Быццё 26 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І быў голад у зямлі той, ня лічачы першага голаду, які быў у дні Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар.
Калі настаў голад на зямлі, пасля таго неўраджаю, які здарыўся ў дні Абрагама, Ізаак падаўся да Абімэлеха, цара філістынскага, у Герар.
І зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе.
І з’явіўся яму Госпад, і кажа: «Не ідзі ў Егіпет, але жыві ў той зямлі, якую Я пакажу табе,
Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму.
вандруй па ёй, а Я буду з табой і буду дабраслаўляць цябе. Бо табе і твайму патомству Я дам усю гэтую зямлю, выконваючы прысягу, якую даў твайму бацьку Абрагаму,
І памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі,
і размножу нашчадкаў тваіх, як зоркі на небе, і дам тваім нашчадкам усе гэтыя землі. І ў тваім патомстве будуць дабраславёныя ўсе народы зямлі,
таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае».
таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і выконваў прыказанні і загады Мае, і даручэнні, і законы».
І пасяліўся Ісаак у Герары.
І так абжыўся Ізаак у Герары.
І пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду.
А калі людзі таго месца пыталіся ў яго пра жонку яго, ён адказваў: «Гэта сястра мая». Бо баяўся прызнацца, што яна звязана з ім сужонствам, асцерагаючыся, каб дзеля прыгажосці яе не забілі яго часам.
І сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
І калі ўжо прамінула шмат дзён, ён жыў там жа, аднойчы Абімэлех, цар філістынскі, гледзячы праз акно, убачыў, што той жартуе з Рэбэкай, жонкай сваёй,
І паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» І сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”».
і, падышоўшы да яго, кажа: «Відавочна, што яна жонка твая! Чаму ты схлусіў, што яна — сястра твая?» Адказаў: «Бо баяўся, што памру дзеля яе».
І сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну».
І сказаў Абімэлех: «Чаму ты зрабіў гэта нам? Мог бы хто з народа ўвайсці да жонкі тваёй, і гэтым навёў бы вялікі грэх на нас». І загадаў ён усяму народу, кажучы:
І загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонай, той сьмерцю памрэ».
«Хто дакранецца да гэтага чалавека і жонкі яго, будзе пакараны смерцю».
І сеяў Ісаак у зямлі той, і сабраў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД.
І вось, сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яго Госпад.
І ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў угору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
І разбагацеў [той] чалавек, і ўсё ўзвялічваўся ды рос, аж пакуль не зрабіўся надзвычай вялікі.
І былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы.
І меў ён ва ўласнасці авечак і валоў, і мноства паслугачоў. Дзеля таго філістынцы, зайздросцячы яму,
І ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага ў дні Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском.
завалілі, засыпаўшы зямлёй, усе студні, якія выкапалі паслугачы бацькі яго ў дні Абрагама;
І сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас».
да таго, што сам Абімэлех сказаў Ізааку: «Ідзі ад нас, бо ты стаўся намнога багацейшы за нас!»
І адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там.
Дык ён адышоў, і паставіў палаткі каля ракі ў Герары, і там абжыўся.
І вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
І зноў выкапаў студні, якія капалі ў дні бацькі яго, Абрагама, і якія па смерці яго засыпалі філістынцы. І даў ён ім тыя ж назвы, якімі раней назваў бацька.
І капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой.
І капалі паслугачы Ізаака ў ручаі, і натрапілі там на крыніцу жывой вады.
І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім.
Але і там паднялі звадку пастухі герарскія супраць пастухоў Ізаака, кажучы: «Гэта наша вада!» Таму і студню тую назвалі Эсэкa, бо вадзіліся з-за яе.
І выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна.
І выкапалі яны іншую студню, і за яе таксама спрачаліся, і назвалі яе Сітнаb.
І выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхавот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі».
І выбраўся Ізаак адтуль, і выкапаў іншую студню, пра якую ўжо не спрачаліся, і назваў яе Рэхаботc, кажучы: «Цяпер расшырыў нас Госпад, і мы разрасцёмся на зямлі».
Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву.
І перасяліўся ён з таго месца ў Бээр-Сэбу,
І зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго».
дзе аб’явіўся яму Госпад у тую самую ноч і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Не бойся, бо Я з табой, Я буду дабраслаўляць цябе і размножу нашчадкаў тваіх дзеля паслугача Майго, Абрагама».
І ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню.
І ён пабудаваў там ахвярнік, і, прызваўшы імя Госпада, паставіў палатку, а паслугачы Ізаака выкапалі там студню.
І Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны.
І прыйшоў да яго з Герара Абімэлех, і Ахузат, прыяцель яго, таксама Піколь, начальнік войска,
І сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне? Вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе».
і сказаў ім Ізаак: «Чаго вы прыйшлі да мяне, чалавека, якога зненавідзелі і выгналі ад сябе?»
І яны сказалі: «Мы, гледзячы, убачылі, што ГОСПАД з табою, і мы сказалі: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою,
Яны адказалі: «Бачылі мы, што з табой Госпад, і таму сказалі: “Хай будзе паміж намі і табой прысяга, і мы ўвойдзем з табой у пагадненне,
і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”».
каб ты нам нічога не зрабіў благога, як і мы не кранулі цябе і нічога табе не зрабілі, апрача дабра, і ў супакоі адпусцілі цябе. Бо ты дабраславёны Госпадам”».
І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі.
І ён зрабіў ім банкет, і яны елі і пілі.
І ўсталі раніцаю, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
І, устаўшы раніцай, прысягнулі ўзаемна. Адпусціў іх Ізаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
І сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
І вось, у той самы дзень прыйшлі паслугачы Ізаакавы і паведамілі яму пра студню, што выкапалі, кажучы: «Знайшлі мы ваду».
І ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня.
Адсюль назвалі яе Сабэаd, і гэта назва дадзена гораду Бээр-Сэба аж па сённяшні дзень.
І сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета,
Калі Эзаў меў сорак гадоў, узяў за жонку Юдыт, дачку Бээры Хетыта, і Басэмат, дачку Элона Хетыта.
і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.
Яны абедзве не падабаліся Ізааку і Рэбэцы.