1 Зірнуўшы, Яку́б убачыў: і вось, падыходзіць Эса́ў, брат яго, і чатырыста мужоў з ім. І аддзяліў Яку́б дзяцей Лі́і, і Рахэ́лі, і дзвюх прыслужніцаў,
2 і паставіў дзвюх прыслужніцаў і сыноў іх наперадзе, Лі́ю і дзяцей яе ззаду, а Рахэ́ль і Язэ́па апошнімі.
3 Ён жа пайшоў наперадзе іх, і пакланіўся да зямлі сем разоў, калі наблізіўся да брата свайго.
4 І пабег Эса́ў насустрач яму, і, абняўшы яго, пацалаваў, і кінуўся на шыю яго, і плакалі абодва.
5 І, зірнуўшы, убачыў [Эса́ў] жонак і дзяцей, і спытаўся: “Хто яны табе?” [Яку́б] жа адказаў: “Дзеці, праз якіх злітаваўся Бог над слугой тваім”.
6 І наблізіліся служанкі і дзеці іх, і пакланіліся,
7 і наблізілася Лі́я і дзеці яе, і пакланіліся, і пасля ўсіх наблізілася Рахэ́ль і Язэп, і пакланіліся.
8 І спытаўся [Эса́ў]: “Дзеля чаго табе ўсе караваны гэтыя, што сустрэў?” [Яку́б] жа адказаў: “Каб спазнаў слуга твой ласку тваю, гаспадару”.
9 Сказаў жа Эса́ў: “Браце, я маю многае, няхай тваё застанецца табе”.
10 Прамовіў жа Яку́б: “Калі я спазнаў ласку тваю, прымі прынашэнні з рук маіх, бо калі я ўбачыў твар твой — нібы твар Бога пабачыў, дык будзеш спрыяць мне.
11 Прымі дабраслоўленні мае, што прынёс табе, бо злітаваўся нада мною Бог і стае мне ўсяго”. І прымушаў яго, і [Эса́ў] прыняў,
12 і сказаў: “Выправадзімся і пойдзем наўпрост”.
13 Адказаў жа яму [Яку́б]: “Гаспадар мой ведае, што дзеці здарожаныя, а авечкі і каровы нараджаюць пры мне, калі ж паганю іх праз цэлы дзень, то згіне ўся свойская жывёла.
14 Няхай пойдзе наперад гаспадар мой перад слугою, я ж падмацуюся шляхам, ідучы крокам дзіцяці, ажно наганю гаспадара майго ў Сэі́ры”.
15 Сказаў тады Эса́ў: “Пакіну колькі людзей, што са мною”. Адказаў жа: “Навошта? Дастаткова, што я спазнаў ласку тваю, гаспадару”.
16 Выправіўся ж Эса́ў таго дня ў дарогу сваю ў Сэі́р.
17 І Яку́б выправадзіўся ў Намёты, і зладзіў сабе там жытлы і стойлы для жыўнасці сваёй. Праз тое назваў мясціну тую Намёты.1
18 І прыйшоў Яку́б у Салэ́м, места Сікі́мскае,2 што ў зямлі Ханаа́н, вяртаючыся з Месапата́міі сіры́йскай, і спыніўся ў бачнасці места.
19 І прыдбаў частку поля, куды паставіў намёт свой, ад Эмо́ра, бацькі Сіхе́ма, за сто ягнятаў.
20 І збудаваў там ахвярнік, і заклікаў Бога Ізраэ́ля.
Каментары ці зноскі:
17 1: Такой назвай Септуагінта акрэслівае мясцовасць Суккот, гбр. סֻכּוֹת, што знаходзілася ля ракі Ябок.
18 2: Сікі́мы (тое самае Сіхе́м) знаходзіліся ў Сама́рыі на поўнач ад Ерусалі́ма, у гэтым самым месцы таксама спыняўся Абрага́м (гл. 12:6).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 33 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016