Быццё 26 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І быў голад у зямлі той, ня лічачы першага голаду, які быў у дні Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар.
 
Стаўся ж голад на зямлі, за голадам, што быў у часе Абрага́ма.1 І пайшоў Ісаа́к да Абіме́леха, валадара філістыімля́наў,2 у Ге́рару.

І зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе.
 
З’явіўся ж яму Госпад і прамовіў: “Не сыходзь у Егі́пет, пасяліся ж у зямлі, якую табе ўкажу.

Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму.
 
І жыві ў зямлі гэтай, і буду з табою, і дабраслоўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім дам усю зямлю гэтую, і ўсталюю запавет Мой, якім прысягнуў Абрага́му, бацьку твайму.

І памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі,
 
І памножу нашчадкаў тваіх бы зоркі нябёсныя, і дам нашчадкам тваім усю зямлю гэтую, і дабрасловяцца ў нашчадках тваіх усе народы зямныя,

таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае».
 
аджа паслухаўся Абрага́м, бацька твой, Майго голасу, і захаваў наказы Мае, і запаведзі Мае, і пастановы Мае, і законы Мае”.

І пасяліўся Ісаак у Герары.
 
І пасяліўся Ісаа́к у Ге́рары.

І пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду.
 
Спыталіся ж жыхары паселішча гэтага пра Рэбе́ку, жонку яго, і сказаў: “Сястра гэта мая”. Баяўся сказаць, жонка гэта мая, каб не забілі яго мужы паселішча гэтага праз Рэбе́ку, бо была выглядам прывабная.

І сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
 
Пражыў жа там доўгі час. Зірнуўшы, Абіме́лек, валадар Ге́рары, праз акно ўбачыў Ісаа́ка, які мілаваўся з Рэбе́каю, жонкаю сваёю3

І паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» І сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”».
 
Паклікаў жа Абіме́лех Ісаа́ка і сказаў яму: “Аднак жа яна твая жонка, навошта ты сказаў, што яна твая сястра?” Адказаў яму Ісаа́к: “Так сказаў, каб не памерці праз яе”.

І сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну».
 
Сказаў жа яму Абіме́лех: “Што гэта ты нам учыніў? Амаль не ўзлёг хтосьці з роду майго з жонкаю тваёю, і праз гэта ўвёў бы нас у няведанне”.

І загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонай, той сьмерцю памрэ».
 
Загадаў жа Абіме́лех усяму народу яго, прамаўляючы: “Кожны, хто датыкнецца чалавека гэтага альбо жонкі яго, падлеглы будзе смерці”.

І сеяў Ісаак у зямлі той, і сабраў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД.
 
Засеяў жа Ісаа́к зямлю тую, і атрымаў у той год устакроць ураджай ячменю, бо дабрасловіў яго Госпад.

І ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў угору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
 
І ўзнёсся чалавек, і рабіўся ўсё мацнейшым, пакуль не стаўся вельмі заможным.

І былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы.
 
Былі ж у яго чароды авечак, і статкі валоў, і мноства пашаў. Зайздросцілі ж яму філістыімля́не.

І ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага ў дні Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском.
 
І ўсе калодзежы, што выкапалі слугі бацькі яго, у часе бацькі яго, пазагароджвалі філістыімля́не і пазасыпалі зямлёю.

І сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас».
 
Прамовіў жа Абіме́лех да Ісаа́ка: “Сыдзі ад нас, бо стаўся мацнейшы ты за нас”.

І адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там.
 
І сышоў адтуль Ісаа́к, і спыніўся ў цясніне Ге́рарскай, і там пасяліўся.

І вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
 
І другі раз Ісаа́к выкапаў калодзежы вады, якія былі выкапаныя слугамі Абрага́ма, бацькі яго, а загарадзілі іх філістыімля́не пасля смерці Абрага́ма, бацькі яго, і назваў іх імёны паводле імёнаў, што назваў Абрага́м, бацька яго.

І капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой.
 
І капалі слугі Ісаа́ка ў цясніне Ге́рарскай, і знайшлі там калодзеж вады жывой.

І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім.
 
І спрачаліся пастухі Ге́рарскія з пастухамі Ісаа́кавымі, сцвярджаючы, што іх вада. І назваў калодзеж-Крывасць,4 бо спрачаліся за яго.

І выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна.
 
Выправадзіўся Ісаа́к адтуль, выкапаў іншы калодзеж, судзіўся ж і за яго, і назваў яго Варожасць.5

І выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхавот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі».
 
Выправадзіўшыся ж адтуль, выкапаў іншы калодзеж, і не ва́дзіліся за яго, і назваў яго Прасцяг,6 кажучы: “Цяпер пашырыў Госпад нас, і павялічыў нас на зямлі”.

Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву.
 
Выйшаў жа адтуль да калодзежа Зароку.

І зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго».
 
І з’явіўся яму Госпад у тую ноч, і сказаў: “Я ёсць Бог Абрага́ма, бацькі твайго. Не бойся, бо з табою перабываю, і дабраслоўлю цябе, і памножу нашчадкаў тваіх дзеля Абрага́ма, бацькі твайго”.

І ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню.
 
І збудаваў там ахвярнік, і заклікаў імя Госпада,7 і ўзвёў там намёт свой. Выкапалі ж там слугі Ісаа́ка калодзеж.

І Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны.
 
І Абіме́лех прыйшоў да яго з Ге́рары, і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска.8

І сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне? Вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе».
 
І сказаў ім Ісаа́к: “Чаму прыйшлі да мяне? Вы ж зненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе”.

І яны сказалі: «Мы, гледзячы, убачылі, што ГОСПАД з табою, і мы сказалі: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою,
 
Адказалі: “Спаглянуўшы, убачылі, што Госпад з табою. І мы казалі: няхай будзе згода паміж намі і паміж табою, і ўсталюем з табою запавет.

і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”».
 
Не зробіш нам ліха, бо мы табою не пагарджалі і абышліся з табою годна, і выправадзілі ў супакоі, і цяпер ты дабраслоўлены Госпадам”.

І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі.
 
І зладзіў ім гасціну, і з’елі, і выпілі.

І ўсталі раніцаю, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
 
І ўстаўшы на досвітку, прысягнулі адзін адному, і выправіў іх Ісаа́к, і сышлі ад яго ў бяспецы.

І сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
 
Надарылася ж у той дзень, слугі Ісаа́ка, якія прыйшлі, паведамілі яму пра калодзеж, які выкапалі, і сказалі: ці ж мы знайшлі ваду?9

І ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня.
 
І назваў яго Зарок. Праз гэта імя места Калодзеж Зароку аж да сёння.

І сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета,
 
Быў жа Эса́ў сарака гадоў, і ўзяў за жонку Юды́ну, дачку Беэ́ра хетэ́я, і Басяма́ту, дачку Яло́на эве́я.

і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.
 
І былі яны не прыхільнымі да Ісаа́ка і Рэбе́кі.