Быццё 37 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І жыў Якаў у зямлі падарожжаваньня айца свайго, у зямлі Канаанскай.
І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па якой вандраваў бацька яго.
Гэта падзеі ў Якава. Язэп, будучы семнанцацёх год, пасьціў статак із братамі сваімі, (а быў хлапцом), із сынамі Валінымі і із сынамі Зэлфінымі, жонак айца свайго. І прыносіў Язэп іхныя словы ліхія да айца іхнага.
Вось радавод Якуба. Язэп, калі меў семнаццаць гадоў, яшчэ юнаком пасвіў статак разам з братамі сваімі; і быў ён разам з сынамі Більгі і Зільпы, жонак бацькі свайго; і паведамляў ён бацьку благія чуткі пра іх.
І Ізраель любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонае; і справіў яму хітон калярысты.
А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што нарадзіўся ён у яго старасці, і справіў яму доўгую кашулю.
І абачылі браты ягоныя, што яго любе ацец іхны болей за ўсіх братоў, і зьненавідзілі яго, і не маглі гукаць ізь ім супакойна.
І браты яго, бачачы, што бацька любіць яго болей за ўсіх сыноў, зненавідзелі яго і не маглі з ім спакойна гаварыць.
І сьніў Язэп сон, і расказаў братом сваім: і яны болей яшчэ зьненавідзілі яго.
І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім убачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісці да яго.
Ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, каторы я сьніў:
Ён казаў ім: «Паслухайце сон мой, што я бачыў:
І вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў мой сноп, і так стаяў; і вось, абступілі яго вашы снапы і пакланіліся майму снапу».
снілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і быццам бы сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі мой сноп і пакланіліся яму».
І сказалі яму браты ягоныя: «Нягож ты будзеш запраўды караляваць над намі? нягож запраўды будзеш радзіць нас?» І болей яшчэ зьненавідзілі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
І сказалі яму браты: «Няўжо ты будзеш нашым царом? І няўжо будзеш валадарыць над намі, і будзем у тваёй уладзе?» І яшчэ горш яго зненавідзелі з прычыны яго сноў і слоў.
І сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братом сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў сон яшчэ: і вось, сонца, і месяц, і адзінанцаць гвездаў кланяюцца імне».
А потым убачыў ён яшчэ іншы сон і, распавядаючы яго, так сказаў братам сваім: «Снілася мне, быццам сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
І ён расказаў айцу свайму і братом сваім; і павайцяў яго ацец ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, каторы ты сьніў? нягож запраўды прыду я, і маці твая, і браты твае пакланіцца табе да зямлі?»
А калі гэта расказваў свайму бацьку і братам, бацька яго пасварыўся на яго і сказаў: «Што можа значыць гэты сон, які ты ўбачыў? Ці ж я і маці твая, і браты твае будзем кланяцца табе аж да зямлі?»
І завідавалі яму браты ягоныя, а ацец ягоны хаваў гэтае слова.
Дык браты яго зайздросцілі яму, а бацька абдумваў гэта моўчкі.
І пайшлі браты ягоныя пасьціць статак айца свайго ў Сыхеме.
І калі яго браты, пасвячы бацькавы статкі, прабывалі ў Сіхэме,
І сказаў Ізраель Язэпу: «Ці браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Пайдзі; я пашлю цябе да іх». Ён сказаў яму: «Во я!»
сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасвяць авечак у Сіхэме, ідзі, пашлю цябе да іх». Калі ж ён адказаў:
І сказаў яму: «Пайдзі ж, паглянь, ці ў супакою браты твае і ці ў супакою статак, і зьвярні імне словы». І паслаў яго з даліны Гэўронскае; і ён прышоў да Сыхему.
«Я гатовы», той гаворыць яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку з братамі тваімі і з жывёлай, і раскажы мне, як справы». І паслаў яго з даліны Геброна, і прыбыў ён у Сіхэм.
І знайшоў яго чалавек, і во, ён блудзе ў полю, і папытаўся ў яго тый чалавек, кажучы: «Чаго шукаеш?»
І вось, напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.
Ён сказаў: «Братоў сваіх я шукаю; скажы ж імне, ідзе яны пасьвяць?»
А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасвяць статак?»
І сказаў тый чалавек: «Яны перагналіся адгэтуль; бо я чуў, як яны казалі: "Пайдзіма да Дофану!"» І пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Дофане.
І сказаў яму чалавек: «Пайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: “Хадзем у Датайн”». І падаўся Язэп следам за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датайне.
І абачылі яны яго здалеку, і ўперад чымся ён дабліжыўся да іх, змаўляліся яго забіць.
Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, перш, чым падышоў ён да іх, надумаліся яго забіць.
І сказалі брат брату: «Во, гэты сьненьнік прышоў.
І гаварылі адзін аднаму: «Вось, сненнік ідзе,
І цяпер пайдзіма й забіма яго, і кіньма яго ў вадну зь ямаў, і скажам: "Злы зьвер ізьеў яго"; і пабачым, што будзе зь ягоных сноў».
хадзем, заб’ём яго і ўкінем у адну са студняў, і скажам, што дзікі звер яго з’еў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны яго».
І пачуў Рувін, і выбавіў яго з рук іхных, і сказаў: «Не забіма душы».
Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іх і сказаў:
І сказаў ім Рувін: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэту яму, каторая на пустыні, а рукі ня выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхнае, каб зьвярнуць яго айцу ягонаму.
«Не будзем забіваць яго. Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, якая ёсць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іх і вярнуць бацьку яго.
І было, як Язэп прышоў да братоў сваіх, і зьдзелі яны зь Язэпа хітон ягоны, хітон калярысты, каторы на ім;
І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа знялі з яго доўгую кашулю
І ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; яма ж пустая, няма ў ёй вады.
і ўкінулі яго ў студню, якая была без вады.
І селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і абачылі, і во, караван Ізмайлаўцаў прышоў з Ґілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пернасьці, бальсам а міру: ідуць зьвезьці гэта да Ягіпгу.
І селі яны, каб з’есці хлеба, а калі паднялі вочы, убачылі падарожнікаў ізмаэліцкіх, што ехалі з Галаада, і іх вярблюдаў, якія неслі жывіцу, трагакант, масціку і ладан у Егіпет.
І сказаў Юда братом сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам за карысць, калі заб’ём брата нашага і схаваем кроў яго?
Пайдзіма й прадайма яго Ізмайлаўцам, а рукі нашы няхай ня будуць на ім; бо брат наш, цела наша». І паслухалі яго браты ягоныя.
Лепш прадаць яго ізмаэльцам, і рукі нашы не спаганім. Ён усё ж брат наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.
І прайшлі Мідзяняне, купцы, і выцягнулі Язэпа зь ямы, і прадалі Язэпа Ізмайлаўцам за дваццаць срэбнікаў; а яны прывялі Язэпа да Ягіпту.
І калі купцы мадыянскія ішлі паўз іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго ізмаэльцам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі яго ў Егіпет.
І зьвярнуўся Рувін да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. І разарваў адзецьце свае,
А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,
І зьвярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Дзяцяці няма, а я куды, куды я пайду?»
дык разарваў на сабе адзенне, і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
І ўзялі хітон Язэпаў, і зарэзалі казянё, і занурылі хітон у кроў;
І ўзялі яны тады адзенне яго, і памачылі ў кроў казла, якога забілі,
І паслалі хітон калярысты, і прынесьлі айцу свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі: пазнай жа, адзецьце сына твайго гэта, ці не?»
і паслалі да бацькі, каб прынеслі і сказалі: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, ці гэта доўгая кашуля сына твайго, ці не?»
І ён пазнаў яго, і сказаў: «Хітон сына майго; злы зьвер ізьеў яго; разарваны, разарваны Язэп».
І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж кашуля сына майго, драпежнік з’еў яго; дзікі звер разарваў Язэпа».
І разарваў Якаў адзецьце свае, і меў жалобу па сыну сваім шмат дзён.
І разадраў ён адзенне, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.
І ўсталі ўсі сынове ягоныя і ўсі дачкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і сказаў: «Бо зыйду да сына свайго із смуткам да шэолю». І плакаў па ім ацец ягоны.
І калі сабраліся ўсе дзеці яго, каб суцішыць боль бацькі, не хацеў ён слухаць суцяшэнняў і казаў: «Са смуткам пайду за сынам маім у апраметную». І плакаў па ім бацька яго.
І Мідзяняне прадалі яго ў Ягіпце Потыфару, легчанцу Фараонаваму, начэльніку старожы.
А мадыянцы прадалі Язэпа ў Егіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.