1 Выйшаў Абра́м з Егі́пта, сам, і жонка яго, і ўсе ягоныя, і Лот разам з імі ў пустэльню.
2 Абра́м жа быў вельмі багаты на свойскую жывёлу, і срэбра, і золата.
3 І вярнуўся, адкуль прыйшоў, у пустэльню да Бетэ́ля, паселішча, дзе перш быў намёт яго, паміж Бетэ́лем і Анга́ем,
4 да месца ахвярніка, туды, дзе перш яго зрабіў, і заклікаў Абра́м імя Госпада.
5 І Лот, што падарожнічаў разам з Абра́мам, меў сваіх авечак, і валоў, і намёты.
6 І не змяшчала іх тая зямля, каб пасяліліся поруч, бо была маёмасць іх вялікая, і не маглі пасяліцца разам.
7 І адбываліся спрэчкі паміж пастухамі Абра́ма і паміж пастухамі Лота. Ханане́і ж і феразе́і таксама жылі на той зямлі.
8 Сказаў жа Абра́м Лоту: “Няхай не будзе больш спрэчак паміж мною і табою, і паміж пастухамі тваімі і маімі, бо мы — браты.
9 Вось, ці не ўся зямля перад абліччам тваім? Аддзяліся ад мяне. Калі ты налева — я направа, калі ж ты направа — я налева”.
10 І падняўшы вочы, паглядзеў Лот на ўсё наваколле Ярда́ну, што спрэс было аваложанае, як Божы Рай, да таго, як зрынуў Бог Садом і Гамору, і як зямля егі́пецкая да прыходу ў Загору.
11 І абраў сабе Лот усё наваколле Ярда́ну, і выправадзіўся Лот на ўсход, і аддзяліўся кожны ад свайго брата.1
12 Абра́м пасяліўся ў зямлі Ханаа́н, Лот жа асталяваўся ў ваколіцах непадалёк і пасяліўся ў Садоме.
13 Людзі ж у Садоме былі вельмі сапсаванымі і грэшнымі перад абліччам Бога.
14 Бог жа сказаў Абра́му пасля таго, як аддзяліўся ад яго Лот: “Узнімі свае вочы, спаглянь з месца, дзе цяпер стаіш, зірні на поўнач і паўднёвы захад, на ўсход і на мора.
15 Бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, дам табе і твайму семю навекі.
16 Учыню тваіх нашчадкаў як пясчынак на зямлі. Калі хтосьці зможа пералічыць пясчынкі на зямлі, то і нашчадкаў злічыць тваіх.
17 Узніміся і прайдзі зямлю гэтую ўздоўжкі і ўшыркі, бо даю яе табе”.
18 І, пасунуўшыся,2 Абра́м, пайшоў, і пасяліўся ля дуба Ма́мбры,3 які жыў у Хеброне.4 Збудаваў там ахвярнік Госпаду.
Каментары ці зноскі:
11 1: Грэц. ἀδελφός у Септуагінце літ. акрэслена як “брат”, але таксама можа азначаць сваяка, адназемца, аднаверца, сябра, блізкага супрацоўніка.
18 2: Літ. ἀποσϰηνώσας — перасунуць намёт з былога месца.
18 3: Септуагінта падае не назву дуба, але імя ўласнае яго ўладальніка.
18 4: Места на захадзе Мёртвага мора, у пазнейшыя часы — першая сталіца валадара Давіда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016