Быццё 20 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І рушыў адтуль Абрагам у зямлю Нэгеў, і пасяліўся між Кадэшам і Шурам, і жыў у Герары.
Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нагэб, і абжыўся між Кадэсам і Сурам, і качаваў па Герару.
І сказаў Абрагам пра Сару, жонку сваю: «Яна — сястра мая». І паслаў Абімэлех, валадар Герару, і ўзяў Сару.
І сказаў ён пра Сару, жонку сваю: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, цар Герара, паслаў [за ёй] і забраў яе.
І прыйшоў Бог да Абімэлеха ў сьне ўначы, і сказаў яму: «Вось, ты памрэш з прычыны жанчыны, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа».
І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сне і кажа яму: «Вось, ты памрэш з-за жанчыны, якую ўзяў, бо яна мае мужа».
А Абімэлех не набліжаўся да яе, і сказаў: «Госпадзе! Няўжо і народ праведны Ты заб’еш?
А Абімэлех не дакранаўся да яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?
Ці ж ня ён сказаў мне: “Яна — сястра мая”. І яна таксама казала: “Ён — брат мой”. У прастаце сэрца майго і ў чысьціні рук маіх учыніў я гэта».
Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чысціні рук маіх я зрабіў гэта».
І сказаў яму Бог у сьне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца свайго ты ўчыніў гэта, і Я ўтрымаў цябе, каб ты не саграшыў перада Мною; і Я ня даў табе дакрануцца да яе.
І сказаў яму Бог ува сне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму засцярог цябе, каб ты не зграшыў адносна Мяне, і не дапусціў, каб ты дакрануўся да яе.
А цяпер вярні жонку гэтага мужа, бо ён — прарок, і ён будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. А калі ня вернеш, ведай, што сьмерцю памрэш ты і ўсе, хто твае».
Цяпер вось вярні жонку мужу яе, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш смерцю ты і ўсе, хто твае».
І ўстаў Абімэлех раніцай, і паклікаў усіх слугаў сваіх, і расказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і моцна напалохаліся людзі гэтыя.
І зараз жа раніцай, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх паслугачоў сваіх і пераказаў ім усе гэтыя словы ў вушы іх. І людзі дужа спалохаліся.
І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты нам нарабіў? Чым саграшыў я супраць цябе, што ты навёў на мяне і на валадарства маё грэх вялікі? Учынкі, якія ня робяць, ты зрабіў мне».
І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я зграшыў перад табой, што ты навёў на мяне і на царства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне».
І сказаў Абімэлех Абрагаму: «Што ж ты думаў, калі рабіў гэтыя рэчы?»
І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?»
І сказаў Абрагам: «Вось, я сказаў: “Напэўна, няма страху Божага на месцы гэтым, і заб’юць мяне з прычыны жонкі маёй”.
Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месцы, напэўна, няма страху Божага, дык заб’юць мяне з-за жонкі маёй.
І, сапраўды, яна — сястра мая, яна — дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і яна стала маёй жонкаю.
Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але не дачка маці маёй. І я ўзяў яе за жонку.
І сталася, калі вывеў мяне Бог з дому бацькі майго, я сказаў ёй: “У тым міласэрнасьць твая, якую ты можаш зрабіць для мяне: у кожным месцы, куды мы прыйдзем, кажы пра мяне: 'Ён — брат мой'”».
Калі Бог учыніў так, што я пайшоў з дому бацькі майго, я сказаў: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”».
І ўзяў Абімэлех авечак і валоў, і слугаў, і нявольніцаў, і даў Абрагаму, і вярнуў яму Сару, жонку ягоную.
Дык узяў Абімэлех авечак, і валоў, і паслугачоў, і паслугачак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку яго,
І сказаў Абімэлех: «Вось, зямля мая перад табою. Дзе добра ў вачах тваіх, жыві».
і сказаў: «Вось, зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві».
А Сары сказаў: «Вось, я даю тысячу срэбнікаў брату твайму. Няхай гэта будзе табе заслонаю перад вачамі ўсіх, якія з табою, і перад усімі ты без віны».
А Сары сказаў ён: «Вось, даю брату твайму тысячу сікляў срэбра. Вось, хай гэта будзе табе для прыкрыцця вачэй усім тым, хто разам з табой, што ты без віны».
І памаліўся Абрагам да Бога, і аздаравіў Бог Абімэлеха, і жонку ягоную, і нявольніцаў ягоных, і яны нараджалі,
І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха, і жонку, і паслугачак яго, і яны маглі нараджаць.
бо зачыніўшы, зачыніў ГОСПАД кожнае ўлоньне ў доме Абімэлеха з прычыны Сары, жонкі Абрагама.
Бо Госпад закрануў бясплоднасцю ўсе ўлонні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.