1 Язэ́п жа быў прыведзены ў Егі́пет. І набыў яго Петэфрэ́с, еўнух фараона, галоўны кухар, чалавек егіпця́нін, ад ісмаэліця́наў, якія яго туды прывялі.
2 І быў Госпад з Язэ́пам, а быў ён чалавекам удалым, і жыў у гаспадарскім доме егіпця́ніна.
3 Ведаў жа гаспадар яго, што Госпад з ім, і што толькі стане рабіць, Госпад спашле спрыянне ў рукі яго.1
4 І здабыў Язэ́п прыхільнасць перад абліччам гаспадара свайго, дагаджаючы яму. Паставіў той яго над домам сваім, а ўсё, што толькі было ў яго, падпарадкаваў Язэ́пу.
5 Было ж, калі паставіў яго над домам сваім і ўсім, што толькі было ў яго, то дабрасловіў Госпад дому егіпця́ніна дзеля Язэ́па, і было дабраслоўленне Госпада над усім майном яго ў доме і ў полі.
6 І аддаў [гаспадар] усё, што толькі было ў яго, у рукі Язэ́па, і не давялося завіхацца яму ні над чым акрамя хлеба, які ён спажываў.
І меў Язэ́п гожае аблічча ды вельмі панадны выгляд.
7 І было пасля дзеяў гэтых, агарнула вачыма2 сваімі Язэ́па жонка гаспадара яго і сказала: “Узляж са мною”.
8 Ён жа не схацеў і сказаў жонцы гаспадара свайго: “Калі гаспадар мой праз мяне не павінен ні пра што клапаціцца ў доме сваім, а ўсё, што ёсць у яго, аддаў у рукі мае,
9 і не заступіць у доме гэтым ніхто мяне, і не затоена ад мяне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яго, то як мне выканаць просьбу гэтую благую і не зграшыць перад Богам?”
10 Хоць упрошвала Язэпа дзень у дзень, аднак не паслухаўся яе, каб узлегчы з ёй, наблізіўшыся да яе.
11 Надарылася ж адным гэткім днём, увайшоў Язэ́п у дом выканаць абавязкі свае, і нікога не было ў доме з хатніх.
12 Дык сцягнула з яго плашч, кажучы: “Узляж са мною”. І пакінуўшы плашч свой у руцэ яе, ухіліўся і выйшаў прэч.
13 І было, калі яна ўбачыла, што, пакінуўшы плашч свой у руцэ яе, ухіліўся і выйшаў прэч,
14 то паклікала дамаўнікоў і сказала: «Гляньце, прывёў да нас паднявольнага гебра́я, каб ён здзекаваўся з нас. Увайшоў да мяне, кажучы “ўзляж са мною”, і я залямантавала што моцы.
15 Калі ж пачуў ён, што памацніла голас свой і залямантавала, то, пакінуўшы плашч свой у руцэ маёй, ухіліўся і выйшаў прэч».
16 І пакінула плашч у сябе, пакуль прыйшоў гаспадар дому.
17 І распавяла яму згодна са словамі гэтымі, кажучы: «Увайшоў да мяне паднявольны гебра́й, якога прывёў да нас, каб ён здзекаваўся з нас, і сказаў мне: “Узлягу з табою”.
18 Калі ж пачуў ён, што памацніла голас свой і залямантавала, то, пакінуўшы плашч свой у руцэ маёй, ухіліўся і выйшаў прэч».
19 Было ж, калі пачуў гаспадар яго словы жонкі сваёй, якія прамовіла яму, кажучы “так зрабіў мне паднявольны твой”, дык запалаў гневам.
20 І ўзяў гаспадар Язэ́па, і ўкінуў яго ў крэпасць, у месца, дзе ўтрымліваліся вязні цара ва ўмацаванні.
21 І быў Госпад з Язэ́пам, і праліваў літасць сваю, і спаслаў яму прыхільнасць перад абліччам вышэйшага цямнічніка.
22 І даручыў вышэйшы цямнічнік вязніцу ў рукі Язэ́па, і ўсіх палонных, што ў вязніцы, і ўсё, што адбываецца там.
23 Не турбаваўся вышэйшы цямнічнік вязніцы праз яго ні пра што, бо ўсё было ў руцэ Язэ́па ад Госпада, які быў з ім, ва ўсіх дзеях Госпад спрыяў рукам яго.

Каментары ці зноскі:

3 1: Выраз “у рукі яго” грэц. “ἐν χερσὶν αὐτοῦ” з’яўляецца метанімічным, азначае прысутнасць і дапамогу Бога ва ўсіх справах Язэ́па, што спрыяе іх паспяховасці.
7 2: Метафарычнае акрэсленне пажадлівасці.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 39 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016