1 Пасяліўся ж Яку́б у абшарах, дзе жыў бацька яго, у зямлі Ханаа́н.1
2 Гэта ж пачаткі Яку́ба. Сямнаццацігадовы Язэп пасвіў з братамі сваімі авечак, быў самым меншым спасярод сыноў Ба́лы і спасярод сыноў Зе́лфы, жонак бацькавых. І данёс Язэп звычкі іх благія Ізраэ́лю, бацьку іх.
3 Яку́б жа любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо быў ён дзіцем старасці яго. Зрабіў жа яму апратку стракатую.2
4 Пабачыўшы ж, што з усіх сыноў сваіх палюбіў яго бацька іх, зненавідзелі [Язэ́па] і не маглі з ім стасункаваць мірна.
5 Аднойчы Язэ́п убачыў сон, і пераказаў яго братам сваім,
6 і апавядаў ім: “Паслухайце сон гэты, што я ўбачыў.
7 Вось, мы вязалі снапы на сярэдзіне поля, і ўзняўся мой сноп, і быў узвышаны, павярнуўшыся ж, снапы вашыя пакланіліся майму снапу”.
8 Сказалі яму браты: “Дык валадарачы, будзеш распараджацца намі альбо, пануючы, будзеш кіраваць намі”. І сталі яшчэ больш ненавідзець яго з-за сну яго і з-за словаў яго.
9 Убачыў жа іншы сон, і апавёў яго бацьку свайму і братам сваім, і казаў: “Вось бачыў сон іншы, як сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак пакланіліся мне”.
10 І дакараў яго бацька, і казаў: “Што ж гэта за сон такі, што прысніў ты? Няўжо ж, вырушыўшы, прыйдзем я, і маці твая, і браты твае, пакланіцца табе да зямлі?”
11 Зазлавалі ж яго браты на яго, бацька ж яго запомніў моўленае.
12 Пайшлі ж браты яго пасвіць авечак бацькі свайго ў Сіхе́м.
13 І спытаўся Ізраэ́ль у Язэ́па: “Ці ж не браты твае пасвяць у Сіхе́ме?3 Падыдзі, выпраўлю цябе да іх”. Адказаў той: “Вось я”.
14 Сказаў жа яму Ізраэ́ль: “Калі пойдзеш, то паглядзі, ці здаровыя браты твае і авечкі, і паведам мне”. І выправіў яго з даліны Хеброн, і ён прыйшоў у Сіхе́м.
15 І знайшоў яго чалавек, які блукаў па даліне. Спытаўся яго чалавек: “Чаго шукаеш?”
16 Ён жа азваўся: “Братоў маіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасвяць?”
17 Сказаў жа яму чалавек: “Выправадзіліся адсюль, бо я чуў, як казалі: пойдзем у Датаі́м”. І пайшоў Язэ́п услед за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датаі́ме.
18 Убачыўшы яго здалёк, перш чым наблізіўся да іх, азлобіліся, жадаючы забіць яго,
19 і казалі браты адзін адному: “Вось, сненнік той ідзе”.
20 Дык цяперака хадземце, заб’ем яго, і скінем яго ў адну з капаніцаў, і скажам — звер люты паглынуў яго, і пабачым, чаго вартыя ягоныя сны”.
21 Пачуўшы ж, Рубэ́н выхапіў яго з рук іхніх і сказаў: “Не ўразім яго душы!”
22 І прамовіў да іх Рубэ́н: “Няхай жа не пральецца кроў! Укіньце яго ў капаніцу гэтую, што ў пустэльні. Рукі ж не ўзносце на яго!” Спрабаваў вырваць яго з рук іхніх і вярнуць яго бацьку ягонаму.
23 Было ж, калі прыйшоў Язэ́п да братоў сваіх, тыя знялі з Язэ́па апратку стракатую, што на ім,
24 і схапіўшы яго, кінулі ў капаніцу. Капаніца ж была пустая, не мела вады.
25 Селі ж яны з’есці хлеб і, падняўшы вочы, убачылі: ажно вось, караван ісмаэліця́наў4 кіруе з Галаа́да, а вярблюдзіцы іх напоўненыя тымія́май,5 і рэты́най,6 і ста́ктай,7 везлі ж гэта ў Егі́пет.
26 Прамовіў жа Ю́да да братоў сваіх: “Якая нам з таго карысць, калі заб’ем брата нашага і схаваем кроў яго?”
27 Хадземце, прадамо яго ісмаэліця́нам гэтым, дык рукі нашыя не будуць на ім, брат жа наш і цела нашае”. Паслухалі ж яго браты.
28 І ішлі людзі мадыяне́і8 гандляры, і выцягнулі [браты] Язэ́па з капаніцы, і прадалі Язэ́па ісмаэліця́нам за дваццаць залатых, і павялі Язэ́па ў Егі́пет.
29 Вярнуўся ж Рубэ́н да капаніцы, і не знайшоў Язэ́па ў капаніцы, і разарваў вопратку сваю.9
30 І вярнуўся да братоў сваіх, і ўсклікнуў: “Няма хлопца! Дзе ж мне шукаць яшчэ яго?”
31 Узяўшы ж апратку Язэ́па, закалолі ад козаў казляня і заплямілі апратку крывёю.
32 І забралі апратку стракатую, і прынеслі бацьку свайму, і сказалі: “Ці пазнаеш, апратка гэтая сына твайго альбо не”.
33 І пазнаў яе, і сказаў: “Апратка сына майго гэта, звер люты паглынуў яго, звер схапіў Язэ́па”.
34 Разарваў жа Яку́б вопратку сваю, і ахінуў рыззём сцёгны свае, і аплакваў сына свайго мноства дзён.
35 Сабраліся ж усе сыны яго і дочкі і прыйшлі суцяшаць яго, і не хацеў суцешыцца, і казаў, сыду да сына майго ў апраметную.10 Так аплакваў яго бацька яго.
36 Мадыяне́і ж прадалі Язэ́па ў Егі́пет Петэфрэ́су, еўнуху фараона, галоўнаму кухару.11
Каментары ці зноскі:
1 1: Землі на захад ад паўночна-заходняй лукавіны Эўфра́та і ад Ярда́на да берага Міжземнага мора; менавіта гэтыя землі Бог абяцаў аддаць у спадчыну нашчадкам Абрага́ма; былі заселены плямёнамі, нашчадкамі Ханаа́на, сына Ха́ма (гл. 9:18), з агульнай назвай “ханане́і” (пар. Нав. 3:10).
3 2: Септуагінта ўжыла тут грэцкую назву “хітон”, грэц. χιτών, яго насілі непасрэдна на голым целе; пад прыметнікам “стракаты”, грэц. ποικίλος, маецца на ўвазе вопратка з вышыванкамі, якая ў тыя часы асаблівым попытам карысталася ў Бабілоне.
13 3: Рытарычнае пытанне ў семіцкай культуры можа азначаць таксама сцвярджэнне.
25 4: Нашчадкі Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма і Ага́р, да якіх залічваюць сябе сучасныя арабы.
25 5: Тэмія́ма, грэц. θυμίαμα (гбр. נְכאת, літ. “духмяная жывіца”), — агульная назва, духмянай жывіцы, якая здабываецца са стыраксавых дрэваў.
25 6: Рэты́на, грэц. ῥητίνη (гбр. צְרִי, літ. “духмяны бальзам”), — агульная назва алейных, смалістых рэчываў, якія самастойна выдзяляюцца з некаторыя дрэваў і кустоў альбо здабываюцца ў выніку механічных надрэзаў кары.
25 7: Ста́кта, грэц. στακτή (гбр. לֹט літ. “духмяная смолка”), — агульная назва духмянага ліпучага соку, які самастойна сочыцца (капае) з масціхавых (фісташкавых) дрэваў і павольна цвярдзее.
28 8: Ісмаэліця́не названыя тут мадыяне́ямі, хутчэй за ўсё, менавіта гэтая група людзей сялілася ў землях Мадыя́ма на Сінайскім паўвостраве, разлеглых на паўночным захадзе Ара́біі ад Маа́ба на поўначы да Чырвонага мора на поўдні.
29 9: Верагодна, Рубэ́н адсутнічаў падчас продажу Язэ́па яго братамі.
35 10: Грэц. ᾅδης — падземнае месца знаходжання душаў памерлых (грэшнікаў), выкарыстана ў Септуагінце (таксама і ў НЗ) у значанні шэо́лу, гбр. שְׁאוֹל — “месца знаходжання ўсіх памерлых незалежна ад іх ладу жыцця на зямлі”, мае ў гебрайскай мове больш шырокае значэнне: “месца прабывання памерлых, магільня, смерць (фізічная ці духоўная)”.
36 11: Грэц. ἀρχιμάγειρος (ад αρχός “галоўны” і μάγειρος “кухар”) у большасці перакладаў падаецца як “кіраўнік варты фараона”, “кіраўнік целаахоўнікаў фараона” альбо “царадворац фараона”, “урадовец фараона”, што адпавядае значэнню гбр. слова. שָׂר якое таксама мае сярод іншых значэнне “кухар”, тут і далей перакладацца будзе ўсё ж згодна з грэцкім значэннем гэтага слова, зафіксаванага ў Септуагінце, — “галоўны кухар”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 37 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016