чарады авечак спачываюць ля яе. З таго калодзежа паілі статкі, камень жа вялізны быў пры вусці калодзежа.
3 Калі збіраліся туды ўсе чароды, то адкочвалі камень з вусця калодзежа і паілі авечак, потым ізноў клалі камень пры вусці калодзежа, на сваё месца.
4 Спытаўся Яку́б: “Браты, адкуль вы?” Яны адказалі: “Мы з Хара́на”.
5 Спытаўся іх: “Ці ведаеце Ла́бана, сына Нахора?” Яны адказалі: “Ведаем”.
6 Сказаў жа ім: “Ці здаровы ён?” Яны адказалі: “Здаровы. А вось Рахэ́ль, дачка яго, ідзе з авечкамі”.
7 І прамовіў Яку́б: “Дзень яшчэ не мінуў, яшчэ не час зганяць скаціну — напаіўшы авечак, вядзіце іх пасвіцца”.
8 Яны адказалі: “Не можам да пары, пакуль не збяруцца ўсе пастухі і, адкаціўшы камень ад вусця калодзежа, не напоім авечак”.
9 Падчас іх размовы Рахэ́ль, дачка Ла́бана, прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо пасвіла статак бацькі свайго.
10 Сталася, калі ўбачыў Яку́б Рахэ́ль, дачку Ла́бана, брата маці сваёй, і авечак Ла́бана, брата маці сваёй, дык, падышоўшы, Яку́б адкаціў камень з вусця калодзежа і напаіў авечак Ла́бана, брата маці сваёй.
11 І пацалаваў Яку́б Рахэ́ль, і, заклікаўшы голасам сваім, заплакаў.
12 І апавёў Рахэ́ль, што ён сваяк бацькі яе і што ён сын Рэбе́кі. І, пабегшы, паведаміла яна бацьку свайму словы гэтыя.
13 Было ж, калі пачуў Ла́бан імя Яку́ба, сына сястры сваёй, пабег, каб убачыць яго, і, абняўшы яго, пацалаваў. І прывёў яго ў дом свой. І апавёў ён Ла́бану ўсё, што адбылося.
14 І сказаў яму Ла́бан: “З костак маіх і ад цела ты майго”. І заставаўся ў яго месяц.
15 Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: “Хоць ты сваяк мой — не будзеш мне служыць задарма. Скажы мне, якая мае быць табе ўзнагарода?”
16 Былі ў Ла́бана дзве дачкі. Імя старэйшай Лі́я, а імя малодшай Рахэ́ль.
17 Вочы Лі́і былі слабымі, а Рахэ́ль была прывабнай знешнасці і прыгожага позірку.
18 І пакахаў Яку́б Рахэ́ль, і сказаў: “Буду служыць табе сем гадоў за Рахэ́ль, дачку тваю малодшую”.
19 Сказаў жа яму Ла́бан: “Лепей мне аддаць яе табе, чым выдаць яе за іншага мужчыну. Жыві ў мяне”.
20 І служыў Яку́б за Рахэ́ль сем гадоў, і былі яны для яго нібы кароткія дні праз каханне да яе.
21 І звярнуўся Яку́б да Ла́бана: “Аддай жонку маю, каб увайсці да яе, бо мінулі дні мае”.
22 Склікаў Ла́бан усіх мужоў вакольных і зладзіў вяселле.
23 І стаўся вечар, і Ла́бан, узяўшы Лі́ю, дачку сваю, прывёў яе да Яку́ба, і ўвайшоў да яе Яку́б.
24 Аддаў жа Ла́бан Лі́і, дачцэ сваёй, за служанку сваю Зе́лфу.
25 Была ж раніца, і вось — тут Лі́я. Сказаў жа Яку́б Ла́бану: “Што гэта ты мне ўчыніў? Ці не дзеля Рахэ́лі я служыў у цябе, дык навошта ашукаў мяне?”
26 Адказаў Ла́бан: “Не прынята так у мясціне нашай, каб выдаваць малодшую перш, чым старэйшую,
27 аднак споўні гэтую сядміцу вясельную, потым выдам табе і тую замест узнагароды, якую адробіш у мяне за наступныя сем гадоў”.
28 Яку́б жа так і зрабіў — споўніў гэтую сядміцу вясельную. І выдаў Ла́бан яму за жонку Рахэ́ль, дачку сваю.
29 Аддаў жа Ла́бан Рахэ́лі, дачцэ сваёй, за прыслужніцу сваю Ба́лу.
30 І ўвайшоў [Яку́б] да Рахэ́лі. Пакахаў жа Рахэ́ль больш за Лі́ю. І служыў сем наступных гадоў.
31 Госпад, зведаўшы, што пагарджаная Лі́я, расчыніў яе мацярынскае ўлонне, а Рахэ́ль была бясплоднаю.
32 І зачала Лі́я, і нарадзіла Яку́бу сына. Назвала ж яго Рубэ́н, кажучы: “Бо ўбачыў Госпад маю пакорлівасць, цяпер мяне будзе кахаць муж мой”.
33 І зачала зноўку Лі́я, і нарадзіла Яку́бу другога сына, і сказала: “Дзеля таго пачуў мяне Госпад, што я пагарджаная, то даў мне таксама гэтага”. І назвала яго Сямён.
34 І яшчэ зачала, і нарадзіла сына, і сказала: “Цяперака будзе муж мой са мною, бо нарадзіла яму трох сыноў”. Таму назвала гэтага Ле́вій.
35 І, зачаўшы, яшчэ нарадзіла сына, і сказала: “Цяпер дзякаваць буду Госпаду”. Дзеля гэтага назвала яго Ю́да. І перастала нараджаць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 29 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016