Быццё 49 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І гукнуў Якаў сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я азнаймлю вам, што прылучыцца з вамі ў вапошнія дні.
 
І склікаў Яку́б сыноў сваіх, і сказаў: “Збярыцеся, каб адкрыў я вам, што адбудзецца з вамі ў апошнія дні.

Зыйдзіцеся й паслухайце, сынове Якававы, паслухайце Ізраеля, айца свайго.
 
Сыдзіцеся і паслухайце, сыны Яку́ба, выслухайце Ізраэ́ля, бацьку вашага.

Рувіне, пяршак мой! ты мацніня мая і першая сіла мая, верх годнасьці й верх магутнасьці.
 
Рубэ́н, ты першынец мой, моц мая і пачатак дзяцей маіх, непахіснай трываласці і неадступнага нораву.

Ты бушаваў, як вада; ня будзеш першынстваваць; бо ты ўзыйшоў на ложак айца свайго; тады ты збудзеніў пасьцелю маю, узышоўшы.
 
Узбурыўшыся, нібы вада, ты не ўскіпеў, бо ўзышоў на ложак бацькі свайго і запляміў пасцелю, на якую ўзняўся.1

Сымоне а Леве браты, снадзівы глабані іхная зброя.
 
Сямён і Ле́вій браты, учынілі няцноту праз выбар свой.

У тайны іхныя няхай ня ўходзе душа мая, і да збору іхнага хай ня прылучыцца слава мая; бо ў гневе сваім яны забілі мужа і самадумам вырвалі жылы ў вала.
 
Да намераў вашых не прыхінецца душа мая і да змоваў вашых не прыгарнецца нутро маё, бо ў лютасці сваёй забілі людзей2 і ў запале сваім падрэзалі паджылкі быкам.

Пракляты гнеў іхны, бо моцны, і злосьць іхная, бо закалянелая; падзялю іх у Якаву і расьцярушу ў Ізраелю.
 
Пракляты гнеў ваш, бо зацяты, і бязлітаснасць вашая, бо акрутная. Параздзяляю вас у Яку́бе і парассейваю ў Ізраэ́лі.

Юда! цябе хваліць будуць браты твае. Рука твая на патыліцы непрыяцеляў тваіх; паклоняцца табе сынове айца твайго.
 
Ю́да, няхай уславяць цябе твае браты. Рукі твае на патыліцах ненавіснікаў тваіх. Паклоняцца табе сыны бацькі твайго.

Левянё Юда, ад разарванага, сыну мой, ты ўзышоў. Сьхінуўся, ляжаў, як леў і як лявіца: хто пабудзе яго?
 
Ю́да, ільва дзіцяня, з атожылку, сыне мой, ты ўзышоў. Лёг і заснуў, нібы леў і нібы львянятка. Хто абудзіць яго?

Ня будзе адняты ськіпетра ад Юды і правадаўца спамеж ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Шыло, і да Яго будзе збор людаў.
 
Не звядзецца з Ю́ды распараднік3 і галава з лона яго, ажно надыдзе наканаванае яму, ён для народаў спадзяванне.

Ён прывяжа да віннога сьцябла асьлянё свае і да сьцябла выборнага віна асьлянётка асьліцы свае. Ён мые ў віне ўборы свае і ў крыві віна адзецьце свае.
 
Прывязвае ён да вінаграднай лазы восліка свайго і да звіваў парасткаў сваю кабылку. Абмые ў віне ўбранне сваё і ў крыві вінаграднай гронкі адзенне сваё.

Чырвоншыя вочы ягоныя за віно і бельшыя зубы за малако.
 
Зіхацяць вочы яго ад віна, і бялейшыя зубы яго за малако.

Завулон на беразе морскім будзе жыць і ля прыстані карабельнай, і граніцы ягоныя да Сыдону.
 
Забулон на ўзбярэжжы паселіцца марскім, ён — ля якарных станаў караблёў, і прасцягнецца да Сідона.

Іссасхар асёл дужы, што ляжыць памеж стадаў.
 
Ісаха́р хараства запрагнуў, спачываць будзе пасярод спадчыны.

І абачыў супакой, што добры, і зямля, што прыемная: і нахінуў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою дані.
 
І, спазнаўшы даброты спакой ды ўрадлівую зямлю, прыклаў плячо сваё да працы і стаўся мужам аратым.

Дан будзе судзіць народ свой, як адно з плямёнаў Ізраелевых.
 
Дан судзіць свой народ, нібы адно племя ў Ізраэ́лі.

Будзе Дан вужом на дарозе, гадам на сьцюгавіне, жыгалячым у капыты каня. І зваліцца коньнік ягоны назад.
 
І будзе Дан змяёю на дарозе, затоенай на пуцявіне, джгае пяту каня, і абрынаецца вершнік.

На спасеньне Твае спадзяюся, СПАДАРУ!
 
Збаўленне ад Госпада чакае.

Гад — аддзел будзе перамагаць яго, але ён пераможа.
 
Гад, нападнікі выпрабуюць яго, а ён зламае іх падножкай.

Праз Ашэра: тучны хлеб ягоны, і ён будзе даваць каралеўскія ежы.
 
Асэ́р, тлусты яго хлеб, ажно дасць ад раскошы саноўнікам.

Неффалім — лань выпушчаная, што даець харошыя словы.
 
Няфта́лій, прарослы ствол, у парастках дае хараство.

Пагон плодны Язэп, пагон плодны над жаралом, галіны ягоныя прасьцягаюцца над сьцяною.
 
Сын узрошчаны, Язэ́п, сын, узрошчаны для пашанаў, сын мой малады, да мяне які вярнуўся.

Немарасьцілі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзілі яго стралцы;
 
Яго крыўдзіцелі ўшчувалі і на яго ўзбураліся лучнікаў гаспадары.

І застаўся ў моцы лук ягоны, і падужэлі плячукі рук ягоных із рук Магучага Якававага. Адтуль Пастыр — Камень Ізраеляў,
 
І былі зламаныя з моцаю іхнія стрэлы, і паслаблі шчапы цягліцаў іхніх рук ад рукі валадара Яку́ба. Адгэтуль узмацніўся Ізраэ́ль

Ад Бога айца твайго, і Ён паможа табе, і ад Усемагучага, і Ён дабраславе цябе дабраславенствамі неба згары і дабраславенствамі бяздоньня, што цікуе далавах, дабраславенствамі пелькаў а дзетніцы.
 
праз Бога бацькі твайго. І паспрыяў табе Бог мой, і дабрасловіў цябе дабраслоўленнем нябёсным звыш і дабраслоўленнем зямным, што ўлучае ўсю паўнату. Дзеля дабраслоўлення грудзей і матчынага ўлоння,

Дабраславенствы айца твайго пераходзяць дабраславенствы маіх прашчураў, аж да найвышшых вярхоў узгоркаў вечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпавай і на цемеві абранага памеж братоў ятоных.
 
дабраслоўленнем бацькі твайго і маці тваёй. Пераўзыдзе яно дабраслоўленне гораў нязрушных і пагоркаў вечных. Застанецца яно над галавой Язэ́па, над розумам таго, хто ачольвае братоў.

Венямін дзярлівы воўк, нараніцы будзе жэрці здабытак і ўвечары будзе дзяліць глабань».
 
Беніямі́н воўк драпежны, ад ранку сілкуецца, увечары дзеліць здабытак”.

Во ўсіх гэтых пакаленьняў Ізраелявых двананцаць, і гэта гукаў ім айцец іхны; і дабраславіў іх, і кажнага подле дабраславенства ягонага дабраславіў іх.
 
Вось усе дванаццаць сыноў Яку́ба, і вось сказаў ім бацька іх, і дабрасловіў іх, кожнага паводле дабраслоўлення ўласнага дабрасловіў іх.

І расказаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду прылучаны да люду свайго; пахавайце мяне ля бацькоў маіх, у пячоры, што на полю Ефрона Гэціча,
 
І сказаў ім: “Я далучаюся да майго народа, пахавайце мяне з айцамі маімі ў пячоры, што ў полі Эфро́на хетэ́я.

У пячоры, што на полю Махпела, каторая перад Мамрэ ў зямлі Канаанскай, каторую купіў Абрагам, поле Ефрона Гэціча, на собскасьць пахову.
 
У пячоры падвойнай, што насупраць Ма́мбры ў зямлі Ханаа́н, пячоры, што здабыў Абрага́м ад Эфро́на хетэ́я ў валоданне як магільню.

Там пахавалі Абрагама а Сорру, жонку ягоную; там пахавалі Ісака а Рэвеку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію.
 
Там пахавалі Абрага́ма і Са́рру, жонку яго, там пахавалі Ісаа́ка і Рэбе́ку, жонку яго, і там пахавалі Лі́ю,

Купля гэтага поля а пячоры, каторая на ім, у сыноў Гэтавых».
 
у набытым полі і ў пячоры, што на ім, ад сыноў Хе́та”.

І скончыў Якаў расказаваць сыном сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.
 
І спачыў Яку́б, наказваючы сынам сваім, і выпрасталіся ногі яго на ложку, і сканаў, і далучыўся да народа свайго.