Быццё 47 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І прыйшоў Язэп, і паведаміў фараону, і сказаў: «Бацька мой, і браты мае, і авечкі іхнія, і валы іхнія, і ўсё, што ў іх, прыйшлі з зямлі Ханаан, і вось, яны ў зямлі Гашэн».
І Язэп, увайшоўшы да фараона, абвясціў, сказаўшы: «Бацька мой і браты, авечкі іх і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі з зямлі Ханаан, і вось, яны знаходзяцца ў зямлі Гашэн».
І спаміж братоў сваіх ён узяў пяць чалавек, і паставіў іх перад фараонам.
І з усіх братоў сваіх пяць мужчын паставіў перад царом.
І сказаў фараон братам ягоным: «Які ваш занятак?» І яны сказалі фараону: «Пастухі авечак слугі твае, і мы, і бацькі нашыя».
Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, — пастухі авечак, і мы, і бацькі нашы».
І сказалі яны фараону: «Вандраваць у зямлі гэтай мы прыйшлі, бо няма пашы для авечак слугаў тваіх, бо вялікі голад у зямлі Ханаан. І цяпер, просім, дазволь пасяліцца слугам тваім у зямлі Гашэн».
І сказалі фараону: «Мы прыйшлі, каб качаваць па зямлі, бо ў нас няма травы для статка паслугачоў тваіх, бо павялічыўся голад у зямлі Ханаан. Просім, каб прызначыў нам, паслугачам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».
І сказаў фараон Язэпу, кажучы: «Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.
І сказаў цар Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.
Зямля Эгіпецкая перад абліччам тваім. У найлепшым месцы зямлі пасялі бацьку свайго і братоў сваіх. Няхай жывуць яны ў зямлі Гашэн. І калі ведаеш, што ёсьць паміж імі здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі над статкамі, якія ў мяне».
Зямля Егіпецкая перад табою. Пасялі іх на найлепшым месцы і аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».
І прывёў Язэп Якуба, бацьку свайго, і паставіў яго перад абліччам фараона. І дабраславіў Якуб фараона.
Пасля таго прывёў Язэп бацьку свайго да цара і паставіў яго перад ім. І дабраславіў Якуб фараона.
І сказаў фараон Якубу: «Колькі дзён [маюць] гады жыцьця твайго?»
Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцця твайго?»
І сказаў Якуб фараону: «Дзён гадоў вандраваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія былі дні гадоў жыцьця майго, і не дасягнулі яны да дзён гадоў жыцьця бацькоў маіх у днях вандраваньня іхняга».
Ён адказаў: «Дзён пілігрымавання майго — сто трыццаць гадоў, кароткіх і ліхіх; не дасягнулі яны нават дзён бацькоў маіх, на працягу якіх яны пілігрымавалі».
І дабраславіў Якуб фараона, і выйшаў ад аблічча фараона.
І, дабраславіўшы цара, выйшаў вонкі.
І пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім уласнасьць у зямлі Эгіпецкай, у найлепшай частцы зямлі той, у зямлі Рамсэс, як загадаў фараон.
А Язэп, па загадзе фараона, бацьку і братам сваім даў уладанне ў Егіпце ў найлепшым месцы — у зямлі Рамэсас,
І жывіў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго хлебам адпаведна [ліку] дзяцей.
і карміў ён іх ды ўвесь дом бацькі свайго, забяспечваючы харчамі кожнага.
А хлеба не было на ўсёй зямлі, бо голад быў вельмі цяжкі, і была вычарпаная зямля Эгіпецкая і зямля Ханаанская з прычыны голаду.
А на ўсёй зямлі не хапала хлеба, і зямлю ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Егіпта і Ханаана з-за голаду.
І сабраў Язэп усё срэбра, якое знайшлося ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за збожжа, якое куплялі, і прынёс Язэп срэбра ў дом фараона.
А ён праз продаж збожжа сабраў з гэтых земляў усе грошы і занёс іх у скарбніцу цара.
І скончылася срэбра ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. І прыйшоў увесь Эгіпет да Язэпа, кажучы: «Дай нам хлеба! Навошта мы маем памерці перад табою, бо скончылася срэбра».
І калі ў пакупнікоў не засталося грошай, усе жыхары Егіпта прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Нашто паміраць нам на вачах у цябе, бо не маем ужо грошай!»
І сказаў Язэп: «Дайце статак ваш, і я буду даваць вам [хлеб] за статак ваш, калі скончылася срэбра».
Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам ежы, калі не маеце платы».
І яны прыводзілі статак свой да Язэпа, і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі авечак, і за статкі валоў, і за аслоў; і жывіў іх хлебам за ўвесь статак іхні ў той год.
Калі яны прыводзілі, Язэп даваў ім харчы за коней, і авечак, і валоў, і аслоў. І карміў іх у той год у замену за жывёлу.
І скончыўся той год; і прыйшлі да яго ў наступным годзе, і сказалі яму: «Ня ўтоім ад пана нашага, што скончылася срэбра, і статкі скаціны нашай — у пана нашага. Не засталося нічога ў нас перад абліччам пана нашага, акрамя целаў нашых і грунтоў нашых.
На другі год таксама прыйшлі да яго і сказалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што не маем грошай, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і не сакрэт для цябе, што, акрамя целаў і зямлі, нічога болей не маем.
Навошта маем памерці перад вачыма тваімі, і мы, і грунты нашыя? Купі нас і грунты нашыя за хлеб; і будзем мы і грунты нашыя нявольнікамі фараона, а ты дай нам зерня, і мы будзем жыць, і не памрэм, і грунты не спусьцеюць».
Дык нашто нам паміраць на вачах тваіх, і нам, і зямлі нашай? Купі нас і зямлю нашу ў паднявольнасць цару ды забяспеч нас насеннем, каб разам з пагібеллю аратая не ператварылася зямля ў пустыню».
І набыў Язэп усе грунты ў Эгіпце для фараона, бо прадалі Эгіпцяне кожны поле сваё, бо прыціснуў іх голад. І зямля стала фараонавай.
І Язэп купіў усю зямлю Егіпецкую, бо кожны прадаў уладанне сваё дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў яе фараону,
А народ ён перавёў у гарады ад [аднаго] канца мяжы Эгіпту аж да [другога] канца яго.
а ўсе народы яе аддаў яму ў няволю, ад найбліжэйшых межаў Егіпта да самых далёкіх яго ўскрайкаў.
Толькі грунты сьвятароў не набыў, бо частка сьвятароў [была] ад фараона, і яны жывіліся са сваёй часткі, якую даў ім фараон; таму яны і не прадалі грунты свае.
Святарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэнні, таму не былі вымушаны прадаваць свае ўладанні.
І сказаў Язэп народу: «Вось, я купіў сёньня вас і грунты вашыя для фараона. Вось вам зерне, і засявайце зямлю.
І сказаў Язэп людзям: «Вось, бачыце, што і вы, і зямля ваша належыце фараону. Вазьміце насенне і засейце палі,
І калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам засеяць поле і на харчаваньне вам і тым, хто ў дамах вашых, і на харчаваньне дзецям вашым».
каб маглі мець ураджай. Пятую частку аддасце фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насенне і на ежу сем’ям і дзецям вашым».
А яны сказалі: «Ты захаваў нам жыцьцё. Няхай мы знойдзем ласку ў вачах пана нашага, і будзем слугамі фараону».
Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь да нас, гаспадару наш, а мы з радасцю будзем служыць цару».
І паставіў гэта Язэп як пастанову, якая дагэтуль у зямлі Эгіпецкай, што для фараона пятая частка [ўраджаю], толькі грунты сьвятароў [належаць] ім самім, ня сталі яны фараонавымі.
З таго часу аж па сённяшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі Егіпецкай фараонам; і было [гэта] ўсталявана Язэпам, як закон, за выключэннем зямлі святарскай, якая вольная ад гэтай умовы.
І жыў Ізраіль у зямлі Эгіпецкай, у зямлі Гашэн, і мелі ўласнасьць у ёй, і пладзіліся, і памножыліся вельмі.
І абжыўся Ізраэль у Егіпце, гэта значыць, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.
І жыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якуба, гадоў жыцьця ягонага — сто сорак сем гадоў.
І пражыў Якуб у зямлі Егіпецкай семнаццаць гадоў, і споўнілася ўсіх дзён жыцця яго сто сорак сем гадоў.
І наблізіліся дні Ізраілю, каб памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прашу, палажы руку сваю пад сьцягно маё і зрабі мне міласэрнасьць і праўду, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце.
А калі заўважыў, што набліжаецца дзень смерці яго, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, пакладзі руку сваю пад сцягно маё, ды праяві міласэрнасць і вернасць мне, ды не хавай мяне ў Егіпце!
Але буду я ляжаць з бацькамі сваімі. Вынясі мяне з Эгіпту і пахавай мяне ў магіле іхняй». І той сказаў: «Зраблю паводле слова твайго».
Але, калі засну з бацькамі маімі, вывезеш мяне з гэтай зямлі і пакладзеш у магілу продкаў маіх». Адказаў яму Язэп: «Зраблю я, як ты загадаў».
І сказаў [Якуб]: «Прысягні мне». І прысягнуў яму. І схіліўся Ізраіль на верх ложка.
Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль, адвярнуўшыся, схіліў галаву на ложак.