Быццё 44 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І загадаў Язэп дамаверу свайму, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых людзёў емінаю, колькі яны могуць несьці, і палажы і срэбла кажнага ў вадтуліну мяха ягонага;
І загадаў Язэп аканому дому свайго, кажучы: «Напоўні збожжам іх мяхі, колькі могуць змясціць, і пакладзі грошы кожнага наверсе меха.
А чару маю, чару срэбную, палажы ў вадтуліну мяха малога, і срэбла за збожжа ягонае». І ён зрабіў подле слова Язэпавага, каторае сказаў.
А ў адтуліну меха малодшага пакладзі чару маю срэбраную і плату, якую ён даў за пшаніцу». Так і было зроблена.
Нараніцы расьсьвітала, і гэтыя людзі адаслалі іх і аслы іхныя.
І назаўтра, калі развіднела, яны былі адпушчаны з асламі сваімі.
І яны вышлі зь места; не адышлі далёка, і Язэп сказаў дамаверу свайму: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: "Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
Ледзь, аднак, выбраліся яны з горада і крыху прайшлі, Язэп, паклікаўшы аканома дому, сказаў яму: «Уставай, і дагані людзей, і, затрымаўшы, скажы: “Чаму адгадзілі вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне срэбраную чару?
Ціж ня гэта тая чара, з каторай п’ець спадар мой, і ён звычайна варожа на ёй? Ліха вы ўчынілі, гэтак учыніўшы"».
Хіба ж гэта не тая, з якой п’е гаспадар мой і на якой ён звычайна варожыць? Вялікае ліха вы ўчынілі!”»
Ён дагнаў іх і гукаў ім гэтыя словы.
І зрабіў той, як ён загадаў, і, затрымаўшы іх, па парадку сказаў [усё гэта].
Яны сказалі: «Чаму спадар наш кажа такія словы? Крый Божа, каб слугі твае ўчынілі гэткі ўчынак.
Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Немагчыма, каб паслугачы твае ўчынілі гэткую ганебную справу.
Вось, срэбла, што мы знайшлі ў вадтуліне мяхоў сваіх, мы назад прынесьлі табе ізь зямлі Канаанскае: як жа мелі б красьці з дому спадара твайго срэбла альбо золата?
Грошы, якія мы знайшлі наверсе мяхоў, мы прынеслі табе назад з зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасці золата ці срэбра з дому гаспадара твайго?
У каго із слугаў тваіх знойдзецца гэта, тый хай памрэць, і мы таксама будзем слугамі спадару нашаму».
У якога з паслугачоў тваіх знойдзецца, што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем паслугачамі гаспадара нашага».
Ён сказаў: «Дык цяпер подле словаў вашых няхай будзе гэтак: у каго знойдзецца яна, тый будзе імне слугою, а вы будзеце ня вінныя».
Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэнні: у каго будзе знойдзена, ён будзе паслугачом маім. Вы ж будзеце невінаватыя».
Яны пабарзьдзілі, спусьцілі кажны мех свой на зямлю, і разьвязалі кажны свой мех.
І так паспяшаліся, зняўшы мяхі на зямлю, і паадкрывалі кожны.
Ён трос, пачаў зь вялікага і скончыў малым; і знайшоў чару ў мяху Веняміновым.
І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чару ў мяху Бэньяміна.
І разарвалі яны адзецьці свае, і налажылі кажны на асла свайго, і зьвярнуліся да места.
І яны, з жалю раздзёршы адзенне і ўсклаўшы зноў мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.
І прышлі Юда а браты ягоныя да дому Язэпавага, — ён яшчэ быў там, — і білі чалом яму.
І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа — а ён быў яшчэ дома, — і ўсе разам укленчылі перад ім.
І сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ціж вы ня ведалі, што, варожачы, вываража такі чалавек, як я?»
І ён сказаў ім: «Чаму вы надумалі так зрабіць? Ці вы не ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў майстэрстве варажбы?»
І сказаў Юда: «Што нам сказаць спадару нашаму? што гукаць і чым правіцца? Бог знайшоў бяспраўе слугаў тваіх; вось, мы слугі спадару нашаму, і мы, і тый, у чыіх руках знайшлася чара».
Юда адказаў яму: «Што адказаць нам гаспадару нашаму? Што прамовіць? Чым можна апраўдацца? Бог выявіў несправядлівасць паслугачоў тваіх. Што ж, мы ўсе — паслугачы гаспадара майго: і мы, і той, у каго знойдзена чара».
І сказаў: «Крый Божа, каб я ўчыніў гэта; тый чалавек, у чыіх руках знайшлася чара, ён будзе ім не слугою, а вы ўзыходзьце ў супакою да айца свайго».
Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чару, хай той будзе паслугачом маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».
І дабліжыўся Юда да яго, і сказаў: «О спадару мой, няхай скажа, калі ласка, слуга твой слова ў вушы спадара свайго, і не загневайся на слугу свайго, бо як сам Фараон, так і ты.
Тады Юда, падышоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа паслугач твой словы ў вушы твае, ды не гневайся на паслугача твайго, бо ты — як фараон!
Спадар мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: "Ці ёсьць у вас ацец альбо брат?"
Гаспадар мой спытаў перш паслугачоў сваіх: “Ці маеце бацьку або брата?”
Мы сказалі спадару нашаму, што ў нас ёсьць ацец стары і дзецянё старасьці ягонае малое, а брат ягоны памер, і ён адзін астаўся ў маці сваей, і ацец любе яго.
А мы адказалі гаспадару майму: “Ёсць у нас бацька стары і хлопец малады, які ў старасці яго нарадзіўся, якога родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маці сваёй, бацька таму пяшчотна любіць яго”.
І ты сказаў слугам тваім: "Зьвядзіце яго да мяне, і я ўцемлюся ў яго".
І сказаў ты паслугачам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, я ўзніму вочы мае на яго”.
Мы сказалі спадару майму: "Ня можа хлапец пакінуць айца свайго; і калі ён пакіне айца свайго, дык гэты памрэць",
Мы даказвалі гаспадару майму: “Не можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо, калі яго пакіне, той памрэ”.
І сказаў ты слугам тваім: "Калі ня зыйдзе брат вашы малы, наперад ня важчася бачыць віду майго".
Тады сказаў ты паслугачам тваім: “Калі не прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш не ўбачыце аблічча майго”.
І сталася, што як мы ўзышлі да слугі твайго, айца майго, дык пераказалі яму словы спадара майго.
Дык калі мы прыйшлі да паслугача твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар мой,
І сказаў ацец наш: "Зьвярніцеся, купіце нам троху еміны!"
то сказаў бацька наш: “Вярніцеся і купіце для нас крыху пшаніцы”.
І мы сказалі: "Ня можам зысьці; хіба будзе з намі малы брат ваш, дык зыйдзем, бо нельга нам бачыць віду таго чалавека, калі ня будзе з намі малога брата нашага".
Яму мы сказалі: “Пайсці мы не можам. Калі брат наш наймалодшы пойдзе разам з намі, то пойдзем і мы, інакш, без яго, не зможам мы ўбачыць аблічча таго чалавека”.
І сказаў нам слуга твой, ацец мой: "Вы ведаеце, што двух нарадзіла імне жонка мая.
На гэта паслугач твой, бацька мой, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне дваіх.
І вышаў адзін ад мяне, і я сказаў: "Пэўне ён разарваны, і я не абачыў яго дагэтуль’.
Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: “Дзікі звер з’еў яго!” І дасюль не аб’явіўся.
І возьмеце таксама й гэтага ад мяне, і здарыцца зь ім няшчасьце, дык зьвядзіце вы сівізну маю ў ліху да магілы".
Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у апраметную”.
Цяпер, калі я прыду да слугі тваго, айца майго, і хлапца няма з намі, і душа ягоная зьвязана з душой ягонай:
Дык, калі ўвайду я да паслугача твайго, бацькі майго, і хлопца не будзе, — бо жыццё бацькі залежыць ад яго жыцця
І будзе, што як ён абача, што няма хлапца, то памрэць; і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, айца майго, із смуткам да шэолю.
і ўбачыць, што яго з намі няма, — то ён памрэ; і звядуць паслугачы твае сівізну яго з жалем у апраметную.
Бо слуга твой паручыўся за хлапца айцу свайму, сказаўшы: "Калі не прывяду яго да цябе, то буду грэшным перад айцом сваім на ўсі дні".
Паслугач твой даў прысягу бацьку свайму за хлопца: калі не вярну яго, цяжка зграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыццё.
І цяпер няхай жа застанецца слуга твой замест хлапца слугою спадару майму, а хлапец хай узыйдзе з братамі сваімі;
Дык застануся я, паслугач твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.
Бо як узыйду я да айца свайго, а хлапца няма з імною? Каб не абачыў я ліха, у якім апынецца ацец мой».
Бо не магу вярнуцца да бацькі майго без хлопца, каб не быць сведкам няшчасця, якое нахлыне на бацьку майго».