1 Стаўся ж голад на зямлі, за голадам, што быў у часе Абрага́ма.1 І пайшоў Ісаа́к да Абіме́леха, валадара філістыімля́наў,2 у Ге́рару.
2 З’явіўся ж яму Госпад і прамовіў: “Не сыходзь у Егі́пет, пасяліся ж у зямлі, якую табе ўкажу.
3 І жыві ў зямлі гэтай, і буду з табою, і дабраслоўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім дам усю зямлю гэтую, і ўсталюю запавет Мой, якім прысягнуў Абрага́му, бацьку твайму.
4 І памножу нашчадкаў тваіх бы зоркі нябёсныя, і дам нашчадкам тваім усю зямлю гэтую, і дабрасловяцца ў нашчадках тваіх усе народы зямныя,
5 аджа паслухаўся Абрага́м, бацька твой, Майго голасу, і захаваў наказы Мае, і запаведзі Мае, і пастановы Мае, і законы Мае”.
6 І пасяліўся Ісаа́к у Ге́рары.
7 Спыталіся ж жыхары паселішча гэтага пра Рэбе́ку, жонку яго, і сказаў: “Сястра гэта мая”. Баяўся сказаць, жонка гэта мая, каб не забілі яго мужы паселішча гэтага праз Рэбе́ку, бо была выглядам прывабная.
8 Пражыў жа там доўгі час. Зірнуўшы, Абіме́лек, валадар Ге́рары, праз акно ўбачыў Ісаа́ка, які мілаваўся з Рэбе́каю, жонкаю сваёю3
9 Паклікаў жа Абіме́лех Ісаа́ка і сказаў яму: “Аднак жа яна твая жонка, навошта ты сказаў, што яна твая сястра?” Адказаў яму Ісаа́к: “Так сказаў, каб не памерці праз яе”.
10 Сказаў жа яму Абіме́лех: “Што гэта ты нам учыніў? Амаль не ўзлёг хтосьці з роду майго з жонкаю тваёю, і праз гэта ўвёў бы нас у няведанне”.
11 Загадаў жа Абіме́лех усяму народу яго, прамаўляючы: “Кожны, хто датыкнецца чалавека гэтага альбо жонкі яго, падлеглы будзе смерці”.
12 Засеяў жа Ісаа́к зямлю тую, і атрымаў у той год устакроць ураджай ячменю, бо дабрасловіў яго Госпад.
13 І ўзнёсся чалавек, і рабіўся ўсё мацнейшым, пакуль не стаўся вельмі заможным.
14 Былі ж у яго чароды авечак, і статкі валоў, і мноства пашаў. Зайздросцілі ж яму філістыімля́не.
15 І ўсе калодзежы, што выкапалі слугі бацькі яго, у часе бацькі яго, пазагароджвалі філістыімля́не і пазасыпалі зямлёю.
16 Прамовіў жа Абіме́лех да Ісаа́ка: “Сыдзі ад нас, бо стаўся мацнейшы ты за нас”.
17 І сышоў адтуль Ісаа́к, і спыніўся ў цясніне Ге́рарскай, і там пасяліўся.
18 І другі раз Ісаа́к выкапаў калодзежы вады, якія былі выкапаныя слугамі Абрага́ма, бацькі яго, а загарадзілі іх філістыімля́не пасля смерці Абрага́ма, бацькі яго, і назваў іх імёны паводле імёнаў, што назваў Абрага́м, бацька яго.
19 І капалі слугі Ісаа́ка ў цясніне Ге́рарскай, і знайшлі там калодзеж вады жывой.
20 І спрачаліся пастухі Ге́рарскія з пастухамі Ісаа́кавымі, сцвярджаючы, што іх вада. І назваў калодзеж-Крывасць,4 бо спрачаліся за яго.
21 Выправадзіўся Ісаа́к адтуль, выкапаў іншы калодзеж, судзіўся ж і за яго, і назваў яго Варожасць.5
22 Выправадзіўшыся ж адтуль, выкапаў іншы калодзеж, і не ва́дзіліся за яго, і назваў яго Прасцяг,6 кажучы: “Цяпер пашырыў Госпад нас, і павялічыў нас на зямлі”.
23 Выйшаў жа адтуль да калодзежа Зароку.
24 І з’явіўся яму Госпад у тую ноч, і сказаў: “Я ёсць Бог Абрага́ма, бацькі твайго. Не бойся, бо з табою перабываю, і дабраслоўлю цябе, і памножу нашчадкаў тваіх дзеля Абрага́ма, бацькі твайго”.
25 І збудаваў там ахвярнік, і заклікаў імя Госпада,7 і ўзвёў там намёт свой. Выкапалі ж там слугі Ісаа́ка калодзеж.
26 І Абіме́лех прыйшоў да яго з Ге́рары, і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска.8
27 І сказаў ім Ісаа́к: “Чаму прыйшлі да мяне? Вы ж зненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе”.
28 Адказалі: “Спаглянуўшы, убачылі, што Госпад з табою. І мы казалі: няхай будзе згода паміж намі і паміж табою, і ўсталюем з табою запавет.
29 Не зробіш нам ліха, бо мы табою не пагарджалі і абышліся з табою годна, і выправадзілі ў супакоі, і цяпер ты дабраслоўлены Госпадам”.
30 І зладзіў ім гасціну, і з’елі, і выпілі.
31 І ўстаўшы на досвітку, прысягнулі адзін адному, і выправіў іх Ісаа́к, і сышлі ад яго ў бяспецы.
32 Надарылася ж у той дзень, слугі Ісаа́ка, якія прыйшлі, паведамілі яму пра калодзеж, які выкапалі, і сказалі: ці ж мы знайшлі ваду?9
33 І назваў яго Зарок. Праз гэта імя места Калодзеж Зароку аж да сёння.
34 Быў жа Эса́ў сарака гадоў, і ўзяў за жонку Юды́ну, дачку Беэ́ра хетэ́я, і Басяма́ту, дачку Яло́на эве́я.
35 І былі яны не прыхільнымі да Ісаа́ка і Рэбе́кі.

Каментары ці зноскі:

1 1: Гл. 12:10.
1 2: Гл. спасылку да 21:32.
8 3: Падобная сітуацыя ўзнікае ў 12:10−20 і 20:1−14.
20 4: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва калодзежа — Э́сэк, гбр. עֵ֫שֶׂק.
21 5: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва калодзежа — Сітна́, гбр. שִׂטְנָה.
22 6: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва калодзежа — Рэгабо́т, гбр. רְחֹבוֹת.
25 7: “Заклікаць імя Госпада” — часта выкарыстоўваецца ў Септуагінце на акрэсленне малітвы і ўшанаванне Бога. “Імя” ў семіцкай сімволіцы азначала асобу яго носьбіта.
26 8: Пар. 21:22.
32 9: У Септуагінце выступае выкарыстана спрэчная сітуацыя: з аднаго боку цверджанне ў форме пытання, якое можна зразумець, што вада не знойдзена, з другога боку наданне імя калодзежа, які ўжо існаваў раней (гл. 21:30−31). Даследчыкі Бібліі звяртаюць на гэты фрагмент увагу, але яе тлумачэнні адсутнічаюць.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016