Быццё 3 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гад быў найхітрэйшы з усіх зьвяроў палявых, каторыя ўчыніў СПАДАР Бог. І сказаў жонцы: «Ці запраўды сказаў Бог: "Ня ежча ні зь якага дзерва із саду?"»
 
А змей быў хітрэйшы з усіх жывуноў палявых, якіх стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы не елі з кожнага дрэва райскага?»

І сказала жонка гаду: «Садавіну зь дзерваў садовых ямо.
 
Жанчына адказала яму: «З плода дрэў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;

Але праз садавіну дзерва, што пасярод саду, сказаў Бог: "Ня ежча зь яго і не датыкайцеся да яго, каб вам не памерці"».
 
з плода ж дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб не елі і не дакраналіся да яго, каб не памерлі».

І сказаў гад жонцы: «Не, не памрыце сьмерцю;
 
Дык сказаў змей жанчыне: «Ніякім чынам не памраце!

бо ведае Бог, што ў дзень, у каторым вы зь яго есьці будзеце, і адчыняцца вочы вашыя, і будзеце, як Багове, што ведаюць дабро й ліха».
 
Бо ведае Бог, што ў дзень, у які будзеце есці з яго, адкрыюцца вочы вашы і будзеце, як багі, ведаць дабро і зло».

І бачыла жонка, што дзерва добрае да ежы, і што яно прынаднае ачом, і пажаданае тое дзерва дзеля веды; і ўзяла садавіну зь яго а ела; і дала таксама мужу свайму зь ёю, і ён еў.
 
Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы і мілае вачам, і прывабнае ёсць дрэва для здабыцця ведаў; і сарвала [адзін] з пладоў яго, і з’ела, і дала таксама мужу свайму, і ён з’еў.

І адчыніліся вочы ў іх абаіх, І пазналі, што былі голыя; і сплялі фіґовае лісьцё, і зрабілі сабе папяразкі.
 
І адкрыліся вочы ў абодвух. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фігавыя і зрабілі сабе перапаяскі.

І пачулі голас СПАДАРА Бога, што хадзіў у садзе зь ветрам дзянным; і схаваўся чалавек і жонка ягоная ад віду СПАДАРА Бога памеж дзярэўя садовага.
 
І калі пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі апоўдні, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэў райскіх.

І гукнуў СПАДАР Бог чалавека, і сказаў яму: «Ідзе ты?»
 
І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты?»

І сказаў: «Голас Твой пачуў я ў садзе, і зьлякаўся, бо я голы, і схаваўся».
 
Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».

І сказаў: «Хто ж табе сказаў, што ты голы? ці ня з гэнага дзерва, з каторага Я заказаў табе есьці, ты еў?»
 
І сказаў яму: «Хто ж табе паказаў, што ты голы, хіба што з дрэва, з якога Я забараніў табе есці, ты ўсё ж такі еў?»

І сказаў чалавек: «Жонка, каторую Ты імне даў, яна дала імне зь дзерва, і я паспытаўся».
 
І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты мне даў, сама дала мне з дрэва, і я еў».

І сказаў СПАДАР Бог жонцы: «Што ж ты ўчыніла?» Жонка сказала: «Гад спадмануў мяне, і я паспыталася».
 
Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Змей звёў мяне, і я з’ела».

І сказаў СПАДАР Бог гаду: «За тое, што ты ўчыніў гэта, пракляты ты над усю жывёлу і над усі зьвяры палявыя; на бруху сваім ты будзеш хадзіць, і пыл жэрці будзеш усі дні жыцьця свайго.
 
Тады кажа Госпад Бог змею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзеш між усіх жывёл і ўсіх звяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есці ва ўсе дні жыцця свайго.

І непрыязьньства палажу меж цябе і меж жонкі, і меж семені твайго й семені ейнага; яно будзе мяжджуліць цябе ў галаву, а ты будзеш жыгаліць яго ў пяту».
 
Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго».

Жонцы сказаў: «Памнажаючы памножу смутак твой і цяжарнасьць тваю; у смутку будзеш радзіць дзеці; і да мужа твайго пацяга твая, і ён будзе панаваць над табою».
 
Жанчыне ж сказаў: «Памножу мучэнні твае ў родах тваіх: у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа твайго будзе пажада твая, ён жа будзе панаваць над табою».

Адаму ж сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі свае і еў з тога дзерва, з каторага Я заказаў табе, кажучы: "Ня еж ізь яго", праклята зямля з твае прычыны, із смуткам будзеш жывіцца зь яе ўсі дні жыцьця свайго.
 
Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, з якога Я табе забараніў есці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У цяжкай працы будзеш жывіцца з яе ва ўсе дні жыцця твайго.

Церне а асот будзе расьці табе; і будзеш жывіцца палявою травою.
 
Пустазелле і бадзякі будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца раслінамі зямлі.

У поце віду свайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня зьвернешся да зямлі, бо зь яе ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл зьвернешся».
 
У поце твару твайго будзеш есці хлеб, аж пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пыл і ў пыл вернешся».

І назваў Адам імя жонкі свае: Ева, бо яна была маці ўсіх жывучых.
 
Чалавек даў імя сваёй жонцы Ева, таму што яна была маці ўсіх жывых.

І зрабіў СПАДАР Бог Адаму й жонцы ягонай адзежу скураную, і адзеў іх.
 
І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама і жонцы яго адзенне са скуры і адзеў іх.

І сказаў СПАДАР Бог: «Вось, людзіна сталася як адзін із Нас, каб ведаць дабро й ліха; і цяпер як бы ня выцягнуў ён рукі свае, і ня ўзяў таксама зь дзерва жыцьця, і ня еў, і не пачаў жыць вечна».
 
Потым сказаў Госпад Бог: «Вось жа, чалавек стаўся, як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай не выцягне рукі сваёй і не возьме таксама плода з дрэва жыцця, не з’есць яго і не будзе жыць вечна».

І выслаў яго СПАДАР Бог із саду Едэнскага, рабіць зямлю, з каторае ён узяты.
 
Выдаліў яго Госпад Бог з раю Эдэн, каб абрабляў ён зямлю, з якой быў узяты.

Дык выгнаў чалавека. І асяліў на ўсход ад саду Едэнскага херуваў зь мячом поламенным абаротным, сьцерагчы дарогу дзерва жыцьця.
 
І выгнаў чалавека, і паставіў перад раем Эдэн херубіна з агністым мечам, які верціцца, каб сцерагчы дарогу да дрэва жыцця.