1 Прыйшлі два анёлы1 вечарам у Садом. Лот жа сядзеў у браме садомскай.2 Убачыўшы, Лот узняўся ім насустрач, і схіліўся тварам да зямлі,
2 і сказаў: “Гаспадарове, захіліцеся да жытла слугі вашага, і спачніце, і абмыйце ногі вашыя, а ўстаўшы на досвітку, пойдзеце шляхам вашым”. Адказалі ж: “Не, пераначуем тут, на плошчы”.
3 І настояў, і захіліліся да гасподы яго. І зладзіў ім застолле, і напёк ім праснакоў, столькі, каб яны спажывалі.
4 А перш, чым паснулі, мужчыны з места, садамі́ты, ад юнакоў да старых, сапраўдны натоўп, абступілі будынак.
5 Паклікалі Лота і дапытваліся ў яго: “Дзе мужы, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб узлегчы нам з імі”.
6 Выйшаў Лот да іх у прысенак, але наказаў, каб дзверы замкнулі за ім.
7 Сказаў ім: “Не, братове, не чыніце ліха.
8 Ёсць у мяне дзве дачкі, што не спазналі мужа. Выведу іх да вас, і абыдзіцеся з імі, як вам толькі заўгодна, адно прышлым гэтым не чыніце аніякай крыўды, бо каб пазбегнуць гэтага ўвайшлі пад покрыва вагавітасці маёй3”.
9 Сказалі ж: “Ідзі прэч. Сам прышлы чужынец, а нас надумаў судзіць? Дык табе большую можам зараз учыніць крыўду, чым ім”. І пабілі Лота, і наблізіліся зламаць дзверы.
10 Працягнуўшы ж рукі з дома, мужы ўцягнулі Лота да сябе ў жытло і дзверы дома замкнулі.
11 Мужчын жа, што былі ля дзвярэй дома, уразілі слепатою ад малога да вялікага, і паслаблі тыя, шукаючы дзвярэй.
12 Сказалі ж мужы Лоту: “Ёсць хто тут з тваіх зяцёў, ці сыноў, ці дачок? Ці калі хто іншы ёсць у цябе ў месце, выведзі з паселішча гэтага.
13 Бо загубім места гэтае, бо лямант яго сягнуў Госпада, і накіраваў Ён нас паглынуць яго”.
14 Выйшаў жа Лот і звярнуўся да зяцёў сваіх, што пабралі дачок яго, і сказаў: “Падніміцеся і выйдзіце з места гэтага, бо паглыне яго Госпад”. Зяцям жа падалося, што ён жартуе.
15 Калі ж надышоў світанак, прыспешвалі анёлы Лота, прамаўляючы: “Узніміся, бяры жонку і дзвюх дачок, якія з табою, і сыходзь, каб не загінуць разам з ліхадзеямі”.
16 І разгубіліся. Тады схапілі анёлы руку яго, і руку жонкі яго, і рукі дзвюх дачок яго, бо злітаваўся Госпад над ім.
17 І было, калі вывелі іх вонкі, прамовілі: “Ратуйцеся, захавайце сваю душу, не азірайцеся назад, і таксама не заставайцеся ў ваколіцах. Схавайцеся на гары, каб не памерці разам з тымі”.
18 Звярнуўся ж Лот да іх: “Малю, Госпадзе,
19 калі знайшоў слуга Твой літасць перад абліччам Тваім, і атуліў Ты мяне справядлівасцю Тваёю, якую ўчыняеш нада мною, каб жывой засталася душа мая, я ж не здолею схавацца ў гары, каб не налучыла мяне ліха, і памру.
20 Глянь, вунь непадалёку паселішча, можа, там я знайду прытулак. Яно малое, у ім схаваюся. Зірні, яно ж сапраўды малое? І застанецца жывой душа мая4”.
21 І сказаў яму: “Вось, дзеля цябе і словаў тваіх не паглыну Я паселішча, пра якое ты кажаш.
22 Дык паспяшайцеся туды, каб уратавацца, бо не змагу ўчыніць задуманае, пакуль ты не ўвойдзеш туды”. Таму назваў паселішча тое Сагор.5
23 Сонца зайшло над зямлёю, калі Лот увайшоў у Сагор.
24 Госпад паслаў тады на Садом і Гамору дождж з серкі і агню. Ад Госпада неба —
25 на паселішчы гэтыя, на ўсё наваколле, на ўсіх, хто пасяляўся ў местах, і на ўсё, што ўзышло з зямлі.
26 Калі ж азірнулася жонка [Лота] назад, пастала саляным слупам.
27 Зранку ж падняўся Абрага́м і пайшоў на тое месца, дзе стаяў перад абліччам Госпада,
28 каб зірнуць на аблічча Садома і Гаморы ды на зямлю навакольную, і ўбачыў: падымаецца полымя з зямлі, нібы параванне печы.
29 І было, калі паглынуў Госпад усе паселішчы навакольныя, узгадаў Бог Абрага́ма і ўратаваў Лота ад знішчэння, калі зрынуў Госпад месты, у якіх жыў Лот.
30 Неўзабаве Лот пакінуў Сагор і асеў на гары, і дзве дачкі яго з ім. Бо забаяўся пасяліцца ў Сагоры, таму засяліўся ў пячоры, сам і абедзве яго дачкі з ім.
31 Сказала ж старэйшая да малодшай: “Бацька наш стары і нікога няма на зямлі, хто ўвойдзе да нас, як гэта прынята паўсюль.
32 Хадзем, і напоім бацьку віном, і ўзляжам з ім, і ўзновім нашчадкаў ад бацькі нашага”.
33 І напаілі бацьку свайго віном тае ночы, і, увайшоўшы, старэйшая лягла з бацькам сваім, і не ведаў ён таго, і зацяжарала.
34 А на другі дзень сказала старэйшая малодшай: “Вось, узлягла я ўчора з бацькам маім, дык напоім яго віном і гэтае ночы, і, увайшоўшы, узляж з ім, і ўзновім ад бацькі нашага нашчадкаў”.
35 Напаілі і той ноччу бацьку віном, і, увайшоўшы, малодшая ўзлягла з бацькам сваім, і не ведаў ён таго, і зацяжарала.
36 І панеслі абедзве дачкі Лота ад бацькі свайго.
37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала яго Маа́б,6 кажучы: ад бацькі майго. Ён бацька маа́бітаў ажно да сёння.
38 Нарадзіла ж і малодшая сына, і назвала яго Ама́н,7 сын роду майго. Ён бацька аманіця́наў ажно да сёння.
Каментары ці зноскі:
1 1: Пар. 16:7.
1 2: У брамах звычайна сядзелі саноўнікі, таксама дзеля здзяйснення судоў там збіраліся старэйшыны паселішча.
8 3: У старажытных людзей гасціннасць складала асноўны этычны імператыў, настолькі моцны, што Лот вырашае ратаваць гасцей коштам сваіх дачок.
20 4: Лот просіць Бога ўратаваць сваё жыццё, але таксама і паселішча, дзе мог бы схавацца, пераконвае Бога, што ў параўнанні з Садомам і Гаморай яно малое і нязначнае.
22 5: Гбр. צֹעַר — літ. “малое паселішча”, адно з пяці местаў Садомскага пентопаля, сярод які былі Садом, Гамора, Адама́ і Себаі́м.
37 6: Гбр. מוֹאָב — літ. “той, які паходзіць ад майго айца”, родапачынальнік маабі́таў, семіцкага племені, якое пасялілася на ўсходнім беразе Мёртвага мора.
38 7: Гбр. עַמּוֹן — літ. “сын роду майго”, родапачынальнік аманіця́наў, семіцкага племені, якое пасялілася на ўсходнім беразе Ярдана.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016