Быццё 32 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
А Якаў пайшоў дарогаю сваёй. І стрэлі яго ангілы Божыя.
Якуб таксама адышоў дарогаю, якую распачаў, — і перанялі яго анёлы Божыя.
І сказаў Якаў, абачыўшы іх: «Табар Божы гэта». І назваў імя месца таго: Маханаім (Табары).
Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта лагер Божы», і гэтае месца назваў Маханаімa.
І паслаў Якаў пасланцоў перад сабою да Ісава, брата свайго, да зямлі Сэір, да поля Едомскага;
І выправіў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасць Эдом.
І расказаў ім, сказаўшы: «Гэтак скажыце спадару майму Ісаву: "Так сказаў слуга твой Якаў: у Лавана я жыў, і забавіўся дагэтуль;
І загадаў ён ім, кажучы: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: “Гэта кажа паслугач твой Якуб: “Як вандроўнік, заставаўся я аж да сённяшняга дня ў Лабана.
І былі ў мяне вол а асёл і драбны статак, і слуга а нявольніца; і я паслаў сказаць спадару свайму, каб знайсьці ласку ў ваччу тваім"».
Маю валоў і аслоў, авечак, паслугачоў і паслугачак. І выпраўляю цяпер пасольства да гаспадара майго, каб знайсці ласку перад абліччам тваім”».
І зьвярнуліся пасланцы да Якава, кажучы: «Мы прышлі да брата твайго, да Ісава; і таксама ён ідзець наўпярэймы табе, і чатырыста чалавекаў ізь ім».
І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён спяшаецца насустрач табе з чатырмастамі людзьмі».
І зьлякаўся Якаў вельмі, і быў у трывозе; і падзяліў людзёў, што былі зь ім, і статак драбны й буйны й вярблюды на два табары,
Спалохаўся вельмі Якуб і, напужаны, падзяліў народ, які з ім быў, і статкі таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два лагеры.
І сказаў: «Калі Ісаў прыйдзе на табар тый адзін і паб’ець яго, то ўзумее табар засталы ўцячы».
І казаў: «Калі Эзаў прыйдзе да аднаго лагера і паб’е яго, то другі лагер, які застанецца, будзе ўратаваны».
І сказаў Якаў: «Божа айца майго Абрагама і Божа айца майго Ісака, СПАДАР, Каторы сказаў імне: "Зьвярніся да зямлі свае, да радні свае, і Я добра ўчыню з табою!"
І сказаў Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпад, Які сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю і ў месца нараджэння свайго, і Я буду апекавацца табою!”
Я лішне малы супроці ўсіх міласэрдзяў і супроці ўсяе праўды, каторую Ты ўчыніў слузе Свайму, бо я зь кіям сваім перайшоў Ёрдан гэты, а цяпер у мяне сталіся два табары.
Я не настолькі варты ўсякай міласцівасці і вернасці ўсякай, якою забяспечваеш Ты паслугача Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума лагерамі.
Выбаў жа мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава, бо я баюся яго, каб ён, прышоўшы, ня зразіў маці зь дзецьмі.
Вырві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я вельмі баюся яго; каб часам, прыйшоўшы, не забіў ён маці з дзецьмі.
Ты сказаў: "Учыню добрасьць табе, і пастанаўлю насеньне твае, як пясок таго мора, каторага нельга зьлічыць з прычыны множасьці"».
А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і пашырыш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасці не можа быць палічаны».
І начаваў там тае ночы, і ўзяў з тога, што прышло ў рукі яму, гасьцінца Ісаву, брату свайму:
І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з таго, што меў, падарункі Эзаву, брату свайму:
Козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце, бараноў дваццаць,
дзвесце коз, дваццаць казлоў, дзвесце авечак і дваццаць бараноў,
Вярблюдзіцаў соючых ізь вярблюдзянятамі іхнымі трыццаць, кароў сорак, валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць, асьлянят дзесяць.
трыццаць вярблюдзіц дойных разам з вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асліц і дзесяць іх аслянят,
І даў у рукі слугам сваім кажную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Перайдзіце перад імною, і прасьцяг зрабіце памеж чарады й чарады».
і перадаў у рукі паслугачоў сваіх кожны статак паасобку, і сказаў рабам сваім: «Ідзіце перада мною, і хай будзе прамежак паміж кожным статкам».
І расказаў першаму, сказаўшы: «Як стрэне цябе Ісаў, брат мой, і папытаецца ў цябе, кажучы: "Чый ты? і куды йдзеш? і чые гэтыя перад табою?"
І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, за якім ты ідзеш?”,
Ты скажы: "Слугі твайго Якава; гасьцінец гэта, пасланы спадару майму Ісаву; і во, таксама ён за намі?"»
то ты адкажаш: “Паслугача твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву. І сам ён ідзе за намі”».
Тое ж расказаў ён і другому, і трэйцяму, таксама ўсім, каторыя йшлі за чародамі, кажучы: «Подле гэтых словаў кажыце Ісаву, як знойдзеце яго;
Падобны загад даў ён другому, і трэцяму, ды ўсім, якія ішлі са статкамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,
І скажыце: "Таксама во, й слуга твой Якаў за намі"»; Бо ён сказаў: «Улашчу від ягоны дарам, што йдзець перад імною, і потым абачу від ягоны; можа і падыйме від мой».
і дадасцё: “І ён, паслугач твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”». І сказаў ён: «Улагоджу яго дарамі, якія мне папярэднічаюць, а потым убачу аблічча яго; можа, будзе ласкавы да мяне».
І перайшоў дар перад ім, а ён начаваў тае ночы ў табару.
Так вось папярэдзілі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у лагеры.
І ўстаў ён тае ночы; і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінанцацёра дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Явок.
А калі ўстаў раніцай, узяў дзвюх жонак сваіх і дзвюх іх нявольніц з адзінаццаццю дзецьмі і перайшоў бродам Ябок.
І ўзяў іх, і перавёў пераз раку, і перавёў, што ў яго.
І, узяўшы і пераправіўшы іх і ўсё, што яму належала, праз ручай,
І застаўся Якаў адзінотны, і ходаўся чалавек ізь ім да ўсходу зары;
застаўся ён сам адзін. І вось, Нехта дужаўся з ім аж да раніцы.
І пабачыўшы, што ня сходаў яго, і даткнуўся да суставы сьцягна ягонага, і зьвіхнуў суставу сьцягна ў Якава, як ён ходаўся зь ім.
І калі Той убачыў, што не можа яго перамагчы, дакрануўся да сустава сцягна яго, і тут жа быў вывіхнуты сустаў сцягна ў Якуба, калі ён дужаўся з Ім.
І сказаў: «Адпусьці мяне, бо ўзышла зара». І сказаў: «Не адпушчу цябе, хіба дабраславіш мяне».
І сказаў Той: «Пусці Мяне, бо ўжо ўзышла зараніца». Адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
І сказаў яму: «Якое імя твае?» І ён сказаў: «Якаў».
Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказаў: «Якуб».
І сказаў: «Ня Якаў будуць казаць ужо імя твае, але Ізраель, бо ты доляўся з Богам і зь людзьмі, і здолеў».
А Той кажа: «Ніколі ўжо больш не будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і людзей перамагаць будзеш!»
І папытаўся Якаў, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Свае». І Ён сказаў: «Нашто ты пытаешся імені?» І дабраславіў яго там.
І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.
І назваў Якаў імя таго месца: Пеніель (Від Божы); «бо я бачыў Бога від у від, і захавана душа мая».
І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам у твар, і збераглася душа мая».
І засьвяціла сонца, як ён праходзіў Пеніель; і ён кульгаў на сьцягно свае.
І паднялося над ім сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сцягно сваё.
Затым аж дагэтуль не ядуць сынове Ізраелявы жылы мускула, каторая на суставе сьцягна, бо даткнуўся суставы сьцягна Якававага на жыле мускула.
З гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылу, якая на сцягне, аж да сённяшняга дня, таму што закрануў [Ён] жылу сцягна Якуба.