Быццё 49 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні.
І склікаў Яку́б сыноў сваіх, і сказаў: “Збярыцеся, каб адкрыў я вам, што адбудзецца з вамі ў апошнія дні.
Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго.
Сыдзіцеся і паслухайце, сыны Яку́ба, выслухайце Ізраэ́ля, бацьку вашага.
Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш [усіх] годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю.
Рубэ́н, ты першынец мой, моц мая і пачатак дзяцей маіх, непахіснай трываласці і неадступнага нораву.
Ты пеніўся, як вада, і ня будзеш узвышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узыйшоўшы [на яе].
Узбурыўшыся, нібы вада, ты не ўскіпеў, бо ўзышоў на ложак бацькі свайго і запляміў пасцелю, на якую ўзняўся.1
Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту.
Сямён і Ле́вій браты, учынілі няцноту праз выбар свой.
У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да супольнасьці іхняй не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала.
Да намераў вашых не прыхінецца душа мая і да змоваў вашых не прыгарнецца нутро маё, бо ў лютасці сваёй забілі людзей2 і ў запале сваім падрэзалі паджылкі быкам.
Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі.
Пракляты гнеў ваш, бо зацяты, і бязлітаснасць вашая, бо акрутная. Параздзяляю вас у Яку́бе і парассейваю ў Ізраэ́лі.
Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
Ю́да, няхай уславяць цябе твае браты. Рукі твае на патыліцах ненавіснікаў тваіх. Паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
Юда — малады леў; ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго?
Ю́да, ільва дзіцяня, з атожылку, сыне мой, ты ўзышоў. Лёг і заснуў, нібы леў і нібы львянятка. Хто абудзіць яго?
Ня будзе адняты скіпетр ад Юды і заканадаўца — ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў.
Не звядзецца з Ю́ды распараднік3 і галава з лона яго, ажно надыдзе наканаванае яму, ён для народаў спадзяванне.
Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё.
Прывязвае ён да вінаграднай лазы восліка свайго і да звіваў парасткаў сваю кабылку. Абмые ў віне ўбранне сваё і ў крыві вінаграднай гронкі адзенне сваё.
Вочы [ягоныя] чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако.
Зіхацяць вочы яго ад віна, і бялейшыя зубы яго за малако.
Завулён на беразе мора будзе жыць і каля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону.
Забулон на ўзбярэжжы паселіцца марскім, ён — ля якарных станаў караблёў, і прасцягнецца да Сідона.
Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў.
Ісаха́р хараства запрагнуў, спачываць будзе пасярод спадчыны.
І ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным.
І, спазнаўшы даброты спакой ды ўрадлівую зямлю, прыклаў плячо сваё да працы і стаўся мужам аратым.
Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля.
Дан судзіць свой народ, нібы адно племя ў Ізраэ́лі.
Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад.
І будзе Дан змяёю на дарозе, затоенай на пуцявіне, джгае пяту каня, і абрынаецца вершнік.
На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ!
Збаўленне ад Госпада чакае.
Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты [іхнія].
Гад, нападнікі выпрабуюць яго, а ён зламае іх падножкай.
Пра Асэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія.
Асэ́р, тлусты яго хлеб, ажно дасць ад раскошы саноўнікам.
Нэфталі — ланя, выпушчаная [на свабоду], што дае прыгожыя словы.
Няфта́лій, прарослы ствол, у парастках дае хараство.
Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры.
Сын узрошчаны, Язэ́п, сын, узрошчаны для пашанаў, сын мой малады, да мяне які вярнуўся.
І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзелі яго стральцы.
Яго крыўдзіцелі ўшчувалі і на яго ўзбураліся лучнікаў гаспадары.
І застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля;
І былі зламаныя з моцаю іхнія стрэлы, і паслаблі шчапы цягліцаў іхніх рук ад рукі валадара Яку́ба. Адгэтуль узмацніўся Ізраэ́ль
ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня.
праз Бога бацькі твайго. І паспрыяў табе Бог мой, і дабрасловіў цябе дабраслоўленнем нябёсным звыш і дабраслоўленнем зямным, што ўлучае ўсю паўнату. Дзеля дабраслоўлення грудзей і матчынага ўлоння,
Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, яны аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі.
дабраслоўленнем бацькі твайго і маці тваёй. Пераўзыдзе яно дабраслоўленне гораў нязрушных і пагоркаў вечных. Застанецца яно над галавой Язэ́па, над розумам таго, хто ачольвае братоў.
Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак».
Беніямі́н воўк драпежны, ад ранку сілкуецца, увечары дзеліць здабытак”.
Усіх гэтых родаў Ізраіля — дванаццаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў.
Вось усе дванаццаць сыноў Яку́ба, і вось сказаў ім бацька іх, і дабрасловіў іх, кожнага паводле дабраслоўлення ўласнага дабрасловіў іх.
І загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета,
І сказаў ім: “Я далучаюся да майго народа, пахавайце мяне з айцамі маімі ў пячоры, што ў полі Эфро́на хетэ́я.
у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета на ўласнасьць для пахаваньня.
У пячоры падвойнай, што насупраць Ма́мбры ў зямлі Ханаа́н, пячоры, што здабыў Абрага́м ад Эфро́на хетэ́я ў валоданне як магільню.
Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею.
Там пахавалі Абрага́ма і Са́рру, жонку яго, там пахавалі Ісаа́ка і Рэбе́ку, жонку яго, і там пахавалі Лі́ю,
Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета».
у набытым полі і ў пячоры, што на ім, ад сыноў Хе́та”.
І скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.
І спачыў Яку́б, наказваючы сынам сваім, і выпрасталіся ногі яго на ложку, і сканаў, і далучыўся да народа свайго.