Быццё 7 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў СПАДАР Ною: «Увыйдзі ты і ўвесь дом твой у караб; бо Я цябе бачыў справядлівым перад Сабою ў родзе гэтым.
 
І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною.

З усёга тога статку чыстага вазьмі сабе сем а сем, мужчынскае й жаноцкае плоці. А із статку, што ня чысты ён, па двое, мужчынскае й жаноцкае плоці.
 
З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак;

Таксама з птушкі нябёснае сем а сем, самца й саміцу, каб захаваць плямя на віду ўсяе зямлі;
 
таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.

Бо ў канцу сямёх дзён Я спушчу дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў; і выгублю ўсі істы, каторыя ўчыніў, зь віду зямлі.
 
Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі».

І Ной зрабіў усе подле тога, што СПАДАР казаў яму.
 
І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.

І Ною было шасьцьсот год, і патопа была вадою па ўсёй зямлі.
 
Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.

І ўвыйшоў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных ізь ім у караб ад віду водаў патопы.
 
Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу.

І із статку чыстага, і із статку нячыстага, і з птуства, і з усёга поўзаючага па зямлі.
 
Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі,

Парамі, парамі прышлі яны да Ноя ў караб, самец і саміца, як казаў Бог Ною.
 
па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў.

І было ў канцу сямёх дзён, і воды патопы былі на зямлі.
 
Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.

Шасьцьсотнага году веку Ноевага, другога месяца, сямнанцатага дня таго ж месяца, гэтага дня покнулі ўсі жаролы бяздоньня вялікага, і адтуліны нябёсныя адчыніліся;
 
У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся,

І быў дождж на зямлі сорак дзён і сорак ночаў.
 
і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.

Гэтага самага дня ўвыйшоў у караб Ной а Сэм, Хам а Яфэт, сыны Ноевы, і жонка Ноева, і тры жонкі сыноў ягоных ізь імі.
 
У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку.

Яны, і ўсялякая жывёла подле роду свайго, і ўсялякая статчына подле роду свайго, і ўсялякія паўзуны поўзаючыя па зямлі подле роду іхнага, усе птуства подле роду іхнага, усі крылатыя.
 
Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя

І ўвыйшлі да Ноя ў караб па пары, па пары з усялякага цела, у каторага дух жыцьця.
 
ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя.

І тыя, што ўвыйшлі, самец і саміца з усялякага цела ўвыйшлі, як казаў яму Бог. І зачыніў СПАДАР за ім.
 
І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку.

І была патопа сорак дзён на зямлі, і памнажыліся воды, і паднялі караб, і ён узьняўся над зямлёю.
 
А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю.

І дужэлі воды, і павялічаліся вельмі на зямлі; і караб плаваў па відзе водаў.
 
Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах.

І воды падужэлі вельмі а вельмі на зямлі, і пакрылі ўсі горы высокія, якія пад усімі нябёсамі.
 
І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.

На пятнанцаць локцяў дагары падужэлі воды і пакрылі горы.
 
Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла.

І сканала ўсялякае цела, што кратаецца па зямлі, у птустве, і ў статку, і ў зьвярох, у вусіх паўзунох, што поўзаюць па зямлі, і ўсі людзі.
 
Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.

Усе, што мела дыханьне духа жыцьця ў ноздрах сваіх, усе, што на сухаземе, памерла.
 
Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла.

І выгубіў Бог усе стварэньне, што на відзе зямлі, ад людзіны аж да статчыны, аж да паўзуна і аж да птушкі нябёснае, усе выгублена ізь зямлі: і застаўся толькі Ной і што было зь ім у караблю.
 
І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы.

І дужэлі воды над зямлёю сто і пяцьдзясят дзён.
 
А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.