Быццё 22 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было просьле стацьцяў гэтых; і Бог спрабаваў Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» І ён сказаў: «Во я!»
 
Пасля гэтых падзей Бог захацеў выпрабаваць Абрагама і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я».

І сказаў: «Вазьмі ж сына свайго, адзінага свайго, каторага ты любіш, Ісака; і пайдзі сабе да зямлі Мора, і там узьнясі яго на ўсепаленьне на аднэй з гораў, праз каторую Я скажу табе».
 
І сказаў: «Вазьмі сына адзінароднага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэласпаленне на адной гары, якую Я табе пакажу».

Абрагам устаў рана нараніцы, асядлаў асла свайго, узяў двух дзяцюкоў сваіх із сабою а Ісака, сына свайго; і насек дроў на ўсепаленьне, і ўстаў і пайшоў да месца, праз каторае сказаў яму Бог.
 
Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І калі нанёс ён дроў на паленне, узняўся, і выбраўся ў мясцовасць, пра якую загадаў яму Бог.

І было трэйцяга дня, што ўзьняў Абрагам вочы свае і абачыў тое месца здалеку.
 
Вось, у трэці дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні мясцовасць

І сказаў Абрагам дзяцюком сваім: «Застаньцеся вы тут із аслом; а я а хлапец пойдзем аж туды, і паклонімся, і зьвернемся да вас».
 
і сказаў юнакам сваім: «Пачакайце тут з аслом; а мы з сынам пойдзем туды і, пасля таго як паклонімся Богу, вернемся да вас».

І ўзяў Абрагам дровы на ўсепаленьне, і ўзлажыў на Ісака, сына свайго; і ўзяў у рукі цяпло а вялікі нож, і пайшлі абодва разам.
 
І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленне, і ўсклаў на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у руках агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,

І сказаў Ісак Абрагаму, айцу свайму: «Войча мой!» Ён адказаў: «Во я, сыну мой». Ён сказаў: «Во цяпло а дровы, ідзе ж ягнё на ўсепаленьне?»
 
сказаў Ізаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой». Той адказаў: «Чаго ты хочаш, сыне?» — «Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ягня на спаленне?»

І сказаў Абрагам: «Бог парупіцца Сабе празь ягнё на ўсепаленьне, сыну мой». І йшлі абодва разам.
 
Адказаў Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленне, сын мой». Ды ішлі абодва далей.

І прышлі на месца, праз каторае казаў яму Бог; і збудаваў там Абрагам той аброчнік, разлажыў дрыва, і зьвязаў сына свайго Ісака, і палажыў яго на аброчнік, зьверху на дрыва.
 
І прыбылі да месца, якое Бог яму паказаў, і на ім Абрагам пабудаваў ахвярнік і паклаў наверх дровы. І, звязаўшы Ізаака, сына свайго, паклаў яго на ахвярніку на дровы,

І выцягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў вялікі нож, каб зарэзаць сына свайго.
 
і выцягнуў руку Абрагам, і схапіў нож, каб прынесці сына свайго ў ахвяру.

І гукнуў да яго Ангіл СПАДАРОЎ зь нябёсаў, і сказаў: «Абрагаме! Абрагаме!» І сказаў: «Во я!»
 
І вось, Анёл Госпадаў паклікаў з неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я».

І сказаў: «Не выцягай рукі свае на хлопчыка і не рабі яму нічога; бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не ўдзяржаў сына свайго ад Мяне».
 
І сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога! Цяпер пераканаўся Я, што ты шануеш Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага дзеля Мяне».

І ўзьняў Абрагам вочы свае, і абачыў: і во баран адзаду засіліўся ў гушчару рагамі сваімі. І пайшоў Абрагам, і ўзяў барана, і ўзьнёс яго на ўсепаленьне замест сына свайго.
 
І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі сярод церняў. Узяў ён яго і склаў у цэласпальную ахвяру замест сына.

І назваў Абрагам імя месца гэнага: Егова-Ірэ (СПАДАР парупіцца). Затым і цяперака кажацца: на гары Еговы агледзецца.
 
І даў ён імя месцу таму: «Госпад бачыць». Адсюль і да сённяшняга дня кажуць: «На гары Госпада можна ўбачыць».

І гукнуў Ангіл СПАДАРОЎ Абрагаму другім наваратам ізь нябёсаў,
 
І паклікаў другі раз Анёл Госпадаў Абрагама з неба і сказаў:

І сказаў: «Сабою прысягаю, асьвятчае СПАДАР, што як ты гэта зрабіў, і не ўдзяржаў сына свайго, адзінага свайго,
 
«Прысягаю Самім Сабою, — слова Госпада, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага,

То дабраславячы дабраслаўлю цябе, і множачы памножу насеньне твае, як гвезды нябёсныя і як пясок на беразе таго мора; і спадуць насеньню твайму брамы варагоў ягоных;
 
буду дабраслаўляць цябе і памнажаць нашчадкаў тваіх, як зоркі на небе і як пясок, што на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;

І дабраславёныя будуць у насеньню тваім усі народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго».
 
і атрымаюць дабраславенне ў нашчадках тваіх усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго».

І зьвярнуўся Абрагам да дзяцюкоў сваіх, і ўсталі, і пайшлі разам да Бэер Шавы; І жыў Абрагам у Бэер Шаве.
 
І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўзняліся яны, і выйшлі ў Бээр-Сэбу разам, і абжыўся Абрагам у Бээр-Сэбе.

І было просьле гэтых стацьцяў: Абрагаму наказалі, сказаўшы: «Во, нарадзіла Мілка, нават яна, дзеці Нагору, брату твайму:
 
Пасля гэтых падзей паведамілі Абрагаму, што Мілка таксама нарадзіла яго брату Нахору сыноў:

Уца, першака ягонага, а Буза, брата яго, а Кемуеля, айца Арамовага.
 
Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,

А Кесэда а Хазо а Пілдаша а Ідлафа а Вафуеля.
 
і Касэда, і Азу, і Пілдаша, і Едлафа,

Ад Вафуеля нарадзілася Рэвека. Асьмёх гэтых нарадзіла Мілка Нагору, брату Абрагамоваму.
 
і Бэтуэля, з якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагама.

І мамошка ягоная, а імя ейная Рэума, і нарадзіла таксама яна Тэвага а Ґагама а Тагаша а Мааху».
 
А наложніца яго на імя Рэўма нарадзіла таксама Табу і Гахама, Таху і Мааху.