1 Звярнуўся ж Бог да Яку́ба: “Устань, пайдзі ў ваколіцы Бетэ́ля,1 і жыві там, і збудуй там ахвярнік Богу, які з’явіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эса́ва, брата твайго”.
2 Паведаміў жа Яку́б дамоўнікам сваім і ўсім, хто ў яго: “Пазбірайце бажышчаў чужых, што пасярод вас, і ачысціцеся, і пераапраніце шаты вашыя,
3 і, устаўшы, увойдзем у Бетэ́ль, і збудуем там ахвярнік Богу, які пачуў мяне ў дзень прыгнёту, які быў са мною і захаваў мяне на дарозе, якою ішоў”.
4 І аддалі Яку́бу бажышчаў чужых, што мелі на руках сваіх, і кольчыкі,2 што ў вушах іх, і пахаваў тое Яку́б пад тэрэ́бінтам у Сікі́мах, і затаіў іх ажно да сёння.
5 І выйшаў Ізраэ́ль з Сікі́маў, і апанаваў страх Божы месты навакольныя, і не гналі сыноў Ізраэ́левых.
6 Прыйшоў жа Яку́б у Луз, што ў зямлі Ханаа́нскай, які таксама Бетэ́ль, ён і ўвесь люд яго.
7 І збудаваў там ахвярнік, і назваў мясціну тую Бетэ́ль, бо з’явіўся там яму Бог, калі ўцякаў ад аблічча Эса́ва, брата свайго.
8 Памерла ж Дэбора, гадавальніца Рэбе́кі, ніжэй ад Бетэ́ля пад дубам,3 і назваў Яку́б яго дубам плачу.
9 І з’явіўся Бог Яку́бу яшчэ ў Лу́зе, калі вярнуўся з Месапата́міі, што ў Сі́рыі, і дабрасловіў яго Бог.
10 І сказаў яму Бог: “Імя тваё Яку́б. Ды не будзеш болей называцца Яку́бам, але Ізраэ́ль4 будзе імя тваё”.
11 І дадаў Бог: “Я Бог твой. Плодзься і множся. Народы і зборы народаў выйдуць ад цябе, і валадары са сцягна твайго народзяцца.
12 І зямлю, што даў Абрага́му і Ісаа́ку, Я даю табе. Будзе табе, і нашчадкам тваім дам зямлю гэтую пасля цябе”.
13 Адышоў жа Бог ад яго з таго месца, дзе гаварыў з ім.
14 І паставіў Яку́б стоўп на месцы, дзе Ён гаварыў з ім, стоўп каменны, і намасціў яго акрапленнем, і выліў на яго алей.
15 І назваў Яку́б мясціну тую, дзе гаварыў з ім Бог, Бетэ́ль.
16 Выправадзіўся ж Яку́б з Бетэ́ля, і ўзвёў намёт свой на другім боку ад вежы Га́дэр.5 Было ж, калі падыходзіў да Хабра́ты, набліжаючыся да зямлі Эфра́ты,6 нарадзіла Рахэ́ль, пакутуючы нясцерпна ад родаў.
17 У той час, калі яна цяжка нараджала, сказала ёй спавітуха: “Мацуйся, бо зноў маеш сына”.
18 Надарылася ж, калі пакідала яе душа, бо памірала, дала [Рахэ́ль] яму імя Сын болю майго,7 бацька ж назваў яго Беніямі́н.
19 Памерла ж Рахэ́ль і была пахаваная па дарозе ў Эфра́ту, гэта значыць у Бэтле́ем.
20 І паставіў Яку́б стоўп на яе магільні. Гэта стоўп Рахэ́лі ажно да сёння.
21 8
22 Было ж, калі пасяліўся Ізраэ́ль у зямлі той, пайшоў Рубэ́н і ўзлёг з Ба́лай, узложніцай бацькі свайго. І даведаўся Ізраэ́ль, і выкрылася ліха перад абліччам яго.
Было ж у Яку́ба дванаццаць сыноў.
23 Сыны Лі́і: першынец Яку́ба Рубэ́н, Сімяон, Ле́вій, Ю́да, Ісаха́р, Забулон.
24 Сыны ж Рахэ́лі: Язэп і Беніямі́н.
25 Сыны ж Ба́лы, служанкі Рахэ́лі: Дан і Няфта́лій.
26 Сыны ж Зяфы́, служанкі Лі́і: Гад і Асэ́р. Гэта сыны Яку́ба, што нарадзіліся яму ў Месапата́міі сіры́йскай.
27 Пайшоў жа Яку́б да Ісаа́ка, бацькі свайго, у Ма́мра, у места на роўнядзі, гэта значыць Хеброн, у Ханаа́нскай зямлі, дзе жылі Абрага́м і Ісаа́к.
28 Было ж дзён Ісаа́ка, якія пражыў, сто восемдзесят гадоў,
29 і адышоў, памёр і быў далучаны да роду стары і натолены днямі, і пахавалі яго Эса́ў і Яку́б, яго сыны.

Каментары ці зноскі:

1 1: Адно з галоўных местаў старажытнага Ізраэ́ля (17 км на поўнач ад Ерузале́ма), назву места даў Яку́б (да гэтага называлася Луз), якому з’явіўся ў ім Бог (гл. 28:12).
4 2: Маюцца на ўвазе кольчыкі-абярэгі, звязаныя з паганскім культам і забабонамі.
8 3: Від дубу, які ў іншых месцах Септуагінты акрэслены як тэрэ́бінт (τερέβινθος) — невысокае дрэва (да 5 м), сустракаецца па ўсім міжземнаморскім рэгіёне.
10 4: Гл. 32:29.
16 5: Гбр. מִגְדַּל־עֵ֫דֶר вартавая вежа, знаходзілася непадалёк ад Бэтле́ема.
16 6: Тое, што і Бэтле́ем (гл. 35:19), аднак некаторыя каментатары прытрымліваюцца думкі, што гэта іншы места на поўнач ад Ерусалі́ма.
18 7: У гбр. Бібліі пазначана назва Бэнані́, гбр. בֶּן־אוֹנִי.
21 8: Гэты верш у Септуагінце адсутнічае.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 35 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016