Быццё 25 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І ўзяў Абрагам яшчэ жонку, імем Хэтуру.
 
Паноўна ж Абрага́м узяў жонку, імя якой Хету́ра.

Яна нарадзіла яму Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха.
 
Нарадзіла ж яна Зямра́на і Якса́на, і Мада́на, і Мадыя́ма, і Ясбока, і Сова.

Ёкшан спарадзіў Шэву і Дэдана. Сыны Дэдана былі: Ашурым, Летушым і Леюмім.
 
Якса́н жа нарадзіў Сабу́, і Тэма́на, і Дэда́на; сыны ж Дэда́на былі Рагуэ́ль, і Набдээ́ль, і Асурыі́м, і Латусіі́м, і Лаамі́м.

Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.
 
Сыны ж Мадыя́ма: Ге́фа і А́фер, Эно́х, і Абіра́, і Элра́га. Усе гэтыя былі сыны Хету́ры.

І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку;
 
Аддаў жа Абрага́м усю маёмасць сваю Ісаа́ку, сыну свайму,

а сынам наложніц, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дарункі і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
 
і сынам узложніцаў сваіх даў Абрага́м дарункі, і выправіў іх ад Ісаа́ка, сына свайго, яшчэ будучы жывым, на ўсход, ва ўсходнюю зямлю.

Дзён жыцьця Абрагамавага, якія ён пражыў, было сто семдзесят пяць гадоў;
 
Вось жа гады дзён жыцця Абрага́ма, колькі пражыў — сто семдзесят пяць гадоў.

і сканаў Абрагам, і памёр у старасьці добрай, вельмі стары і насычаны, і прылучаны да люду свайго.
 
І пасля памёр Абрага́м у старасці пачэснай, стары і натолены днямі, і быў далучаны да народа яго.

І пахавалі яго Ісаак і Ізмаіл, сыны ягоныя, у пячоры Махпэл, на полі Эфрона, сына Цахара, Хэтэяніна, якое насупроць Мамрэ,
 
І пахавалі яго Ісаа́к і Ісмаэ́ль, сыны ягоныя, у пячоры падвойнай на полі Эфрона, сына Са́аравага, хетэ́я, што было насупраць Ма́мбры.

на полі, якое Абрагам набыў у сыноў Хэтавых. Там пахаваны Абрагам і Сарра, жонка ягоная.
 
Поле і пячора, якую прыдбаў Абрага́м ад сыноў Хе́тавых, — там пахавалі Абрага́ма і Са́рру, жонку яго.

Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бээр-Лахай-Роі.
 
Было ж пасля смерці Абрага́ма, дабрасловіў Бог Ісаа́ка, сына яго, і пасяліўся Ісаа́к ля калодзежа З’яўлення.

Вось радавод Ізмаіла, сына Абрагамавага, якога нарадзіла Абрагаму Агар, Егіпцянка, Саррына служанка;
 
Гэта ж пачаткі Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма, якога нарадзіла Ага́р, служанка Са́рры, Абрага́му,

і вось імёны сыноў Ізмаілавых, імёны іхнія паводле радаводу іхняга: першынец Ізмаілаў Наваёт, Кедар, Адбээл, Міўсам,
 
і гэта імёны сыноў Ісмаэ́ля паводле імя родаў яго. Першынец Ісмаэ́ля Набэо́т, і Кэда́р, і Набдээ́ль, і Маса́м,

Мішма, Дума, Маса,
 
і Ма́сма, і І́дума, і Маса́,

Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
 
і Хада́д, і Тэма́н, і Яту́р, і Нафе́с, і Ке́дма.

Яны сыны Ізмаілавыя, і гэта імёны іхнія, у селішчах іхніх, у качэўях іхніх. Гэта дванаццаць князёў плямёнаў іхніх.
 
Гэтыя былі сынамі Ісмаэ́ля, і гэта імёны іх у намётах іх і селішчах іх. Дванаццаць саноўнікаў ад сваіх народаў.

А гадоў жыцьця Ізмаілавага было сто трыццаць сем гадоў; і сканаў ён, і памёр, і прылучаны да народу свайго.
 
І гэта гады жыцця Ісмаэ́ля — сто трыццаць сем гадоў, і памёр, і быў далучаны да роду яго.

Яны жылі ад Хавілы да Сура, што перад Егіптам, як ідзеш да Асірыі. Яны пасяліліся перад абліччам усіх братоў сваіх.
 
Пасяляліся ж ад Эвіла́та да Су́ра, што ля самага Егі́пта, на шляху да Асі́рыі,1 перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліліся.

Вось радавод Ісаака, сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісаака.
 
І гэта пачаткі Ісаа́ка, сына Абрага́ма. Абрага́м нарадзіў Ісаа́ка.

Ісааку было сорак гадоў калі ён узяў сабе за жонку Рэбэку, дачку Ватуіла Арамэйца зь Месапатаміі, сястру Лавана Арамэйца.
 
Было ж Ісаа́ку сорак гадоў, як узяў Рэбе́ку, дачку Батуэ́ля сіры́йца2 з Месапата́міі, сястру Ла́бана сіры́йца, сабе за жонку.

І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Гасподзь пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная.
 
Маліў Ісаа́к Госпада за Рэбе́ку, жонку яго, бо была няплоднаю. Пачуў жа яго Бог, і займела ва ўлонні Рэбе́ка, жонка яго.

Сыны ва ўлоньні яе пачалі біцца, і яна сказала: калі так будзе, дык навошта мне гэта? І пайшла спытацца ў Госпада.
 
Штурхаліся ж дзеці ва ўлонні яе. Сказала ж: “Калі так мае быць, чаму гэта мне?” Пайшла ж спытацца Госпада,

Гасподзь сказаў ёй: два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меншаму.
 
і адказаў ёй Госпад: “Два народы ва ўлонні тваім, і два народы, нарадзіўшыся з цябе, раздзеляцца, і народ на народ паўстане, і большы будзе паслугоўваць меншаму”.

І настаў час ёй радзіць: і вось блізьняты ў нутробе ў яе.
 
І споўніліся дні нарадзіць ёй, і былі два ва ўлонні яе.

Першы выйшаў чырвоны, увесь, як скура, калматы, і далі яму імя: Ісаў.
 
Выйшаў жа сын першынец руды, увесь валасаты, нібы поўсць, назвала ж яго Эса́ў.

Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.
 
І пасля гэтага выйшаў брат яго, і рука яго ўхапіла пятку Эса́ва, і назвала яго Яку́б. Ісаа́к жа быў шасцідзесяці гадоў, як нарадзіла яму Рэбе́ка.

Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў.
 
Выраслі ж юнакі, і быў Эса́ў чалавекам спрактыкаваным у лоўлі звяроў, Яку́б жа быў чалавекам простым, жыў дома.

Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава.
 
Палюбіў жа Ісаа́к Эса́ва, бо ўсмакаваў яго дзічыну, Рэбе́ка ж любіла Яку́ба.

І згатаваў Якаў страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены.
 
Згатаваў жа Яку́б варыва. Прыйшоў жа Эса́ў з поля галодным,

І сказаў Ісаў Якаву: дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага; бо я стаміўся. Ад гэтага дадзена яму мянушка: Эдом.
 
і сказаў Эса́ў Яку́бу: “Дай мне паесці гэтага варыва чырвонага, бо я згаладаўся”. Таму далі мянушку яму: Эдо́м.3

Але Якаў сказаў: прадай мне цяпер жа сваё першародства.
 
Сказаў жа Яку́б Эса́ву: ”Аддай мне тады права тваё на першародства”.

Ісаў сказаў: вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?
 
Сказаў жа Эса́ў: “Вось, я канаю, навошта мне тое права на першародства?”

Якаў сказаў: прысягні мне цяпер жа. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якаву.
 
І сказаў яму Яку́б: “Прысягні тады мне”. І прысягнуў яму, і аддаў Эса́ў права на першародства Яку́бу.

І даў Якаў Ісаву хлеба і стравы з сачыўкі: і ён еў і піў, і ўстаў і пайшоў; і пагардзіў Ісаў першародствам.
 
Яку́б жа даў Эса́ву хлеб і зваранай сачэўкі, і з’еў, і піў, і, устаўшы, сышоў. І пагрэбаваў Эса́ў правам на першародства.