Быццё 47 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І прышоў Язэп, і паведаміў Фараону, і сказаў: «Ацец мой, і браты мае, і драбны й буйны статак іхны, і ўсе іхнае прышлі ізь зямлі Канаанскае; і вось, яны ў зямлі Ґошэн».
І Язэп, увайшоўшы да фараона, абвясціў, сказаўшы: «Бацька мой і браты, авечкі іх і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі з зямлі Ханаан, і вось, яны знаходзяцца ў зямлі Гашэн».
І з памеж братоў сваіх ён узяў пяцёх чалавекаў і пастанавіў іх перад Фараонам.
І з усіх братоў сваіх пяць мужчын паставіў перад царом.
І сказаў Фараон братом ягоным: «Які ваш занятак?» Яны сказалі Фараону: «Пастухі авец слугі твае, і мы, і бацькі нашыя».
Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, — пастухі авечак, і мы, і бацькі нашы».
І сказалі яны Фараону: «Падарожжаваць у зямлі прышлі мы, бо няма пашы статку слугаў тваіх; бо вялікая галадоў у зямлі Канаанскай. Дык дазволь. калі ласка, асяліцца слугам тваім у зямлі Ґошэн».
І сказалі фараону: «Мы прыйшлі, каб качаваць па зямлі, бо ў нас няма травы для статка паслугачоў тваіх, бо павялічыўся голад у зямлі Ханаан. Просім, каб прызначыў нам, паслугачам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».
І сказаў Фараон Язэпу, кажучы: «Айцец твой і браты твае прышлі да цябе.
І сказаў цар Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.
Зямля Ягіпецкая перад табою яна; на найлепшым месцу зямлі асялі айца свайго й братоў сваіх; няхай жывуць яны ў зямлі Ґошэн. І калі ведаеш, што меж іх ё здатныя людзі, дык пастанаві іх дагляднікамі над тым статкам, што ў мяне».
Зямля Егіпецкая перад табою. Пасялі іх на найлепшым месцы і аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».
І прывёў Язэп Якава, айца свайго, і пастанавіў яго перад Фараонам; і дабраславіў Якаў Фараона.
Пасля таго прывёў Язэп бацьку свайго да цара і паставіў яго перад ім. І дабраславіў Якуб фараона.
І Фараон сказаў Якаву: «Колькі дзён год жыцьця твайго?»
Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцця твайго?»
І сказаў Якаў Фараону: «Дзён год падарожжаваньня майго сто трыццаць год; малыя й ліхія былі дні год жыцьця майго, і не дасяглі да дзён год жыцьця айцоў маіх у днёх падарожжаваньня іхнага».
Ён адказаў: «Дзён пілігрымавання майго — сто трыццаць гадоў, кароткіх і ліхіх; не дасягнулі яны нават дзён бацькоў маіх, на працягу якіх яны пілігрымавалі».
І дабраславіў Якаў Фараона, і вышаў ад Фараона.
І, дабраславіўшы цара, выйшаў вонкі.
І асяліў Язэп айца свайго а братоў сваіх, і даў ім дзяржаву ў зямлі Ягіпецкай, у найлепшай часьці зямлі, у зямлі Рамсэс, як загадаў Фараон.
А Язэп, па загадзе фараона, бацьку і братам сваім даў уладанне ў Егіпце ў найлепшым месцы — у зямлі Рамэсас,
І жывіў Язэп айца свайго а братоў сваіх, і ўсю дамову айца свайго хлебам подле патрэбаў дзецянят.
і карміў ён іх ды ўвесь дом бацькі свайго, забяспечваючы харчамі кожнага.
І хлеба ня было па ўсёй зямлі, бо галадоў вельмі павялічылася, і высілілася зямля Ягіпецкая а зямля Канаанская з галадові.
А на ўсёй зямлі не хапала хлеба, і зямлю ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Егіпта і Ханаана з-за голаду.
І зьбер Язэп усе срэбла, якое знайшлося ў зямлі Ягіпецкай і ў зямлі Канаанскай, за збожжа, каторае куплялі, і ўнёс Язэп срэбла ў дом Фараонаў.
А ён праз продаж збожжа сабраў з гэтых земляў усе грошы і занёс іх у скарбніцу цара.
І скончылася срэбла зямлі Ягіпецкай і зямлі Каяаанскай. І прышоў увесь Ягіпет да Язэпа, кажучы: «Дай нам хлеба, чаму маем паміраць перад табою, бо вышла срэбла».
І калі ў пакупнікоў не засталося грошай, усе жыхары Егіпта прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Нашто паміраць нам на вачах у цябе, бо не маем ужо грошай!»
Язэп сказаў: «Дайце статак ваш, і я буду даваць вам за статак ваш, калі вышла срэбла».
Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам ежы, калі не маеце платы».
І яны прыводзілі статак свой да Язэпа; і даваў ім Язэп хлеб за коні, і за стады драбнога статку, і за стады буйнога статку, і за аслы; і жывіў іх хлебам за ўвесь статак іхны таго году.
Калі яны прыводзілі, Язэп даваў ім харчы за коней, і авечак, і валоў, і аслоў. І карміў іх у той год у замену за жывёлу.
І скончыўся гэты год; і прышлі да яго на налецьце, і сказалі яму: «Ня ўтоім ад спадара нашага, што высілілася срэбла, і стады статку нашага ў спадара нашага; не засталося нічога ў нас перад спадаром нашым, апрача целаў нашых і земляў нашых.
На другі год таксама прыйшлі да яго і сказалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што не маем грошай, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і не сакрэт для цябе, што, акрамя целаў і зямлі, нічога болей не маем.
Чаму нам памерці перад ачыма тваімі, таксама нам, таксама зямлі нашай? Купі нас і землі нашы за хлеб; і будзем мы й землі нашы слугамі Фараону; а ты дай нам сяўбы, і будзем жывы, і не памрэм, і зямля ня спусьцее».
Дык нашто нам паміраць на вачах тваіх, і нам, і зямлі нашай? Купі нас і зямлю нашу ў паднявольнасць цару ды забяспеч нас насеннем, каб разам з пагібеллю аратая не ператварылася зямля ў пустыню».
І купіў Язэп усю зямлю Ягіпецкую Фараону, бо прадалі Ягіпцяне кажны свае поле, бо апанавала іх галадоў. І зямля стала Фараонавай.
І Язэп купіў усю зямлю Егіпецкую, бо кожны прадаў уладанне сваё дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў яе фараону,
А што да люду, дык ён перавёў яго да местаў ад канца граніцы Ягіпту аж да канца яго.
а ўсе народы яе аддаў яму ў няволю, ад найбліжэйшых межаў Егіпта да самых далёкіх яго ўскрайкаў.
Адно зямлі сьвятароў ня купіў, бо дзель у сьвятароў ад Фараона, і яны жывіліся сваёй дзельлю, каторую ім даў Фараон; затым і не прадалі зямлі свае.
Святарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэнні, таму не былі вымушаны прадаваць свае ўладанні.
І сказаў Язэп люду: «Вось, я купіў вас сядні й землі вашы Фараону; во вам сяўба, і засявайце зямлю.
І сказаў Язэп людзям: «Вось, бачыце, што і вы, і зямля ваша належыце фараону. Вазьміце насенне і засейце палі,
І як будзе жніво, то давайце пятую часьць Фараону; а чатыры часьці застануцца вам засеяць поле і на еміну вам і тым, што ў дамовах вашых, і на еміну дзецянятам вашым».
каб маглі мець ураджай. Пятую частку аддасце фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насенне і на ежу сем’ям і дзецям вашым».
Яны сказалі: «Ты захаваў нам жыцьцё, няхай знойдзем ласку ў ваччу спадара свайго, і будзем слугамі Фараону».
Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь да нас, гаспадару наш, а мы з радасцю будзем служыць цару».
І ўставіў гэта Язэп правам аж дагэтуль у зямлі Ягіпецкай — Фараону пятую часьць, толькі зямля сьвятароў ім самым, ня была яна Фараонава.
З таго часу аж па сённяшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі Егіпецкай фараонам; і было [гэта] ўсталявана Язэпам, як закон, за выключэннем зямлі святарскай, якая вольная ад гэтай умовы.
І жыў Ізраель у зямлі Ягіпецкай, у зямлі Ґошэн, і дзяржалі яе, і пладзіліся, і размножыліся вельмі.
І абжыўся Ізраэль у Егіпце, гэта значыць, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.
І жыў Якаў у зямлі Ягіпецкай сямнанцаць год; і было дзён Якаву, год жыцьця ягонага сто сорак сем год.
І пражыў Якуб у зямлі Егіпецкай семнаццаць гадоў, і споўнілася ўсіх дзён жыцця яго сто сорак сем гадоў.
І дабліжыліся дні Ізраелю памерці, і гукнуў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі ж я знайшоў ласку ў ваччу тваім, палажы руку сваю пад сьцягно мае і зрабі імне ласку й праўду, не пахавай, калі ласка, мяне ў Ягіпце,
А калі заўважыў, што набліжаецца дзень смерці яго, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, пакладзі руку сваю пад сцягно маё, ды праяві міласэрнасць і вернасць мне, ды не хавай мяне ў Егіпце!
І буду ляжаць із бацькамі сваімі; вынясі мяне зь Ягіпту і пахавай мяне ў гробе іхным». І сказаў: «Зраблю подле слова твайго».
Але, калі засну з бацькамі маімі, вывезеш мяне з гэтай зямлі і пакладзеш у магілу продкаў маіх». Адказаў яму Язэп: «Зраблю я, як ты загадаў».
І сказаў: «Прысягні імне». І прысягнуў яму. І сьхінуўся Ізраель на верх посаха.
Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль, адвярнуўшыся, схіліў галаву на ложак.