1 І ўзгадаў Бог Ноя, і ўсіх звяроў, і ўсю свойскую жывёлу, і ўсіх птушак, і ўсіх гадаў, якія толькі былі разам з ім у корабе, і навёў Бог вецер на зямлю, і сцішылася вада.
2 І запячаталіся бяздонныя струмені і жаролы нябёсныя, і сунялася залева з неба.
3 І адступіла вада, сыходзячы з зямлі. Адступіла і спала вада пасля ста пяцідзесяці дзён.
4 І сеў кораб у сёмы месяц, дваццаць сёмага дня месяца, на горы Арара́цкія.1
5 Вада ж, сцякаючы, спадала да дзявятага месяца. У адзінаццаты ж месяц, першага дня месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.
6 І было: пасля сарака дзён расчыніў Ной акенца кораба, якое зрабіў,
7 і выпусціў крумкача, каб зірнуў, ці сцішылася вада. І адляцеўшы, той не вярнуўся да таго часу, пакуль не сышла вада на зямлі.
8 І паслаў пасля яго галубку, каб зірнула, ці зменшылася вада на паверхні зямлі.
9 І галубка, не знайшоўшы спачынку для ног сваіх, вярнулася ў кораб, бо вада была на ўсёй паверхні зямлі. І, працягнуўшы руку сваю, узяў яе, і ўнёс яе да сябе ў кораб.
10 І пачакаўшы яшчэ другія сем дзён, ізноў паслаў галубку з кораба.
11 І вярнулася да яго галубка ўвечары, і мела ў дзюбе галінку аліўкавую з лісцем. І спазнаў Ной, што спала вада на зямлі.
12 І, пачакаўшы яшчэ сем дзён, ізноў выпусціў галубку, і тая ўжо не вярталася да яго.
13 І надарылася ў шасцісот першым годзе жыцця Ноя, першага месяца, першага дня гэтага месяца, знікла вада на зямлі. І расчыніў Ной дах кораба, які зрабіў, і ўбачыў, што адступіла вада з паверхні зямлі.
14 У другі ж месяц, дваццаць сёмага дня гэтага месяца, высахла зямля.
15 І сказаў Госпад Бог Ною, прамаўляючы:
16 “Выйдзі з кораба, ты, і жонка твая, і сыны твае, і жонкі тваіх сыноў з табою,
17 усіх звяроў, якія з табою, і кожную істоту ад птушак да свойскай жывёлы, і кожнага гада, што поўзае па зямлі, выведзі з сабою. І няхай плодзяцца і множацца па зямлі”.
18 І выйшаў Ной, і яго жонка, і сыны яго, і іх жонкі з ім.
19 І ўсе звяры, і ўся свойская жывёла, і кожная птушка, і кожны гад, што поўзае па зямлі, паводле роду свайго, выйшлі з кораба.
20 Збудаваў Ной ахвярнік Богу, і ўзяў ад кожнай свойскай жывёлы чыстай, і ад усіх птушак чыстых, і склаў ахвяру цэласпалення на ахвярніку.
21 Калі пачуў Госпад Бог духмяны пах, разважыўшы, прамовіў Госпад Бог: “Не буду больш праклінаць зямлю з-за дзеяў чалавека. Ужо ад самай маладосці думка чалавечая мае схільнасць да зла. Не буду больш уражаць кожнае жывое цялеснае стварэнне, як учыніў.
22 Ва ўсе дні зямныя не праміне сяўба і жніво, холад і спёка, лета і вясна, дзень і ноч”.
Каментары ці зноскі:
4 1: Самы высокі вулканічны масіў Армянскага нагор’я на ўсходзе Турцыі. Складаецца з дзвюх злітых асноваў конусаў патухлых вулканаў: Вялікага Арара́та і Малога Арара́та. Вяршыня Вялікага Арара́та складае 5165 метраў над узроўнем мора.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
