Быццё 50 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І паў Язэп на від айца свайго, і плакаў над ім, і пацалаваў яго.
 
І прыпаў Язэ́п да аблічча бацькі свайго, заплакаў на ім і пацалаваў яго.

І загадаў Язэп слугам сваім лекарам, бальсамаваць айца ягонага; і набальсамавалі лекары Ізраеля.
 
І загадаў Язэ́п слугам сваім, пахавальнікам, забальзамаваць бацьку свайго, і забальзамавалі пахавальнікі Ізраэ́ля.

І споўнілася яму сорак дзён, бо толькі вымагаецца дзён на бальсамаваньне. І плакалі па ім Ягіпцяне семдзясят дзён.
 
І споўніліся сорак дзён, бо так вылічваюцца дні пахавання, і аплакваў яго Егі́пет семдзесят дзён.

І мінулі дні плачу па ім, і гукаў Язэп дому Фараонаваму, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачох вашых, то кажыце, калі ласка, у вушы Фараону, кажучы:
 
Калі ж мінулі дні плачу, загаварыў Язэ́п з саноўнікамі фараона, кажучы: “Калі знайшоў я ласку перад абліччам вашым, давядзіце да вушэй фараона, мовячы,1

"Айцец мой узяў зь мяне прысягу, кажучы: ’Вось, паміраю; у гробе маім, каторы я выкапаў у зямлі Канаанскай, там пахавай мяне’"; І цяпер, калі ласка, узыйду, і пахаваю айца свайго, і зьвярнуся».
 
што бацька мой узяў клятву з мяне, кажучы: у магільні, якую выкапаў сабе ў зямлі Ханаа́н, там мяне пахаваеш. Дык цяпер пайду і пахаваю бацьку свайго ды вярнуся”.

І сказаў Фараон: «Узыйдзі й пахавай айца свайго, як ён абавязаў цябе прысягаю».
 
І адказаў фараон: “Ідзі, пахавай бацьку твайго, як пакляўся яму”.

І ўзышоў Язэп хаваць айца свайго; і ўзышлі зь ім усі слугі фараонавы, старцы дому ягонага, і ўсі старшыя зямлі Ягіпецкае,
 
І пайшоў Язэ́п пахаваць бацьку свайго, і выправіліся з ім усе слугі фараона, і старэйшыя дому яго, і старэйшыя зямлі Егі́пта,

І ўвесь дом Язэпаў, і браты ягоныя, і дом айца ягонага. Адно дзецяняткі свае і драбны й буйны статак свой пакінулі ў зямлі Ґошэн.
 
і ўвесь дом Язэ́па, і браты, і ўвесь дом бацькаў, аднак радню, і авечак, і валоў пакінуў у зямлі Ге́сем.

І ўзышлі зь ім таксама цялежкі й коньнікі, і быў груд вельмі вялікі.
 
І рушылі за ім і калясніцы, і вершнікі, і быў табар даволі вялікі.

І прышлі яны да такаўні Атодавае на другім баку Ёрдану, і галасілі там жалобу вялікую а вельмі цяжкую; і зрабіў жалобу па айцу сваім сем дзён.
 
І прыбылі да гумна Ата́д, што знаходзілася па той бераг Ярда́на, і аплаквалі яго плачам вялікім ды вельмі моцным. І галасілі па бацьку свайму сем дзён.

І бачылі жыхары зямлі тае, Канааняне, жалобу на такаўні Атодавай, і сказалі: «Вялікая жалоба гэта ў Ягіпцян!» Затым назвалі імя месца таго: Жалоба Ягіпцян: гэта на другім баку Ёрдану.
 
І пачулі жыхары зямлі Ханаа́н енк ля гумна Ата́д, і сказалі: “Гэта вялікі плач егіпця́наў”. Праз гэта назвалі Плач Егіпця́наў мясціну, што па той бок Ярда́на.

І зрабілі сынове зь ім так, як расказаў ім.
 
І зрабілі [бацьку] так сыны яго, і пахавалі яго там.

І занесьлі яго сынове ягоныя да зямлі Канаанскае, і пахавалі яго ў пячоры поля Махпела, поле каторае купіў Абрагам на собскасьць на паховы ў Ефрона Гэціча, перад Мамрэ.
 
І ўзялі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаа́н, і пахавалі ў падвойнай пячоры, што прыдбаў Абрага́м, пячоры ад Эфро́на хетэ́я, насупраць Ма́мбры.2

І зьвярнуўся Язэп, просьле пахову ім айца свайго, да Ягіпту, ён а браты ягоныя, і ўсі, што ўзыходзілі зь ім хаваць айца ягонага.
 
І вярнуўся Язэ́п у Егі́пет, ён і браты яго, якія хадзілі пахаваць бацьку свайго.

І абачылі браты Язэпавы, што памер айцец іхны, і сказалі: «А што калі зьненавідзе нас Язэп і чыста аддасьць нам усім тым ліхам, каторае мы яму зрабілі?»
 
Убачылі ж браты Язэ́па, што сканаў бацька іх, і сказалі: “Каб не адпомсціў нам Язэ́п і не адплаціў нам за ўсё ліха, што ўчынілі яму”.

І загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Айцец твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
 
І прыйшлі да Язэ́па, кажучы: “Бацька твой вырак перад смерцю сваёю, прамаўляючы, —

"Гэтак, калі ласка, скажыце яму: "Даруй жа выступ братом сваім і грэх іхны, бо ліхам плацілі табе’. І цяпер даруй жа выступ слугаў Бога айца твайго"». І плакаў Язэп, як яны гукалі яму.
 
так скажыце Язэ́пу, адпусці ім несправядлівасць і грэх іх, бо ліхое табе зрабілі. Дык цяпер адпусці хібу слугаў Божых бацькі твайго”. І заплакаў Язэ́п, калі яны казалі яму.

І пайшлі таксама браты ягоныя, і палі перад відам ягоным, і сказалі: «Вось мы слугі табе».
 
І прыйшлі да яго, гаворачы: “Вось, мы твае слугі”.

І сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся, ціж я замест Бога?
 
І адказаў ім Язэ́п: “Не бойцеся, бо Богу належу я.

І вы думалі ліха на мяне; але Бог думаў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ё: захаваць жыцьцё вялікаму ліку людзёў.
 
Вы мелі супраць мяне ліхое, аднак Бог меў адносна мяне добрае, дзеля таго, каб сталася як цяпер, каб накарміць народ вялікі”.

А цяпер ня бойцеся, я буду жывіць вас і дзецяняты вашы». І цешыў іх, і гукаў па сэрцу іх.
 
І сказаў ім: “Не бойцеся, я накармлю вас і сем’і вашыя”. І суцешыў іх, і прамаўляў ім да сэрца.

І жыў Язэп у Ягіпце сам і дом айца ягонага; і жыў Язэп сто дзесяць год.
 
І пасяліўся Язэ́п у Егі́пце, ён, і браты яго, і ўвесь дом бацькі яго. І жыў Язэ́п сто дзесяць гадоў.

І бачыў Язэп у Яхрэма дзеці да трэйцяга пакаленьня; таксама й сынове Махіровы, сына Манасовага нарадзіліся на каленях Язэпавых.
 
І пабачыў Язэ́п дзяцей Эфраі́ма ажно да трэцяга калена, і сыны Махі́ра, сына Мана́сіі, нарадзіліся на лоне Язэ́па.

І сказаў Язэп братом сваім: «Я паміраю; але Бог напэўна даведаецца да вас і вывядзе вас ізь зямлі гэтае да зямлі, праз каторую прысяг Абрагаму, Ісаку а Якаву».
 
І паведаміў Язэ́п братам сваім, кажучы: “Я паміраю. Прыйсцямі наведае ж вас Бог і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, якую абяцаў Бог айцам нашым Абрага́му, і Ісаа́ку, і Яку́бу.

І абавязаў Язэп прысягаю сыноў Ізраелявых, кажучы: «Бог напэўна даведаецца да вас, і ўзьнясіце косьці мае адгэтуль».
 
І запавёў Язэ́п сынам Ізраэ́ля, кажучы: “Праз прыйсці, якімі наведае вас Бог, вынесеце косткі мае адсюль з сабою”.

І памер Язэп сту дзесяцёх год. І набальсамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Ягіпце.
 
І памёр Язэ́п стадзесяцігадовым, і пахавалі яго, і паклалі яго ў труну ў Егі́пце.