Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Быцьцё 38 Быцьцё 38 разьдзел

1 І было ў тым часе: і зышоў Юда ад братоў сваіх, і павярнуў да Одоламца, а імя ягонае Гіра.
2 І абачыў там Юда дачку аднаго Канааняніна, імя ягонае: Шуа; і ўзяў яе, і ўвыйшоў да яе.
3 І яна зачала і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае: Ір.
4 І зачала ўзноў, і нарадзіла сына; і назвала імя ягонае: Онан.
5 І яшчэ радзіла і нарадзіла сына; і назвала імя ягонае: Шэла. Ён быў у Хезыве, як нарадзіла яго.
6 І ўзяў Юда жонку Іру, першаку свайму; імя ейнае Тамара.
7 І быў Ір, пяршак Юдаў, ліхі ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і забіў яго СПАДАР.
8 І сказаў Юда Онану: «Увыйдзі да жонкі брата свайго, жаніся зь ёй, як дзевер, і вытвары насеньне брату свайму».
9 І ведаў Онан, што не яму будзе насеньне; і было, як уходзіў да жонкі брата свайго, нішчыў на зямлі, каб ня даць насеньня брату свайму.
10 І было нягодна ў ваччу СПАДАРОВЫМ тое, што ён рабіў; І Ён забіў таксама яго.
11 І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: «Сядзі ўдавою ў доме айца свайго, пакуль вырасьце Шэла, сын мой». Бо ён сказаў: «Каб не памер таксама ён, як браты ягоныя». І пайшла Тамара, і жыла ў доме айца свайго.
12 І за шмат дзён памерла дачка Шуіна, жонка Юдава. І пацешыўся Юда, і ўзышоў да Фімны, да стрыгучых статак, сам а Гіра, прыяцель ягоны, Одаламец.
13 І наказалі Тамары, кажучы: «Вось, сьвёкар твой узыходзе да Фімны, стрыгчы статак свій».
14 І яна ськінула ізь сябе ўдовінае адзецьце, і накрылася пакрыцьцям, і, захінуўшыся, села ля ўходу да Енаіму, каторы на дарозе да Фімны, бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дана яму за жонку.
15 І абачыў яе Юда, і падумаў, што яна блудніца, бо яна накрыла від свой.
16 Ён павярнуўся да яе на дарогу й сказаў: «Ну, калі ласка, увыйду да цябе». Бо ён ня ведаў, што яна невестка ягоная. І сказала: «Што ты дасі імне, калі ўвыйдзеш да мяне?»
17 І ён сказаў: «Я прышлю табе казянё із стады». Яна сказала: «Калі дасі імне заклад, пакуль прышлеш».
18 І ён сказаў: «Які ж заклад, што я маю даць табе?» І сказала: «Пячатку сваю, і папяразку сваю, і палку сваю, каторая ў руццэ ў цябе». І даў ёй, і ўвыйшоў да яе; і яна зачала яму.
19 І, устаўшы, пайшла, і зьняла пакрыцьце ізь сябе, і адзелася ў вадзецьце ўдаўства свайго.
20 І паслаў Юда казянё прыяцелям сваім Одоламцам, каб узяць заклад з рукі жонкі; але ён не знайшоў яе.
21 І папытаўся ў людзёў ейнага месца, кажучы: «Ідзе блудніца, каторая была ў Енаім ля дарогі?" І яны сказалі: «Тут ня было блудніцы».
22 І зьвярнуўся ён да Юды, і сказаў: «Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца сказалі: "Тут ня было блудніцы"».
23 І сказаў Юда: «Няхай яна возьме сабе, каб толькі ня было на сорам; вось, я паслаў казянё гэна, але ты не знайшоў яе».
24 Мінула каля трох месяцаў, і сказалі Юдзе, кажучы: «Зрабіла бязулства Тамара, нявестка твая, і нат яна цяжарная ад бязулства». І сказаў Юда: «Вывядзіце яе, і няхай спаляць».
25 Яе павялі, а яна паслала сьвёкру свайму, кажучы: «Ад чалавека, чые гэта, рэчы, я цяжарная». І сказала: «Пазнавай жа, чыя гэта пячатка, і папяразкі, і палка гэта»,
26 І пазнаў Юда, і сказаў: «Яна справядліўшая за мяне, бо за тое, што я ня даў яе Шэлу, сыну сваяму». І болей не пазнаваў яе.
27 І было, як яна радзіла, і во, блізьняты ў жываце ейным.
28 І было пры раджэньню, высунуў ручку; і ўзяла бабка і прывязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: «Гэты вышаў першы».
29 І было, як ён зьвярнуў руку, і во, вышаў брат ягоны. І яна сказала: «Як ты моцна прарваўся». І назвала імя ягонае Фарэс.
30 Потым вышаў брат ягоны, што на руццэ ягонай чырвоная нітка. І назвала імя ягонае: Зара.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.