1 Надарылася ж у тым часе, што вырушыў Ю́да ад братоў сваіх і прыйшоў да чалавека нейкага адаламіця́ніна,1 імя якога Іра́с.
2 І ўбачыў там Ю́да дачку чалавека ханане́я, якой імя Са́ва, і ўзяў яе, і ўвайшоў да яе.
3 І зацяжарала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Эр.
4 І зацяжараўшы ізноў, нарадзіла сына, і дала яму імя Ана́н.
5 І пасля яшчэ нарадзіла сына, і дала яму імя Сэло́м. Была ж у Хасбі́і, калі нарадзіла іх.
6 І ўзяў Ю́да Э́ру, першароднаму свайму, жонку, імя якой Тама́р.
7 Стаўся ж Эр, першародны Ю́ды, ліхім перад абліччам Госпада, і забіў яго Бог.
8 Сказаў жа Ю́да Ана́ну: “Увайдзі да жонкі брата твайго, і пабярыся з ёю, і ўзнаві нашчадкаў брату свайму2”.
9 Ведаючы ж, што не яму будуць нашчадкі, Ана́н3 кожны раз, як уваходзіў да жонкі брата свайго, праліваў семя на зямлю, не аднаўляючы брату свайму.
10 Благім жа было перад абліччам Бога тое, што рабіў, дык загубіў і яго.
11 Сказаў жа Ю́да Тама́ры, нявестцы сваёй: “Заставайся ўдавою ў доме бацькі свайго, пакуль не пасталее сын мой Сэло́м”. Думаў так, каб не памёр і гэты, як браты яго. І пайшла Тама́р у дом бацькі свайго.
12 Споўніліся ж дні, і памерла Са́ва, жонка Ю́ды. І суцешыўшыся, Ю́да пайшоў да стрыгуноў сваіх авечак з Іра́сам, сваім пастухом адаламіця́нінам, у Тамну́4.
13 І паведамілі Тама́р, нявестцы яго, кажучы: “Вось, цесць твой ідзе ў Тамну́ пастрыгчы авечак сваіх”.
14 І зняла адзенне ўдоўства з сябе, нахінула покрыва і прыхарашылася ды села ля брамаў Эна́на, што былі на шляху да Тамны́, бо пабачыла, што пасталеў Сэло́м, а яна не была выдадзена яму за жонку.
15 І пабачыў яе Ю́да, палічыў, што яна распусніца, бо захінула твар свой, і не пазнаў яе.
16 Збочыў жа да яе з дарогі і сказаў ёй: “Дазволь мне ўвайсці да цябе”. Бо не ведаў, што яна яго нявестка. Яна адказала: “Што мне дасі, калі ўвойдзеш да мяне?”
17 Ён жа сказаў ёй: “Я прышлю табе казляня з чарады авечак”. Яна ж сказала: “Тады дай задатак, пакуль прышлеш”.
18 Спытаўся ж: “Які задатак табе дам?” Адказала ж яна: “Пярсцёнак твой, і ланцужок твой, і ляску, што ў руцэ тваёй”. І даў ёй, і ўвайшоў да яе, і займела ва ўлонні ад яго.
19 І паднялася, і сышла. І зняла покрыва, і апранула адзенне ўдоўства свайго.
20 Паслаў жа Ю́да казляня ад козаў на руках пастуха свайго адаламіця́ніна, каб вярнуць задатак ад жанчыны, але не знайшоў яе.
21 Спытаўся ж [пастух] мужоў той мясцовасці: “Дзе знаходзіцца блудніца, якая была ў Эна́не ля дарогі?” І адказалі: “Не было тут блудніцы”.
22 І вярнуўся да Ю́ды, і паведаміў: “Не знайшоў, і мужы мясцовасці той цвердзяць, што не было блудніцы”.
23 І сказаў Ю́да: “Няхай будзе ёй. Аднак жа каб не стаўся я акпёным, бо пасылаў казляня, а ты не знайшоў”.
24 Было ж, праз тры месяцы паведамілі Ю́ду, апавядаючы: “Зблудзіла Тама́р, нявестка твая, і вось, ва ўлонні займела праз распусту”. Сказаў жа Ю́да: “Выведзіце яе, няхай будзе спаленая!”
25 Яна ж, прыйшоўшы, паслала да цесця свайго, кажучы: “Ад мужчыны, якому гэта належыць, я займела ва ўлонні”. І дадала: “Пазнай, чый гэта пярсцёнак, і ланцужок, і кій гэты”.
26 Даведаўся Ю́да і сказаў: “Апраўдалася Тама́р з-за мяне, праз тое, што не аддаў яе Сэло́му, сыну свайму”. І больш не быў з ёю.
27 Здарылася ж, калі нараджала, дык выявіліся блізняткі ва ўлонні яе.
28 Надарылася ж падчас родаў яе, адзін высунуў руку, схапіўшы ж, спавітуха навязала пунсовы акравак на руку яго, кажучы: “Гэты выйдзе першы”.
29 Калі ж уцягнуў руку, то адразу выйшаў брат яго. Яна ж сказала: “Як разышлася праз цябе перапона?” І дала яму імя Фарэ́с.5
30 І пасля гэтага выйшаў брат яго, у якога быў на руцэ пунсовы акравак. І дала яму імя За́рыя.6
Каментары ці зноскі:
1 1: Жыхар старажытнага места Адала́м (грэц. Οδολλάμ, гбр. עֲדֻלָּם) зямлі Ханаа́нскай, за 26 км на паўднёвы захад ад Ерусалі́ма.
8 2: Ю́да кіруецца ў гэтым выпадку тагачасным правам, якое сцвярджала, што брат памерлага павінен быў ажаніцца з яго ўдавой, першынец ад гэтага шлюбу атрымліваў імя памерлага і спадкаваў яго маёмасць (пар. Друг. 25:5 і наступныя); калі ў нябожчыка не было брата, то ў шлюб з яго ўдавой павінен быў уступіць хтосьці з блізкіх сваякоў (пар. Рут 3:12 і наступныя), быў забавязаны таксама выкупіць зямельны надзел удавы, калі ён быў закладзены ці прададзены з-за патрэбы (пар. Рут 4:1); калі не знаходзілася нікога, хто быў бы гатовы ажаніцца з удавой, то спадчына станавілася яе ўласнасцю і пасля яе смерці пераходзіла да яе найбліжэйшых сваякоў.
9 3: Аналагічнае па напісанні ў грэцкай мове “Αὐνάν” сустракаем таксама ў 14:13,24, аднак гэта розныя імёны ў гебрайскай мове: Анэ́р (гбр. עָנֵר) і Ана́н (гбр. אוֹנָן); грэшны ўчынак Ана́на маральная тэалогія акрэслівае як ананізм, этымалогія слова звязана з імем біблейскага персанажа.
12 4: З гэтай назвай існавалі два розныя месты: першае знаходзілася на адлегласці 4 км на паўднёвы захад ад Бэтле́ема ля ракі Сарэ́х, другое ў паўднёвай (гарыстай) частцы Юдэ́і ў раёне Хебро́на ля Адала́ма.
29 5: Ад гбр. дзеяслова פָּרַץ “расчэпліваць, прарываць”.
30 6: Ад гбр. дзеяслова זָרַח “узыходзіць, падымацца, з’яўляцца, узнікаць, ззяць”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 38 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
