Быццё 43 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Галадоў цяжэла на зямлі.
 
Тым часам голад страшэнна прыціскаў усю зямлю.

І было як яны скончылі есьці збожжа, каторае прывезьлі зь Ягіпту, і сказаў ім ацец іхны: «Зьвярніцеся, купіце нам троху еміны».
 
Па спажыцці харчоў, якія прывезлі з Егіпта, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце для нас крыху харчоў».

І сказаў яму Юда, кажучы: «Тый чалавек стродка асьветчыў нам, сказаўшы: "Не абачыце віду майго, хіба будзе брат ваш із вамі".
 
Адказаў Юда: «Заявіў нам чалавек той пад прысягаю: “Не ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзеце з сабой наймалодшага брата вашага”.

Калі згаджаешся паслаць брата нашага з намі, то зыйдзем а купім табе еміны;
 
Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, пойдзем адначасна і купім табе неабходнае.

А калі не пашлеш, дык ня зыйдзем, бо тый чалавек сказаў нам: "Не абачыце віду майго, хіба будзе брат ваш із вамі"».
 
Калі не згаджаешся, не пойдзем, бо чалавек той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: “Не ўбачыце аблічча майго без малодшага брата вашага”».

І сказаў Ізраель: «Нашто вы зрабілі імне ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ё яшчэ брат?»
 
І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, паведаміўшы, што вы маеце іншага брата?»

Яны сказалі: «Пытаючы, распытаваў тый чалавек праз нас а праз радню нашу, кажучы: "Ці яшчэ айцец ваш жыў? ці ёсьць у вас брат?" Мы й казалі яму подле гэтых словаў ягоных. Ці маглі мы напэўна ведаць, што ён скажа: "Зьвядзіце брата вашага"».
 
А яны адказалі: «Распытваў нас чалавек той пра радню нашую па парадку: ці жывы бацька, ці ёсць у нас брат, — і мы адказвалі яму паслядоўна паводле таго, пра што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: “Прывядзіце брата вашага з сабой”?»

І сказаў Юда Ізраелю, айцу свайму: «Пашлі хлапца; і мы ўстанем, і пойдзем, і будзем жыць, і не памрэм, і мы, і ты, і дзецяняты нашыя.
 
І сказаў Юда бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусці хлопца са мною, каб мы выправіліся і каб маглі жыць, каб не памерлі мы, і ты, і малыя нашыя.

Я паручуся за яго, з мае рукі будзеце вымагаць яго. Калі я не прывяду яго да цябе і не пастанаўлю перад табою, то буду я грэшны перад табою на ўсі дні жыцьця.
 
Я адказваю за хлопца, з маёй рукі запатрабуй яго. Калі не вярну і не аддам табе яго, буду вінаваты ў граху перад табой назаўсёды.

Бо калі б мы не пазьніліся, дык цяпер мы ўжо зьвярнуліся б двойчы».
 
Калі б не было адтэрміноўкі, другі раз ужо, напэўна, схадзілі б».

І сказаў ім Ізраель, айцец іхны: «Калі так, дык во што зрабіце: вазьміце з найлепшых пладоў зямлі ў судзіны вашыя і зьнясіце чалавеку дар: троху бальсаму а троху мёду а пернасьці а ладан а дактыляў а мігдалаў.
 
Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў зямлі ў посудах сваіх і занясіце як дары таму чалавеку крыху пахкай жывіцы, мёду, трагаканту і ладану, тэрэбінітавых фісташак і міндальных арэхаў.

І срэбра другім наваратам вазьміце ў рукі вашы, а срэбра, назад паложана ў вадтуліны мяхоў вашых, зьвярніце рукамі сваімі: можа гэта абмыла.
 
А грошай вазьміце з сабой удвайне, ды тыя, што знайшлі ў мяшках, занясіце назад, каб часам не было памылкі;

І брата вашага бярыце, і, устаўшы, зьвярніцеся да чалавека таго.
 
таксама вазьміце вашага брата і ідзіце да таго чалавека.

І БОГ Усемагучы дасьць вам ласку перад відам таго чалавека, і ён выпусьце вам брата вашага другога а Веняміна. А я, калі спабудуся сваіх дзяцей, то спабудуся».
 
Хай Усемагутны Бог мой дасць, каб ён пашкадаваў вас і адпусціў вашага брата, якога трымае, ды і гэтага Бэньяміна. А я, быццам сірата, застануся без дзяцей».

І ўзялі тыя людзі дар гэты, і срэбла ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веняміна; і ўсталі, і зышлі да Ягіпту, і сталі перад Язэпам.
 
І ўзялі яны падарункі, і падвоеныя грошы, і Бэньяміна, і накіраваліся ў Егіпет, і прадсталі перад Язэпам.

І абачыў Язэп ізь імі Веняміна, і сказаў дамаверу свайму: «Увядзі гэтых людзёў у дом, і зарэж, што можна зарэзаць, і прыгатуй, бо з імною будуць палуднаваць гэтыя людзі».
 
Калі ён убачыў іх і Бэньяміна разам, загадаў аканому дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом, і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есці апоўдні».

І зрабіў тый чалавек так, як сказаў Язэп, і ўвёў тый чалавек людзёў гэтых у дом Язэпаў.
 
І той зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.

І баяліся людзі гэтыя, што прывялі іх да дому Язэпавага, і сказалі: «Гэта з прычыны срэбла, зьверненага ўперад у мяхі нашыя, прывялі нас, каб накінуцца на нас, і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслы нашыя».
 
Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней прынеслі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасці раптам на нас, і зрабіць нас гвалтоўна нявольнікамі, і аслоў нашых забраць».

І дабліжыліся яны да дамавера Язэпавага, і гукалі яму ля ўходу ў дом;
 
Дзеля таго ў самых дзвярах падышлі яны да аканома дому

І сказалі: «О спадару наш, зыходзячы зышлі мы спачатку купляць еміны;
 
і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо мы прыходзілі, каб купіць харчоў,

І было, як мы прышлі на папас, і разьвязалі мяхі свае — і во, срэбла кажнага ў вадтуліне мяха ягонага, срэбла нашае подле вагі свае, і мы зварачаем яго сваімі рукамі.
 
І, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд, то адкрылі мяхі свае і знайшлі наверсе мяхоў грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезлі назад.

І срэбла другое мы зьнесьлі ў руках сваіх купіць еміны. Мы ня ведаем, хто паклаў срэбла нашае ў мяхі нашыя».
 
Але мы прывезлі таксама срэбра, каб купіць тое, што нам неабходна. Мы не ведаем, хто паклаў срэбра ў нашы мяхі».

Ён сказаў: «Супакой вам! ня бойцеся! Бог ваш і Бог айца вашага даў вам скарб у мяхох вашых. Вашае срэбла прышло да мяне». І вывеў да іх Сымона.
 
Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, не бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у вашы мяхі. Бо грошы, якія далі вы мне, мною пацверджаны». І прывёў да іх Сімяона.

І ўвёў чалавек тый людзёў гэтых у дом Язэпаў, і даў вады, і яны ўмылі ногі свае; і даў пошару аслом іхным.
 
І, увёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іх.

І яны прыгатавалі дар да прыходу Язэпа ў палудзень, бо чулі, што там будуць палуднаваць.
 
А яны падрыхтавалі дары, перш чым прыйшоў Язэп апоўдні. Бо дачуліся, што там будуць палуднаваць.

І прышоў Язэп двору; і яны прынесьлі яму да дому дар, каторы ў руках іхных, і білі яму чалом да зямлі.
 
І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынеслі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі.

Ён папытаўся ў іх праз дабрабыт і сказаў: «Ці добра маецца ваш ацец стары, праз каторага вы гукалі? Ці жывець яшчэ ён?»
 
А ён, ласкава прывітаўшы ў адказ, запытаўся ў іх, кажучы: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра якога расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?»

І сказалі яны: «Добра слузе твайму, айцу нашаму, яшчэ жывець». І сьхінуліся, і пакланіліся.
 
Яны адказалі: «Здаровы паслугач твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму.

І ўзьняў вочы свае, і абачыў Веняміна, брата свайго, сына маці свае, і сказаў: «Ці гэта брат ваш малы, праз каторага вы казалі імне?» І сказаў: «Бог хай зьмілуецца над табою, сыну мой».
 
І, падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэньяміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой».

І пабарзьдзіў Язэп, бо ўзгарэліся яго пачуцьці да ягонага брата, і ён шукаў плакаць; і ўвыйшоў ён у пакой, і плакаў там.
 
І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата яго і вырываліся слёзы. І, увайшоўшы ў пакой, ён расплакаўся.

І ўмыў від свой, і вышаў, і ўзьдзержаваўся, і сказаў: «Пастанавіце хлеб».
 
Пасля, абмыўшы твар, вярнуўся; і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце ежу».

І пастанавілі яму асобна, і ім асобна, і Ягіпцянам, што елі зь ім, асобна, бо Ягіпцяне ня могуць есьці з Гэбрэямі хлеба, бо гэта агідна Ягіпцянам.
 
І калі падалі ім, асобна Язэпу і асобна братам, і таксама асобна егіпцянам, якія елі разам, — бо недапушчальна егіпцянам есці разам з гебраямі, і гэткі абед лічаць ганебным, —

І селі яны перад ім, перша родны подле першароднасьці свае, а малады подле маладосьці свае, і дзівіліся людзі адзін перад адным.
 
то селі яны перад ім; першародны паводле першародства свайго, а малодшы — паводле ўзросту свайго. І здзіўляліся вельмі,

І падавалі дзелі ад яго ім. І памнажыў дзель Веняміну супроці дзеляў кажнага зь іх пяць разоў. І пілі, і ўпіліся зь ім.
 
прымаючы порцыі, якія атрымлівалі ад яго; і большая порцыя дасталася Бэньяміну; яна ўпяцёра пераўзыходзіла іншыя порцыі. І пілі яны, і захмялелі разам з ім.