1 Паноўна ж Абрага́м узяў жонку, імя якой Хету́ра.
2 Нарадзіла ж яна Зямра́на і Якса́на, і Мада́на, і Мадыя́ма, і Ясбока, і Сова.
3 Якса́н жа нарадзіў Сабу́, і Тэма́на, і Дэда́на; сыны ж Дэда́на былі Рагуэ́ль, і Набдээ́ль, і Асурыі́м, і Латусіі́м, і Лаамі́м.
4 Сыны ж Мадыя́ма: Ге́фа і А́фер, Эно́х, і Абіра́, і Элра́га. Усе гэтыя былі сыны Хету́ры.
5 Аддаў жа Абрага́м усю маёмасць сваю Ісаа́ку, сыну свайму,
6 і сынам узложніцаў сваіх даў Абрага́м дарункі, і выправіў іх ад Ісаа́ка, сына свайго, яшчэ будучы жывым, на ўсход, ва ўсходнюю зямлю.
7 Вось жа гады дзён жыцця Абрага́ма, колькі пражыў — сто семдзесят пяць гадоў.
8 І пасля памёр Абрага́м у старасці пачэснай, стары і натолены днямі, і быў далучаны да народа яго.
9 І пахавалі яго Ісаа́к і Ісмаэ́ль, сыны ягоныя, у пячоры падвойнай на полі Эфрона, сына Са́аравага, хетэ́я, што было насупраць Ма́мбры.
10 Поле і пячора, якую прыдбаў Абрага́м ад сыноў Хе́тавых, — там пахавалі Абрага́ма і Са́рру, жонку яго.
11 Было ж пасля смерці Абрага́ма, дабрасловіў Бог Ісаа́ка, сына яго, і пасяліўся Ісаа́к ля калодзежа З’яўлення.
12 Гэта ж пачаткі Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма, якога нарадзіла Ага́р, служанка Са́рры, Абрага́му,
13 і гэта імёны сыноў Ісмаэ́ля паводле імя родаў яго. Першынец Ісмаэ́ля Набэо́т, і Кэда́р, і Набдээ́ль, і Маса́м,
14 і Ма́сма, і І́дума, і Маса́,
15 і Хада́д, і Тэма́н, і Яту́р, і Нафе́с, і Ке́дма.
16 Гэтыя былі сынамі Ісмаэ́ля, і гэта імёны іх у намётах іх і селішчах іх. Дванаццаць саноўнікаў ад сваіх народаў.
17 І гэта гады жыцця Ісмаэ́ля — сто трыццаць сем гадоў, і памёр, і быў далучаны да роду яго.
18 Пасяляліся ж ад Эвіла́та да Су́ра, што ля самага Егі́пта, на шляху да Асі́рыі,1 перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліліся.
19 І гэта пачаткі Ісаа́ка, сына Абрага́ма. Абрага́м нарадзіў Ісаа́ка.
20 Было ж Ісаа́ку сорак гадоў, як узяў Рэбе́ку, дачку Батуэ́ля сіры́йца2 з Месапата́міі, сястру Ла́бана сіры́йца, сабе за жонку.
21 Маліў Ісаа́к Госпада за Рэбе́ку, жонку яго, бо была няплоднаю. Пачуў жа яго Бог, і займела ва ўлонні Рэбе́ка, жонка яго.
22 Штурхаліся ж дзеці ва ўлонні яе. Сказала ж: “Калі так мае быць, чаму гэта мне?” Пайшла ж спытацца Госпада,
23 і адказаў ёй Госпад:
“Два народы ва ўлонні тваім,
і два народы, нарадзіўшыся
з цябе, раздзеляцца,
і народ на народ паўстане,
і большы будзе паслугоўваць меншаму”.
“Два народы ва ўлонні тваім,
і два народы, нарадзіўшыся
з цябе, раздзеляцца,
і народ на народ паўстане,
і большы будзе паслугоўваць меншаму”.
24 І споўніліся дні нарадзіць ёй, і былі два ва ўлонні яе.
25 Выйшаў жа сын першынец руды, увесь валасаты, нібы поўсць, назвала ж яго Эса́ў.
26 І пасля гэтага выйшаў брат яго, і рука яго ўхапіла пятку Эса́ва, і назвала яго Яку́б. Ісаа́к жа быў шасцідзесяці гадоў, як нарадзіла яму Рэбе́ка.
27 Выраслі ж юнакі, і быў Эса́ў чалавекам спрактыкаваным у лоўлі звяроў, Яку́б жа быў чалавекам простым, жыў дома.
28 Палюбіў жа Ісаа́к Эса́ва, бо ўсмакаваў яго дзічыну, Рэбе́ка ж любіла Яку́ба.
29 Згатаваў жа Яку́б варыва. Прыйшоў жа Эса́ў з поля галодным,
30 і сказаў Эса́ў Яку́бу: “Дай мне паесці гэтага варыва чырвонага, бо я згаладаўся”. Таму далі мянушку яму: Эдо́м.3
31 Сказаў жа Яку́б Эса́ву: ”Аддай мне тады права тваё на першародства”.
32 Сказаў жа Эса́ў: “Вось, я канаю, навошта мне тое права на першародства?”
33 І сказаў яму Яку́б: “Прысягні тады мне”. І прысягнуў яму, і аддаў Эса́ў права на першародства Яку́бу.
34 Яку́б жа даў Эса́ву хлеб і зваранай сачэўкі, і з’еў, і піў, і, устаўшы, сышоў. І пагрэбаваў Эса́ў правам на першародства.
Каментары ці зноскі:
18 1: Тут маецца на ўвазе Via Maris, старадаўні гандлёвы шлях, адзін з найстаражытнейшых у гісторыі, які існаваў з часоў ранняга бронзавага веку, а магчыма, і раней. Ён злучаў Егі́пет і больш паўночныя дзяржавы Сі́рыю, Анатолію і Месапата́мію. Пар. Зых. 9:1.
20 2: Гл. 22:21.
30 3: Эдом, гбр. אֱדֹֽום, літ. “руды (чырвоны)”, назва, якая замацавалася за нашчадкамі Эса́ва.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
