Быццё 30 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І бачыла Рахіль, што яна ня родзе Якаву, і пазавідавала Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: «Дай імне дзеці, а калі не, памру я».
 
А Ракель, бачачы, што яна бясплодная, пазайздросціла сваёй сястры, і сказала мужу свайму: «Дай мне дзяцей, інакш памру».

І ўзгарэўся гнеў Якава на Рахіль, і сказаў: «Ці замест Бога я, Каторы задзяржаў у цябе плод жывата?»
 
Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Хіба ж я Бог, Які пазбавіў цябе плода ўлоння?»

І яна сказала: «Во нявольніца мая Вала; увыйдзі да яе, і родзе яна на калені мае, і збудую таксама я ад яе».
 
А яна сказала: «Вось, нявольніца мая, Більга. Дык увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, дык буду і я мець дзяцей з яе».

І дала яна яму Валу, нявольніцу сваю, за жонку; і ўвыйшоў да яе Якаў.
 
І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку, якая

І зачала Вала, і нарадзіла Якаву сына.
 
па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.

І сказала Рахіль: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў імне сына». Затым назвала імя ягонае: Дан.
 
І сказала Ракель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў усё ж такі просьбу маю, даючы мне сына». І таму дала яму імя Дан.

І зачала яшчэ, і нарадзіла Вала, нявольніца Рахіліна, сына другога Якаву.
 
І зноў Більга, нявольніца Ракелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына,

І сказала Рахіль: «Долькамі Боскімі долялася я ізь сястрою сваёй і таксама здолела». І назвала імя ягонае: Неффалім.
 
і сказала Ракель: «Ваяваннем Божым ваявала я з сястрою сваёй і перамагла». І назвала яго Нэфталі.

І абачыла Лія, што перастала радзіць, і ўзяла Зылпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якаву за жонку.
 
А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла паслугачку сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.

І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, Якаву сына.
 
Тая нарадзіла Якубу сына.

І сказала Лія: «Пашчасьціла!» І назвала імя ягонае: Ґад.
 
І сказала Лія: «Шанец!» І дзеля таго дала яму імя Гад.

І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, сына другога Якаву.
 
Нарадзіла таксама Зільпа, паслугачка Ліі, другога сына Якубу.

І сказала Лія: «На шчасьце імне, бо шчасьлівай будуць зваць мяне дачкі». І назвала імя ягонае Ашэр.
 
І сказала Лія: «На шчасце маё! Шчаслівай, бясспрэчна, мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр.

І пайшоў Рувін у дні жніва пшонкі, і знайшоў любоўныя яблыкі ў полю, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Рахіль Ліі: «Дай імне зь любоўных яблыкаў сына свайго».
 
І выйшаў аднойчы Рубэн у час жніва пшаніцы, і знайшоў на полі мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Ракель: «Дай мне некалькі мандрагор твайго сына».

І сказала ёй: «Нягож мала, што ты ўзяла мужа майго, і бярэш таксама любоўныя яблыкі сына майго?» І сказала Рахіль: «Дык ён ляжа з табою гэту ноч за любоўныя яблыкі сына твайго».
 
Тая адказала: «Не досыць табе, што ты ў мяне мужа выкрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Ракель кажа: «Тады хай ён спіць з табой гэтай ноччу за мандрагоры твайго сына».

І прышоў Якаў з поля ўвечары, і вышла Лія яму напярэймы, і сказала: «Да мяне ўвыйдзеш, бо я напэўна заплаціла за цябе любоўнымі яблыкамі сына свайго». І лёг ён ізь ёю ночы тэй.
 
І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія выйшла насустрач яму і сказала: «Увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў з ёй у гэтую ноч.

І пачуў Бог Лію, і яна зачала, і радзіла Якаву сына пятага.
 
І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,

І сказала Лія: «Даў Бог заплату маю, што я дала нявольніцу сваю мужу свайму». І назвала яго Іссасхар.
 
і сказала: «Даў мне Бог плату, бо я дала мужу свайму паслугачку сваю». І назвала яго імем Ісахар.

І зачала ізноў Лія, і нарадзіла сына шостага Якаву.
 
І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,

І сказала Лія: «Падараваў Бог мяне добрым дарам; гэтым разам будзе жыць із імною муж мой, бо я нарадзіла яму шасьцёх сыноў». І назвала імя яго: Завулон.
 
і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, цяпер будзе шанаваць мяне муж мой за тое, што я нарадзіла яму шасцёра сыноў». І таму назвала яго імем Забулон.

Потым нарадзіла дачку, і назвала імя яе: Дына.
 
Пасля таго нарадзіла дачку імем Дзіна.

І ўспомнеў Бог Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў дзетніцу ейную;
 
І прыпомніў Бог таксама Ракель, і выслухаў яе Бог, і адкрыў улонне яе.

Яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Аддаліў Бог ганьбу маю»,
 
І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зняў Бог ганьбу маю».

І назвала імя ягонае: Язэп, сказаўшы: «Дадасьць імне СПАДАР сына другога».
 
І дала імя яму Язэп, і сказала: «Хай дасць мне Госпад яшчэ аднаго сына!»

І было, як нарадзіла Рахіль Язэпа, сказаў Якаў Лавану: «Адашлі мяне, і пайду я на свае месца і да свае зямлі;
 
Калі нарадзіўся Язэп, Якуб сказаў Лабану: «Адпусці мяне, каб я мог вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.

Дай жонкі мае й дзеці мае, што служыў табе за іх, і я пайду; бо ты знаеш службу маю, якую я служыў табе».
 
Дай мне жонак і дзяцей маіх, за якіх я адслужыў табе, каб я сышоў. Ты ведаеш добра, як я табе служыў».

І сказаў яму Лаван: «Калі б я знайшоў ласку перад ачыма тваімі! я даведаўся варажбою, што СПАДАР дабраславіў імне дзеля цябе».
 
Кажа яму Лабан: «О, каб я знайшоў ласку перад абліччам тваім! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мяне дзеля цябе.

І сказаў: «Прызнач сабе плату сваю зь мяне, і я дам».
 
Устанаві плату сваю, якую мушу даць табе».

І сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры імне;
 
А ён адказаў: «Ты ведаеш, як верна я служыў табе і якімі вялікімі сталіся статкі твае ў руках маіх.

Бо мала было ў цябе да мяне, а разьвялося шмат; і дабраславіў СПАДАР цябе, як я прышоў; а цяпер, калі ж я буду рабіць таксама на свой дом?»
 
Не многа ты меў перад тым, як я прыбыў да цябе, а цяпер стала намнога больш, і дабраславіў цябе Госпад з прыходам маім. І вось, цяпер калі ж я паклапачуся нарэшце пра дом мой?»

І сказаў: «Што імне даць табе?» І сказаў Якаў: «Не дасі імне нічога. Калі толькі ўчыніш імне гэта, я зьвярнуся і буду пасьціць чароды твае, сьцерагчы:
 
І сказаў Лабан: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе прашу, то зноў буду пасвіць і берагчы тваю жывёлу.

Я прайду меж усіх чародаў тваіх сядні; адлучы зь іх кажнае зь ягнят із бодкамі а з плямамі, і кажную рудую з авец, і з плямамі а з бодкамі з козаў; і будзе гэта мая плата.
 
Я прайду сёння па ўсіх статках авечак тваіх; аддзялі з іх усякую жывёліну крапкаваную і плямістую, кожная чорная авечка, а таксама кожная плямістая і крапкаваная каза будзе маёй платай.

І будзе сьветчыць за мяне справядлівасьць мая на заўтрашні дзень, як прыйдзеш даведацца платы мае зь цябе. Кажная, што ня з бодкамі а ня з плямамі меж козаў, а ня рудая з авец, крадзеная гэта ў мяне».
 
І праявіцца для мяне заўтра справядлівасць мая; калі ты прыйдзеш, каб паглядзець на плату маю: кожная каза, якая не будзе крапкаваная і плямістая, ды кожная авечка, якая не будзе чорная, хай будуць доказам украдзенага мною».

І сказаў Лаван: «Добра, гэтак няхай будзе подле слова твайго».
 
Сказаў Лабан: «Згаджаюся на тое, чаго просіш!»

І адлучыў таго дня казлы ў чарэслы і з плямамі, і ўсі козы з бодкамі а з плямамі, усі, на каторых ё белае, і ўсі рудыя з авец, і аддаў на рукі сыном сваім;
 
І аддзяліў ён у той самы дзень пярэстых і плямістых казлоў ды ўсіх коз крапкаваных і плямістых, усіх, якія мелі крыху воўны белай, а таксама ўсіх чорных авечак, і перадаў іх у рукі сыноў сваіх.

І азначыў дарогу трох дзён меж сабою і Якавам. І Якаў пасьціў чароды Лабановы, каторыя засталіся.
 
І вызначыў ён адлегласць у тры дні шляху паміж сабой і Якубам, які пасвіў астатнія статкі Лабана.

І ўзяў Якаў пруцьце тапалёвае сырое а міндалёвае а яваравае, і аблупіў на ім чарэслы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, каторая на прутох;
 
А Якуб, назбіраўшы зялёных прутоў тапалёвых, міндалёвых і з платанаў, часткова абадраў з іх кару, так што на тых, што былі абадраныя, праступіла бель.

І ўткнуў перад статкам пруты, каторыя аблупіў, у раўкі ля вадапойных карыгаў, куды прыходзіў статак піць, і цекаваў, прыходзячы піць.
 
І паклаў ён пруты, якія часткова абадраў, у карытах, дзе збіралася вада, каб жывёла, калі збіралася на вадапой, глядзела на пруты і, гледзячы на іх, спарвалася.

І цекаваў статак перад прутамі, і радзіўся статак у чарэслы, з бодкамі, з плямамі.
 
І сталася так, што ў самым запале апладнення жывёла глядзела на пруты, і нараджала пярэстых, крапкаваных і плямістых.

І ягняты вылучаў Якаў, і ськіроваваў статак пыскамі да пярэстага і ўсяго рудога статку Лавановага; і станавіў свае стады асобна, і не станавіў іх разам із статкам Лавановым.
 
І аддзяляў Якуб ягнят, і паставіў статак насупраць пярэстых і чорных у статка Лабана, а для сябе паставіў статкі асобна і не ставіў іх разам са статкам Лабана.

І было, як цекаваў статак крэпшы, Якаў клаў пруты перад ачамі статку ў карытах, каб ён цекаваў перад прутамі;
 
І кожны раз, калі апладняліся моцныя асобіны, Якуб клаў пруты ў карытах з вадою перад вачамі жывёлы, каб пачыналі, гледзячы на іх.

А калі слабшы з авец, тады ён ня клаў. І былі слабшыя Лавановы, а крэпшыя Якававы.
 
Калі ж жывёлы былі слабыя, не клаў іх. У Лабана [жывёла] сталася слабой, а Якубава — моцнай.

І расшырыўся гэты чалавек вельмі, вельмі, і было ў яго драбнога статку множасьць, і нявольніцаў і слугаў, і вярблюдоў, і аслоў.
 
І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа статкаў, паслугачак і паслугачоў, вярблюдаў і аслоў.