1 Ла́бан, узняўшыся на дасвецці, пацалаваў сыноў сваіх і дачок сваіх і дабрасловіў іх. І адышоў Ла́бан, і вярнуўся ў край свой.
2 І Яку́б рушыў шляхам сваім. Прыгледзеўшыся, убачыў абоз Бога няўстрымны,1 і сустрэліся яму анёлы Божыя.
3 Сказаў Яку́б, угледзеўшы іх: “Гэта абоз Бога”. І даў імя месцу таму Абозы.2
4 Выправіў жа Яку́б паслоў наперад сябе да Эса́ва, брата свайго, у зямлю Сэі́р,3 у краіну Эдо́м.
5 І загадаў ім, кажучы: “Так паведамце гаспадару майму Эса́ву: гэта кажа слуга твой Яку́б — у Ла́бана я жыў ажно да сёння,
6 і прыдбаў я там валоў, і аслоў, і авечак, і рабоў, і прыслужніцаў, дык выправіў апавясціць гаспадару майму Эса́ву, каб знайшоў слуга яго ласку тваю”.
7 І павярнуліся паслы да Яку́ба, кажучы: “Мы наведалі брата твайго Эса́ва, вось ён набліжаецца, каб сустрэцца з табою, і чатырыста мужоў разам з ім”.
8 Спалохаўся Яку́б і вельмі занепакоіўся. І падзяліў народ, што быў з ім, і валоў, і авечак на два караваны.
9 І сказаў Яку́б: “Як напаткае Эса́ў першы караван і пасячэ яго, то другі караван ацалее”.
10 Маліўся ж Яку́б: “Божа бацькі майго Абрага́ма і Божа бацькі майго Ісаа́ка, Госпадзе, які запаведаў мне: вярніся ў зямлю роду твайго, і буду спрыяць табе.
11 Уганараваў мяне ўсёй справядлівасцю і ўсёй праўдай, што надаў слугу Твайму. З адным кіем сваім я перайшоў Ярда́н, а цяперака пабагацеў да двух караванаў.
12 Выбаў мяне ад рукі Эса́ва, брата майго, бо жахаюся, каб жа, прыйшоўшы, не працяў мяне і мацярок з дзецьмі.
13 Ты ж прыракаўся: добра і належна ўчыню табе і памножу нашчадкаў тваіх, бы пясок ля мора, што не злічыць праз мноства”.
14 І спаў там тае ночы. І ўзяў з таго, што меў, прынашэнні, і адаслаў Эса́ву, брату свайму:
15 дзвесце козаў, дваццаць казлоў, дзвесце авечак, дваццаць бараноў,
16 трыццаць вярблюдзіцаў дойных і вывадак іх, сорак валоў, дваццаць аслоў і дзесяць жарабятаў.
17 І перадаў у рукі слугам сваім па адной чарадзе. Сказаў жа слугам сваім: “Пойдзеце наперад мяне ў прамежку між чарадой і чарадою”.
18 І наказаў першаму, кажучы: «Калі ты натрапіш на Эса́ва, брата майго, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый будзеш і куды кіруеш, і чыё гэта, што наперадзе цябе?” —
19 адкажаш: “Слугі твайго Яку́ба, прынашэнні паслаў гаспадару майму Эса́ву, дык вось, ён за намі”».
20 І загадаў першаму, і другому, і трэцяму, і ўсім, хто ішоў уперадзе чародаў гэтых, кажучы: «Аднолькава слова гэтае кажэце Эса́ву, калі напаткаецца ён вам,
21 і дадасцё: “Вось слуга твой Яку́б падыходзіць ззаду нас з намерам: улагоджу яго прынашэннямі першакоў ад мяне, і пасля гэтага ўбачу яго, дык, абач, прыме мяне з зычлівасцю”».
22 І папярэднічалі яму прынашэнні, ён жа ў тую ноч спаў у абозе.
23 Абудзіўшыся ж тае начы, узяў дзвюх жонак, і дзвюх прыслужніцаў, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў брод Ябока.4
24 Склаўшыся, перайшоў плынь і пераправіў усё майно сваё.
25 Калі ж застаўся Яку́б сам-насам, то незнаёмца нейкі дужаўся з ім да раніцы.
26 Бачачы ж, што не можа адолець [Яку́ба], датыкнуўся да шырокай цягліцы сцягна яго, і задранцвела шырокая цягліца сцягна Яку́ба падчас змагання іхняга.
27 Звярнуўся да [Яку́ба]: “Адпусці мяне, бо ўзышла зараніца”. Адказаў жа: “Не, не адпушчу цябе, калі не дабрасловіш мяне”.
28 Спытаўся ў яго: “Як імя тваё?” Азваўся: “Яку́б”.
29 Сказаў яму: “Не будзеш называцца ўжо Яку́б, але Ізраэ́ль5 будзе імя тваё, калі дужаўся ты з Богам, і з людзьмі будзеш моцным”.
30 Звярнуўся ж Яку́б з просьбай: “Адкрый мне імя Тваё”. Адказаў: “Навошта пытаешся імя Маё?” І дабрасловіў там яго.
31 І назваў Яку́б мясцовасць тую Аблічча Бога:6 “Хоць убачыў Бога твар у твар, аднак ацалела мая душа”.7
32 І ўзышло сонца, калі сыходзіў з Аблічча Бога, прыкульгваючы праз сцягно сваё.
33 Праз тое не спажываюць сыны Ізраэ́ля шчапы,8 што ў шырокай цягліцы сцягна, ажно да гэтага дня, бо здранцвела, бо датыкнуўся [Бог] шырокай цягліцы сцягна Яку́ба — і анямела.
Каментары ці зноскі:
2 1: “Убачыў абоз Бога няўстрымны” — выраз адсутнічае ў гбр. Бібліі, магчыма, маецца на ўвазе намёт.
3 2: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва Магана́ім, гбр. מַחֲנָ֫יִם.
4 3: Горы і краіна Сэі́р знаходзіліся на поўдні Палестыны паміж Чырвоным і Мёртвым морамі на паўднёва-ўсходняй ускраіне Маа́бу.
23 4: Левы прыток Ярда́на паміж Галілейскім і Мёртвым морамі, гбр. יַבֹּק.
29 5: З кантэксту вынікае, што значэнне імя Ізраэ́ль, якім потым будуць называцца ўсе пакаленні Яку́ба, — “той, хто змагаўся з Богам”.
31 6: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва Пэнуэ́ль, гбр. פְּנוּאֵל.
31 7: Лічылася, што спазіраючы на Бога “твар у твар”, чалавек адразу паміраў.
33 8: Мед. “сухажылле”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 32 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016