Быццё 10 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І во роды сыноў Ноевых: Сэма, Хама а Яфэта. І нарадзіліся ў іх дзеці просьле патопы.
 
Вось гэтыя нашчадкі сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. Па патопе нарадзіліся ім сыны.

Сынове Яфэтавы: Ґомер а Маґоґ а Мадай а Яван а Фувал а Мешэх а Фірас.
 
Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тубал, Масок і Тыр.

І сыны Ґомеравы: Аскеназ а Рыфат а Фоґарма.
 
Сыны Гамэра: Аскеназ, і Рыфат, і Тагарма.

І сыны Явановы: Еліса а Фарыс, Кітым а Доданім.
 
Сыны ж Явана: Эліса і Тарсіс, Кітым і Раданім.

Ад гэтых апрычыліся абтокі народаў у землях іхных, кажны подле мовы свае і подле плямёнах сваіх, у народах сваіх.
 
Ад іх паходзяць жыхары ўзбярэжжаў і астравоў, падзеленыя паводле сваіх краёў і сваёй мовы, па плямёнах і паводле сваіх народаў.

І сыны Хамавы: Куш а Міцраім а Фут а Канаан.
 
А сыны Хама: Куш, і Міцраім, і Пут, і Ханаан.

І сынове Кушавы: Сэва а Гавіла а Саўга а Рама а Саўтэха. І сыны Рамавы: Шэва а Дэдан.
 
Сыны Куша: Саба, і Хавіла, і Сабата, і Рэгма, і Сабатаха. Сыны Рэгмы: Саба і Дэдан.

І Куш нарадзіў Німрода: гэты пачаў быць дужасілам на зямлі.
 
Куш быў бацькам Німрода. Ён быў першым магутным на зямлі,

Ён быў дужы паляўнічы перад відам СПАДАРОВЫМ; затым кажуць: «Дужы паляўнічы, як Німрод перад відам СПАДАРОВЫМ».
 
і ён быў дужы паляўнічы перад Госпадам. Адсюль пайшла прыказка: «Як Німрод, дужы паляўнічы перад Госпадам».

І быў пачатак гаспадарства ягонага: Бабілён а Эрэх а Аккад а Халне, у зямлі Шынар.
 
Пачаткам валадарання яго быў Бабілон, і Эрэх, і Акад, і Хальнэ у зямлі Сэнаар.

З тае зямлі вышаў Асур, і збудаваў Ніневу, і места Рэговоф, Калаг,
 
З гэтай зямлі ён выйшаў у Асірыю і пабудаваў Нініву, Рэхабот-Ір і Калах,

І Рэсэн памеж Ніневы й Калагі; гэта тое места вялікае.
 
таксама Расэн, вялікі горад між Нінівай і Калахам.

І Міцраім нарадзіў Лудымы а Анамімы а Легавімы а Нафтугімы
 
А Міцраім быў бацькам Луда, і Анама, і Лааба, і Нафтуа,

А Патрусымы а Каслугімы, адкуль вышлі Пілішчане, а Кафторымы.
 
і Патруса, і Каслуха, і Кафтора, ад якіх паходзяць філістынцы.

І Канаан нарадзіў Сыдона, першароднага свайго, а Гэта
 
Ханаан жа меў сыноў: першароднага Сідона, Хета,

А Евусэя а Аморэя а Ґерґесэя
 
і Евусея, і Амарэя, Гергесея,

А Гівея а Арка а Сыня
 
Гівея і Арацэя, Сінэя

А Арвада а Цэмара а Гамафа. А потым пашырыліся плямёны Канаанавы.
 
і Арадзія, Самарэя і Эматэя; і пасля таго рассеяліся народы хананеяў.

І была граніца Канаана ад Сыдону, ідучы на Ґерар, аж да Ґазы, ідучы на Содому, Ґомору, Адму а Цэвуім аж да Ляшы.
 
І былі межы хананеяў, калі ісці ад Сідона ў напрамку Герара аж да Газы, пакуль не дойдзеш да Садома і Гаморы, і да Адамы і Себаіма, аж да Лесы.

Гэта сынове Хамавы, подле плямёнаў сваіх, подле моваў сваіх, па краёх сваіх і на родах сваіх.
 
Гэта нашчадкі Хама паводле іх плямёнаў і моў, земляў і народаў.

І Сэм — у яго таксама нарадзіліся дзеці, ён быў ацец усіх сыноў Гэверавых і старшы брат Яфэтаў.
 
Таксама ад Сэма, бацькі ўсіх сыноў Гебэра, старэйшага брата Яфэта, нарадзіліся [нашчадкі].

Сынове Сэмавы: Елам а Асур а Арпаксад а Луд а Арам.
 
Сыны Сэма: Элам, і Асур, і Арпаксад, і Луд, і Арам.

А сыны Арамовы: Уц а Гул а Ґефера а Маш.
 
Сыны Арама: Уц, і Гул, і Гетэр, і Мэс.

І Арпаксад нарадзіў Шалага, Шалаг нарадзіў Эвера.
 
А Арпаксад быў бацькам Салы, ад якога нарадзіўся Гебэр.

У Эвера нарадзіліся два сыны; імя аднаго Фалек, бо за дзён ягоных зямля была падзелена, і імя брата Ягонага Ёктан.
 
Нарадзіліся ж у Гебэра два сыны: першаму імя Пэлег, таму што ў днях яго раздзялілася зямля, а імя брата яго Ектан,

І Ёктан нарадзіў Алмодана а Шалефа а Хацармавефа а Ераха
 
Той Ектан быў бацькам Эльмадада, і Салефа, і Асармота, і Ярэ,

А Гадорама а Узала а Дыклу
 
і Адарама, і Узала, і Дэклы,

А Овала а Авімеля а Шэву
 
і Абала, і Абімаэля, і Сабы,

А Офіра а Гавілу а Ёвава; усі гэта сынове Ёктановы.
 
і Афіра, і Хавіла, і Ёбаба. Яны ўсе сыны Ектана.

І былі сялібы іхныя ад Мешы, ідучы на Сэфар, гару ўсходнюю.
 
Месца іх пражывання было, калі ісці ад Мэшы аж да Сэфара, усходняй гары.

Гэта сынове Сэмавы, подле плямёнаў сваіх, подле моваў сваіх, па краёх сваіх, у народах сваіх.
 
Яны сыны Сэма паводле плямёнаў, і моў, і земляў у народах сваіх.

Гэта плямёны сыноў Ноевых, подле радзімаў сваіх, і ў народах сваіх. Ад іх пашырыліся народы па зямлі па патопе.
 
Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле сваяцтва і народаў сваіх. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі па патопе.