1 Было ж, як мінулі дні двух гадоў, убачыў фараон сон: нібы стаіць ля Ракі,1
2 і вось, з Ракі выйшлі сем валоў, гладкія з выгляду і мажныя тулавам, і пасвіліся ў трыснягу.
3 Іншыя ж сем валоў выйшлі за гэтымі з Ракі, нягеглыя з выгляду і кволыя тулавам, і паелі пажыву ля валоў на беразе Ракі,
4 і паглынулі тых семярых валоў, што гладкія з выгляду і мажныя тулавам. І прачнуўся фараон.
5 І сніў ізноў, і вось, сем каласоў, сакаўныя і зярністыя, падняліся на адной сцябліне.
6 Іншыя ж сем каласоў, парожнія і вылушчаныя ветрам, выраслі за імі.
7 І сем каласоў парожніх і марных высмакталі сем каласоў сакаўных і зярністых. І прачнуўся фараон, і такі быў сон.
8 Надышоў жа ранак, і нудзілася душа яго, дык паслаў склікаць усіх празорцаў Егіпта і ўсіх мудрацоў сваіх. І апавёў ім фараон сон, ды не было каму вытлумачыць яго фараону.
9 І звярнуўся найвышэйшы падчашнік да фараона, кажучы: “Грэх мой узгадаў сёння.
10 Фараон зазлаваў на слугаў сваіх і кінуў нас у вязніцу ля дому галоўнага кухара, мяне і галоўнага пекара.
11 І ўбачылі мы сон аднае ночы, я і ён, кожны асобна сон убачыў.
12 Быў жа там з намі юнак, гебра́й галоўнага кухара, і апавялі мы яму, і вытлумачыў нам.
13 Было ж, як вытлумачыў нам, так і надарылася: мяне вярнулі на кіраванне маё, таго ж павесілі”.
14 І паслаў фараон, каб паклікалі Язэ́па, і вывелі яго з крэпасці, і пагалілі яго ды замянілі вопратку яго, і прывялі да фараона.
15 Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Сон я ўбачыў, і няма празорцы ў мяне. Я ж чуў пра цябе ад тых, якія казалі, што ты, пачуўшы сны, вытлумачваеш іх”.
16 Адказваючы ж, Язэ́п прамовіў фараону: “Без Бога не вытлумачыць мне дарэчна фараону”.
17 Апавядаў жа фараон Язэ́пу, кажучы: “У маім сне было, што нібы стаю ля берага Ракі,
18 і з Ракі выйшлі сем валоў, гладкія з выгляду і мажныя тулавам, і пасвіліся ў трыснягу.
19 І вось, іншыя сем валоў выйшлі пасля гэтых з Ракі, нягеглыя з выгляду і кволыя тулавам, былі такія пачварныя, што не бачыў я ва ўсёй зямлі Егі́пта.
20 І паглынулі сямёра нягеглыя і кволыя першых гладкіх і мажных.
21 І ўвайшлі ў чэравы іхнія, і сталіся нябачнымі, калі ўвайшлі ў чэравы іхнія, і з выгляду яны засталіся пачварныя, як на пачатку. Абудзіўшыся ж, я заснуў.
22 І бачыў ізноў у сне маім, што сем каласоў, сакаўныя і зярністыя, падняліся на адной сцябліне.
23 Іншыя ж сем каласоў, парожнія і вылушчаныя ветрам, выраслі пасля іх.
24 І высмакталі сем каласоў парожнія і марныя сем каласоў сакаўных і зярністых. Дык апавёў празорцам, але не было нікога, хто вытлумачыў бы мне”.
25 І сказаў Язэ́п фараону: “Сон фараона явіць фараону тое, што чыніць Бог.
26 Сем валоў гладкіх — гэта сем гадоў, і сем каласоў сакаўных — гэта сем гадоў. Сон фараона ў гэтым.
27 І сем валоў нягеглых, што за імі, — гэта сем гадоў. І сем каласоў парожніх і вылушчаных ветрам явяць сем гадоў голаду.
28 Слова ж, моўленае фараону, явіць фараону, што Бог мае ўчыніць.
29 Вось, сем гадоў дабрабыту вялікага надыходзяць для ўсёй зямлі Егі́пта,
30 надыдзе ж сем гадоў голаду пасля, і звядзецца еміна, і накрые голад зямлю,
31 і не стане дабрабыту на зямлі праз голад, які зведаюць пасля гэтага, бо будзе надзвычай цяжкім.
32 Што да паўтарэння сноў — сведчыць, што праўдзівым ёсць слова ад Бога, і не замарудзіць Бог здзейсніць гэта.
33 Таму цяпер прызнач чалавека кемлівага і спрытнага ды пастаў яго над зямлёй Егі́пта.
34 І няхай парупіцца фараон, і паставіць распараднікаў у краіне, і няхай збіраюць усё народжанае зямлёй Егі́пта за сем гадоў дабрабыту.
35 І няхай збяруць увесь пажытак за сем гадоў надыходных добрых, і будзе сабранае зерне ў руцэ фараона, пажытак у местах стане сабраны.
36 І назапасіцца пажытак на сем гадоў голаду, што мкне ў зямлю Егі́пта, і не згалее зямля ў голадзе”.
37 Задаволіла ж тлумачэнне фараона і ўсіх слугаў яго.
38 І сказаў фараон усім слугам сваім: “Не знайсці нам чалавека іншага, які мае духу Божага ў сабе”.
39 Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Паколькі адкрыў Бог табе ўсё гэта, то не знайсці нам чалавека больш кемлівага і спрытнага за цябе.
40 Ты будзеш над домам маім, на голас твой скарыцца ўвесь народ мой, але пасад мой утрымаю сабе”.
41 Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Вось, стаўлю цябе цяпер над усёй зямлёй Егі́пта”.
42 І, зняўшы з рукі сваёй пярсцёнак,2 фараон надзеў яго на руку Язэ́па, і апрануў на яго шаты батыставыя,3 і ўсклаў аброжак залаты на шыю яго.
43 І пасадзіў яго ў другую калясніцу пасля сябе, і паставіў яго над усёй зямлёй Егі́пта, і абвяшчаў перад ім спавеснік.
44 І сказаў фараон Язэ́пу: “Я фараон, без цябе не ўздыме аніхто рукі сваёй па ўсёй зямлі Егі́пта”.
45 І назваў фараон Язэ́па Псантамфанэ́х,4 і аддаў яму Асенне́т, дачку Петэфрэ́са, святара места Сонца,5 у жонкі.
46 Язэ́пу ж было трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам фараона, цара Егі́пта.
І прайшоў усю зямлю Егі́пта.
І прайшоў усю зямлю Егі́пта.
47 І дала зямля за сем гадоў багатыя ўраджаі,
48 і сабраў ён увесь пажытак за сем гадоў, калі быў дабрабыт у зямлі Егі́пта, і паскладаў у местах, хлеб палеткаў вакол местаў паскладаў у іх.
49 І прыдбаў Язэ́п зерня, бы пяску марскога, надзвычай шмат, што не маглі злічыць праз вялікую колькасць.6
50 У Язэ́па ж нарадзіліся два сыны, перш чым надышлі сем гадоў голаду, якіх дала яму Асенне́т, дачка Петэфрэ́са, святара места Сонца.
51 Назваў жа Язэ́п першынца Мана́сія. “Бо даў мне Бог забыцца на ўсе пакуты мае і на ўсё ад бацькі майго”.
52 Другога ж назваў Эфра́ім. “Бо ўзвялічыў мяне Бог мой у зямлі прыніжэнняў маіх”.
53 Мінулі ж сем гадоў дабрабыту, што былі на зямлі Егі́пта.
54 І надышлі сем гадоў голаду, як казаў Язэ́п. І накрыў голад усю зямлю, аднак ва ўсёй краіне Егі́пта быў хлеб.
55 І загаладала ўся зямля Егі́пта, і залямантаваў народ да фараона аб хлебе. Сказаў жа фараон усім егіпця́нам: “Ідзіце да Язэ́па, і што толькі скажа вам, зрабіце”.
56 І голад стаў па ўсёй зямлі. Расчыніў жа Язэ́п усе сховішчы, і прадаваў усім егіпця́нам.
57 І з усіх краінаў прыходзілі ў Егі́пет купляць да Язэ́па, бо мацнеў голад па ўсёй зямлі.
Каментары ці зноскі:
1 1: “Рака” з вялікай літары ўказвае на Ніл (грэц. Νείλος), гэтыя словы для егіпця́наў былі сінанімічныя.
42 2: Пярсцёнак выкарыстоўваўся як пячатка і быў азнакаю найвышэйшай улады фараона.
42 3: Найтанчэйшая тканіна, белая, радзей залацістая. Склад яе спрэчны, часта яе называюць ільном альбо ніткай, што выдзяляюцца некаторымі відамі малюскаў.
45 4: Значэнне гэтага егіпецкага імя невядомае, існуюць толькі гіпотэзы наконт яго паходжання, адна з якіх тлумачыць яго як “адкрывальнік патаемнага”.
45 5: Места Сонца (грэц. Ἡλίουπόλις, гбр. אֹן) — адно з самых старажытных і важных паселішчаў у Старажытным Егіпце, размешчанае на паўночна-ўсходнім кірунку ад сучаснага Каіра.
49 6: Лічбавыя акрэсленні ў старажытныя часы былі абмежаваныя, не існавала назваў вялікіх лічбаў, напрыклад, у Старажытным Рыме і Грэцыі найбольшым лікам, які пазначаўся, была тысяча.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 41 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016