Быццё 32 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. І сустрэлі яго анёлы Божыя.
 
Якуб таксама адышоў дарогаю, якую распачаў, — і перанялі яго анёлы Божыя.

І сказаў Якуб, убачыўшы іх: «Гэта табар Божы». І назваў імя месца таго Маханаім.
 
Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта лагер Божы», і гэтае месца назваў Маханаімa.

І паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Эдому.
 
І выправіў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасць Эдом.

І загадаў ім, кажучы: «Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб. У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль.
 
І загадаў ён ім, кажучы: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: “Гэта кажа паслугач твой Якуб: “Як вандроўнік, заставаўся я аж да сённяшняга дня ў Лабана.

І сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”».
 
Маю валоў і аслоў, авечак, паслугачоў і паслугачак. І выпраўляю цяпер пасольства да гаспадара майго, каб знайсці ласку перад абліччам тваім”».

І вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: «Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім».
 
І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён спяшаецца насустрач табе з чатырмастамі людзьмі».

І спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары,
 
Спалохаўся вельмі Якуб і, напужаны, падзяліў народ, які з ім быў, і статкі таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два лагеры.

І сказаў: «Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, уцячэ».
 
І казаў: «Калі Эзаў прыйдзе да аднаго лагера і паб’е яго, то другі лагер, які застанецца, будзе ўратаваны».

І сказаў Якуб: «Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”.
 
І сказаў Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпад, Які сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю і ў месца нараджэння свайго, і Я буду апекавацца табою!”

Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі.
 
Я не настолькі варты ўсякай міласцівасці і вернасці ўсякай, якою забяспечваеш Ты паслугача Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума лагерамі.

Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі.
 
Вырві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я вельмі баюся яго; каб часам, прыйшоўшы, не забіў ён маці з дзецьмі.

Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства [яго]”».
 
А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і пашырыш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасці не можа быць палічаны».

І начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго:
 
І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з таго, што меў, падарункі Эзаву, брату свайму:

козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць,
 
дзвесце коз, дваццаць казлоў, дзвесце авечак і дваццаць бараноў,

вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнімі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць.
 
трыццаць вярблюдзіц дойных разам з вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асліц і дзесяць іх аслянят,

І даў у рукі слугам сваім кожную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Ідзіце перада мною і трымайце адлегласьць паміж чарадой і чарадой».
 
і перадаў у рукі паслугачоў сваіх кожны статак паасобку, і сказаў рабам сваім: «Ідзіце перада мною, і хай будзе прамежак паміж кожным статкам».

І загадаў першаму, кажучы: «Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?",
 
І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, за якім ты ідзеш?”,

ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву І вось, таксама ён [ідзе] за намі”».
 
то ты адкажаш: “Паслугача твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву. І сам ён ідзе за намі”».

І загадаў тое самае другому, і трэцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: «Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго,
 
Падобны загад даў ён другому, і трэцяму, ды ўсім, якія ішлі са статкамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,

і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб [ідзе] за намі”». Бо ён казаў: «Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзе перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё».
 
і дадасцё: “І ён, паслугач твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”». І сказаў ён: «Улагоджу яго дарамі, якія мне папярэднічаюць, а потым убачу аблічча яго; можа, будзе ласкавы да мяне».

І перайшоў [ручай] дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары.
 
Так вось папярэдзілі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у лагеры.

І ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок.
 
А калі ўстаў раніцай, узяў дзвюх жонак сваіх і дзвюх іх нявольніц з адзінаццаццю дзецьмі і перайшоў бродам Ябок.

І ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго.
 
І, узяўшы і пераправіўшы іх і ўсё, што яму належала, праз ручай,

І застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы.
 
застаўся ён сам адзін. І вось, Нехта дужаўся з ім аж да раніцы.

І Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім,
 
І калі Той убачыў, што не можа яго перамагчы, дакрануўся да сустава сцягна яго, і тут жа быў вывіхнуты сустаў сцягна ў Якуба, калі ён дужаўся з Ім.

і сказаў: «Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца». І сказаў [Якуб]: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
 
І сказаў Той: «Пусці Мяне, бо ўжо ўзышла зараніца». Адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».

І Ён сказаў яму: «Якое імя тваё?» А ён сказаў: «Якуб».
 
Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказаў: «Якуб».

І сказаў: «Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог».
 
А Той кажа: «Ніколі ўжо больш не будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і людзей перамагаць будзеш!»

І спытаўся Якуб, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Тваё». І Ён сказаў: «Навошта ты пытаешся імя Маё?» І дабраславіў яго там.
 
І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.

І назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо [казаў]: «Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая».
 
І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам у твар, і збераглася душа мая».

І ўзыйшло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё.
 
І паднялося над ім сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сцягно сваё.

Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы.
 
З гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылу, якая на сцягне, аж да сённяшняга дня, таму што закрануў [Ён] жылу сцягна Якуба.