Быццё 40 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было просьле гэтых прыгодаў: ізграшылі чашнік караля Ягіпецкага і тый пякар перад спадаром сваім, перад каралём Ягіпецкім.
 
Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што чарнік цара егіпецкага і пекар правініліся перад гаспадаром сваім.

І загневаўся Фараон на двух легчанцоў сваіх — на князя чашнікаў а на князя пекароў;
 
І фараон, разгневаўшыся на двух еўнухаў: на загадчыка чарнікаў і на загадчыка пекараў,

І аддаў іх да дому нагляду начэльніка старожы, у вязьніцу, месца, ідзе Язэп быў там вязьням.
 
адправіў іх пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў, ў вязніцу, дзе ўвязнены быў Язэп.

І прызначыў начэльнік старожы Язэпа да іх, і ён служыў ім. І былі яны шмат дзён пад старожаю.
 
І вось, начальнік варты перадаў іх Язэпу, які прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.

І сьнілі яны абодва, кажны свой сон, аднае ночы, кажны подле зьясьненьня сну ягонага, чашнік а пякар, каторы ў караля ягіпецкага, каторыя былі вязьні ў доме вязьнічным.
 
Аднойчы ноччу яны абодва бачылі сон з адпаведным сэнсам для сябе.

І прышоў да іх Язэп нараніцы, абачыў іх, і во, яны смутныя.
 
І калі да іх раніцай прыйшоў Язэп і ўбачыў іх сумнымі,

І папытаўся ён у легчанцоў фараонавых, што былі пад старожаю зь ім у доме спадара ягонага, кажучы: «Чаму ў вас сядні благія віды?»
 
то спытаўся ў іх: «Чаму сёння сумнейшы твар ваш, чым звычайна?»

І сказалі яны яму: «Сонмы сьнілі, а зьясьніць няма каму». І сказаў ім Язэп: «Ці ня ў Бога зьясьненьне? паведайце імне».
 
Яны адказалі: «Бачылі мы сон, і няма каму нам растлумачыць яго». І сказаў ім Язэп: «Ці не ў Бога вытлумачэнне? Скажыце мне, што вы бачылі».

І паведаў князь чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: «У маім сьне, і вось, вінное сьцябло перад імною.
 
Начальнік чарнікаў расказаў свой сон: «Бачыў я перад сабою вінаградны куст,

І на сьцябле тры галузы. Яно быццам разьвівалася, расквіло яно, насьпелі гранкі ягадаў.
 
на якім былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па квецені наспелі ягады.

І чара фараонава ў руццэ ў мяне. Я ўзяў ягадаў, выціснуў іх у чару фараонаву, і падаў чару ў руку Фараону».
 
І келіх фараона ў руцэ маёй. Я ўзяў гронкі і выціснуў у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону».

І сказаў яму Язэп: «Во, зьясьненьне яго: тры галузы тры дні яны.
 
Язэп сказаў: «Такое тлумачэнне сну: тры галінкі — гэта яшчэ тры дні,

За тры дні падыйме Фараон галаву тваю, і зьверне цябе на месца твае, і ты падасі Фараону ў руку ягоную, як зараджана ўперад, як ты быў чашнікам ягоным.
 
па якіх фараон падыме галаву табе і верне цябе на ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.

І калі б ты ўспомнеў мяне, як будзеш мецца добра; і зрабі ж імне ласку, учыні менку празь мяне Фараону, і вывядзі мяне з гэтага дому;
 
Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды зрабі мне ласку і падкажы фараону, каб выпусціў ён мяне з гэтай вязніцы.

Бо я крадзьма ўкрадзены ізь зямлі Гэбрэяў, дый таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу».
 
Бо я ўкрадзены з зямлі гебраяў, і тут нявінна ўкінуты ў яму».

І пабачыў князь пекароў, што добра зьясьніў, і сказаў Язэпу: «Я таксама сьніў, і во, тры сутнікі плеценыя на галаве ў мяне.
 
А загадчык пекараў, бачачы, што ён разгадаў сон на добрае, сказаў: «І я бачыў сон, што трымаў я на галаве тры кашы мукі

І ў сутніку верхнім із усялякае ежы Фараонавае ўменьня пякарскага; і птуства ела іх із сутніка на галаве маёй».
 
і што ў адным кашы, які быў вышэйшы, розная ежа фараона, якая вырабляецца ўмельствам пекара, і птушкі клявалі яе».

І адказаў Язэп, і сказаў: «Во зьясьненьне яго: тры сутнікі — гэта тры дні;
 
Язэп адказаў: «Вось такое тлумачэнне сну: тры кошыкі значаць яшчэ тры дні.

І за тры дні падыйме Фараон галаву зь цябе, і засіле цябе на дзерве; і паесьць птуства цела твае зь цябе».
 
Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсці цела тваё».

І было на трэйці дзень, дзень нараджэньня Фараона: і справіў ён чэсьць усім слугам сваім, і падняў галаву князя чашнікаў і галаву князя пекароў, сярод слугаў сваіх;
 
Праз тры дні пасля гэтага быў дзень нараджэння фараона. І ён справіў для сваіх паслугачоў вялікі баль. І тады ў прысутнасці паслугачоў сваіх прыпомніў галоўнага чарніка і загадчыка пекараў.

І зьвярнуў князя чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён падаў чару ў руку Фараону.
 
І галоўнага чарніка вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чару,

А князя пекароў засіліў, як зьясьніў ім Язэп.
 
а другога павесіў на шыбеніцы, як растлумачыў ім Язэп.

І ня ўспомнеў князь чашнікаў Язэпа, забыўся яго.
 
Аднак загадчык чарнікаў не прыпомніў Язэпа і забыўся пра вытлумачальніка свайго.