Быццё 25 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І ўзноў узяў Абрагам жонку, а імя яе Кетура.
Паноўна ж Абрага́м узяў жонку, імя якой Хету́ра.
І нарадзіла яна яму Зымрана а Ёкшана а Мудана а Мідзяна а Ішбака а Шуага.
Нарадзіла ж яна Зямра́на і Якса́на, і Мада́на, і Мадыя́ма, і Ясбока, і Сова.
А Ёкшан нарадзіў Шэву а Дэдана. Сыны Дэдановы былі: Ашурым а Летушым а Леюмін.
Якса́н жа нарадзіў Сабу́, і Тэма́на, і Дэда́на; сыны ж Дэда́на былі Рагуэ́ль, і Набдээ́ль, і Асурыі́м, і Латусіі́м, і Лаамі́м.
І сынове Мідзяновы: Ефа а Ефер а Ганох а Авіда а Елдаа. Усі гэтыя сынове Кетурыны.
Сыны ж Мадыя́ма: Ге́фа і А́фер, Эно́х, і Абіра́, і Элра́га. Усе гэтыя былі сыны Хету́ры.
І аддаў Абрагам усе, што было ў яго, Ісаку.
Аддаў жа Абрага́м усю маёмасць сваю Ісаа́ку, сыну свайму,
А сыном мамошак, што былі ўв Абрагама, даў Абрагам падаркі, і адаслаў іх ад Ісака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, да зямлі ўсходняе.
і сынам узложніцаў сваіх даў Абрага́м дарункі, і выправіў іх ад Ісаа́ка, сына свайго, яшчэ будучы жывым, на ўсход, ва ўсходнюю зямлю.
І во, дні год жыцьця Абрагамавага, каторыя ён пражыў, сто семдзясят пяць год.
Вось жа гады дзён жыцця Абрага́ма, колькі пражыў — сто семдзесят пяць гадоў.
І сканаў і памер Абрагам у старасьці добрай, стары а насычаны, і быў прылучаны да люду свайго.
І пасля памёр Абрага́м у старасці пачэснай, стары і натолены днямі, і быў далучаны да народа яго.
І пахавалі яго Ісак а Ізмайла, сыны ягоныя, у пячоры Махпеле, на полю Ефронавым, сына Цогаровага, Гэціча, каторае перад Мамрэ.
І пахавалі яго Ісаа́к і Ісмаэ́ль, сыны ягоныя, у пячоры падвойнай на полі Эфрона, сына Са́аравага, хетэ́я, што было насупраць Ма́мбры.
На полю, каторае купіў Абрагам у сыноў Гэтавых. Там пахаваны Абрагам а Сорра, жонка ягоная.
Поле і пячора, якую прыдбаў Абрага́м ад сыноў Хе́тавых, — там пахавалі Абрага́ма і Са́рру, жонку яго.
І было, па сьмерці Абрагама, і дабраславіў Бог Ісака, сына ягонага. Ісак жыў ля Бэер-Лахай-Роі.
Было ж пасля смерці Абрага́ма, дабрасловіў Бог Ісаа́ка, сына яго, і пасяліўся Ісаа́к ля калодзежа З’яўлення.
Во роды Ізмайлы, сына Абрагамавага, каторага нарадзіла Абрагаму Гаґар Ягіпцянка, нявольніца Соррына;
Гэта ж пачаткі Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма, якога нарадзіла Ага́р, служанка Са́рры, Абрага́му,
І во ймёны сыноў Ізмайлавых, подле ймёнаў іхных, згодна з родамі іхнымі: пяршак Ізмайлаў Наваёф а Кедар а Адбел а Міўсам
і гэта імёны сыноў Ісмаэ́ля паводле імя родаў яго. Першынец Ісмаэ́ля Набэо́т, і Кэда́р, і Набдээ́ль, і Маса́м,
А Мішма а Дума а Маеса
і Ма́сма, і І́дума, і Маса́,
А Хадад а Фема, Етур Навіш а Кедма.
і Хада́д, і Тэма́н, і Яту́р, і Нафе́с, і Ке́дма.
Гэта яны сынове Ізмайлавы, і гэта ймёны іхныя ў сёлах іхных, у буданох іхных, двананцацёх князёў подле плямёнаў іхных.
Гэтыя былі сынамі Ісмаэ́ля, і гэта імёны іх у намётах іх і селішчах іх. Дванаццаць саноўнікаў ад сваіх народаў.
А гэта гады жыцьця Ізмайлавага — сто трыццаць сем год; і сканаў ён, і памер, і быў прылучаны да люду свайго.
І гэта гады жыцця Ісмаэ́ля — сто трыццаць сем гадоў, і памёр, і быў далучаны да роду яго.
Яны жылі ад Гавілы да Сура, што перад відам Ягіпту, як прыходзіць да Асыры. Перад відам усіх братоў ягоных выпала дзель ягоная.
Пасяляліся ж ад Эвіла́та да Су́ра, што ля самага Егі́пта, на шляху да Асі́рыі,1 перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліліся.
Во роды Ісаковы, сына Абрагамавага. Абрагам нарадзіў Ісака.
І гэта пачаткі Ісаа́ка, сына Абрага́ма. Абрага́м нарадзіў Ісаа́ка.
І было Ісаку сорак год, як ён узяў Рэвеку, дачку Вафуеля Арамяніна з Падан-Араму, сястру Лавана Арамяніна, сабе за жонку.
Было ж Ісаа́ку сорак гадоў, як узяў Рэбе́ку, дачку Батуэ́ля сіры́йца2 з Месапата́міі, сястру Ла́бана сіры́йца, сабе за жонку.
І маліў Ісак СПАДАРА праз жонку сваю, бо яна была бясплодная; і даўся ўмаліць СПАДАР, і зачала Рэвека, жонка ягоная.
Маліў Ісаа́к Госпада за Рэбе́ку, жонку яго, бо была няплоднаю. Пачуў жа яго Бог, і займела ва ўлонні Рэбе́ка, жонка яго.
І штырхаліся сыны ў нутру ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму я такая?» І пайшла папытацца ў СПАДАРА.
Штурхаліся ж дзеці ва ўлонні яе. Сказала ж: “Калі так мае быць, чаму гэта мне?” Пайшла ж спытацца Госпада,
І сказаў СПАДАР ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два люды з нутра твайго разлучацца; і адзін люд стане дужшым за другі, і старшы будзе служыць малодшаму».
і адказаў ёй Госпад: “Два народы ва ўлонні тваім, і два народы, нарадзіўшыся з цябе, раздзеляцца, і народ на народ паўстане, і большы будзе паслугоўваць меншаму”.
І споўніліся дні ейныя радзіць: і вось, блізьняты ў жываце ейным.
І споўніліся дні нарадзіць ёй, і былі два ва ўлонні яе.
І вышаў першы, чырвоны, увесь, як адзежа, касматы; і назвалі імя ягонае: Ісаў.
Выйшаў жа сын першынец руды, увесь валасаты, нібы поўсць, назвала ж яго Эса́ў.
Потым вышаў брат ягоны, і рука ягоная дзяржала пяту Ісававу; і назвалі імя ягонае: Якаў. А Ісаку было шасьцьдзясят год, як яна нарадзіла іх.
І пасля гэтага выйшаў брат яго, і рука яго ўхапіла пятку Эса́ва, і назвала яго Яку́б. Ісаа́к жа быў шасцідзесяці гадоў, як нарадзіла яму Рэбе́ка.
І вырасьлі хлопчыкі, і быў Ісаў умелы паляўнічы, чалавек поля; а Якаў чалавек рахманы, жывучы ў буданох.
Выраслі ж юнакі, і быў Эса́ў чалавекам спрактыкаваным у лоўлі звяроў, Яку́б жа быў чалавекам простым, жыў дома.
І любіў Ісак Ісава, бо дзічына ягоная ў вуснах ягоных; а Рэвека любіла Якава.
Палюбіў жа Ісаа́к Эса́ва, бо ўсмакаваў яго дзічыну, Рэбе́ка ж любіла Яку́ба.
І зварыў Якаў страву; і Ісаў прышоў з поля, і ён замлелы.
Згатаваў жа Яку́б варыва. Прыйшоў жа Эса́ў з поля галодным,
І сказаў Ісаў Якаву: «Дай, калі ласка, імне паесьці з чырвонага, чырвонага гэтага, бо замлеў я». Затым далі яму мянушку Едом.
і сказаў Эса́ў Яку́бу: “Дай мне паесці гэтага варыва чырвонага, бо я згаладаўся”. Таму далі мянушку яму: Эдо́м.3
І сказаў Якаў: «Прадай ад сядні свае першародзтва імне».
Сказаў жа Яку́б Эса́ву: ”Аддай мне тады права тваё на першародства”.
І сказаў Ісаў: «Вось, я на сьмяротнай дарозе, і на што гэта імне першародзтва?»
Сказаў жа Эса́ў: “Вось, я канаю, навошта мне тое права на першародства?”
І сказаў Якаў: «Прысягні імне цяпер». Ён прысягнуў яму і прадаў першародзтва свае Якаву.
І сказаў яму Яку́б: “Прысягні тады мне”. І прысягнуў яму, і аддаў Эса́ў права на першародства Яку́бу.
І Якаў даў Ісаву хлеба а стравы із сачыўкі; і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Ісаў першародзтвам.
Яку́б жа даў Эса́ву хлеб і зваранай сачэўкі, і з’еў, і піў, і, устаўшы, сышоў. І пагрэбаваў Эса́ў правам на першародства.