Быццё 27 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І як Ісак быў стары, і зацьмелі вочы ягоныя, так што ён ня мог бачыць, і гукнуў Ісава, сына свайго вялікага, і сказаў яму: «Сыну мой». Тый сказаў яму: «Во я».
Вось, Ізаак састарэў, і падслеплі вочы яго, і ён не мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сыне мой!» Ён адказаў: «Вось я».
І ён сказаў: «Вось жа, я застарэўся: ня ведаю дня сьмерці свае;
Бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў і не ведаю дня смерці сваёй.
І цяпер падыймі ж зброі свае, сагайдак свой а лук свой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй імне дзічыны,
Дык вазьмі рыштаванне сваё, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляванні што здабудзеш,
І прыгатуй імне ласонікі, якія я люблю, і прынясі імне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая первей, чымся я памру».
прыгатуй мне з таго страву, сам ведаеш, якую хачу, і прынясі, каб я паеў, і дабраславіць цябе душа мая, перш чым памру».
Рэвека чула, як Ісак казаў Ісаву, сыну свайму. І пайшоў Ісаў у поле ўпаляваць дзічыны, каб прынесьці яе.
А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесці,
А Рэвека сказала Якаву, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула айца твайго, як казаў брату твайму Ісаву, кажучы:
а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я, вось, чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму:
"Прынясі імне дзічыны і зрабі імне ласонікі, і пад’ем, і дабраслаўлю цябе перад СПАДАРОМ, перад сьмерцю сваёй".
“Прынясі мне дзічыны з палявання твайго і зрабі мне ежу, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш чым памру”.
І цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго ў тым, што я раскажу табе.
Дык цяпер, сыне мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе.
Пайдзі ж да чарады і вазьмі імне стуль двое казянят добрых; і я прыгатую зь іх ласонікі айцу твайму, як ён любе;
Паспяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казлянят, а я зраблю з іх бацьку твайму ежу, якой ён вельмі любіць ласавацца.
І ты прынясеш айцу свайму, і ён пад’есьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю».
Як прынясеш яе бацьку твайму, ён з’есць і дабраславіць цябе, перш чым памрэ».
І сказаў Якаў Рэвеццы, маці сваёй: «Гэта ж Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі.
Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, валасаты чалавек, а я гладкі.
Можа пашчупае мяне ацец мой, і я буду ў ваччу ягоным ашуканец, і навяду на сябе грэбаваньне, а не дабраславенства».
Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў ён, што я захацеў ашукаць яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславенне».
І маці ягоная сказала яму: «На імне грэбаваньне твае, сыну мой; толькі паслухай голасу майго і пайдзі вазьмі імне».
Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сыне мой, толькі паслухай, што я кажу, і паспяшы прынесці, што я загадала».
Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная ласонікі, як любіў ацец ягоны.
І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, якую, як ведала, хацеў бацька яго,
І ўзяла Рэвека адзежу Ісававу, сына свайго вялікага, жаданую, што была ў яе ў доме, і адзела Якава, сына свайго малога;
і апранула яго ў самае добрае адзенне Эзава, якое мела ў сябе дома.
І скуры казянят адзела на рукі ягоныя і на гладзіню шыі ягонае.
Рукі яго абкруціла шкуркамі казлінымі і таксама шыю закрыла.
І дала ласонікі а хлеб, каторыя яна зрабіла, у руку Якаву, сыну свайму.
І дала яна найлепшую страву і хлябы, якія спякла, у рукі сына свайго, Якуба.
І ўвыйшоў ён да айца свайго, і сказаў: «Войча мой!» І сказаў ён: «Во я; хто ты, сыну мой?»
І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацьку мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сыне мой?»
І сказаў Якаў айцу свайму: «Я Ісаў, пяршак твой; я зрабіў, як ты сказаў імне, устань, калі ласка, сядзь і пад’еж ізь дзічыны мае, каб дабраславіла мяне душа твая».
Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еж з упалявання майго, каб дабраславіла душа твая мяне».
І сказаў Ісак сыну свайму: «Што гэта? пабарзьдзіў ты знайсьці, сыну мой». Ён сказаў: «Бо паслаў імне СПАДАР, Бог твой, наўпярэймы».
І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсці дзічыну, сыне мой?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, што трапілася мне».
І сказаў Ісак Якаву: «Дабліжся ж, я пашчупаю цябе, сыну мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не».
І сказаў Ізаак Якубу: «Ідзі сюды, каб дакрануцца да цябе, сыне мой, і праверыць, ці ты — сын мой Эзаў, ці не?»
І дабліжыўся Якаў да Ісака, айца свайго, і ён пашчупаў яго, і сказаў: «Голас, голас Якаваў, а рукі, рукі Ісававы, брата ягонага, касматыя»;
І падышоў ён да бацькі, а той, намацаўшы яго, сказаў: «Голас быццам Якуба, але рукі, рукі Эзава».
і дабраславіў яго.
І не апазнаў яго, бо касматыя рукі яго надавалі падабенства да старэйшага, і дабраславіў яго.
І сказаў: «Ці ты сын мой Ісаў?» Ён сказаў: «Я».
І кажа: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я».
І сказаў: «Дабліж да мяне, я пад’ем ізь дзічыны сына свайго, каб дабраславіла цябе душа мая». І дабліжыў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
А ён кажа: «Прынясі мне з’есці, што ты ўпаляваў, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І калі з’еў ён прынесенае, ён паднёс яму таксама віно. Пакаштаваўшы яго,
І сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Дабліжся, калі ласка, і пацалуй мяне, сыну мой».
сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сыне мой».
І ён дабліжыўся, і пацалаваў яго. І панюхаў пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў: «Гля, пах сына майго, як пах поля, каторае дабраславіў СПАДАР.
Ён падышоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзення яго, дабраславіўшы яго, сказаў: «Вось жа, пах сына майго, як водар поля запоўненага, якое дабраславіў Госпад.
І няхай дасьць табе Бог із расы нябёснай і з тукаў зямлі, і множасьць збожжа і віннога соку.
Хай дасць табе Бог расы з неба і шчодрасці зямлі, і ўраджайнасці збожжа, і віна.
Няхай тэ служаць люды, і хай кланяюцца тэ нацы. Будзь спадаром братоў сваіх, і няхай кланяюцца табе сынове маткі твае; праклінаючыя цябе — праклятыя; дабраславячыя цябе — дабраславёныя».
Хай служаць табе народы і пакланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі сваімі, і хай аддаюць табе паклон сыны маці тваёй! Кожны, хто будзе праклінаць цябе, хай будзе пракляты; і хто будзе дабраслаўляць, хай будзе дабраславёны».
І было, што як скончыў Ісак дабраславіць Якава, і вось, ледзь пачаў выходзіць Якаў ад віду Ісака, айца свайго, і Ісаў, брат ягоны, прышоў з уловаў сваіх.
Толькі Ізаак скончыў дабраслаўляць Якуба і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, прыйшоў Эзаў, брат яго,
І зрабіў ён таксама ласонікі, і прынёс айцу свайму, і сказаў айцу свайму: «Устань, войча мой, і зьеж дзічыны сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
і прынёс звараную ежу з упалявання, і сказаў бацьку: «Устань, бацьку мой, і еж з упалявання сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
І сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Хто ты?» Ён сказаў: «Я сын твой першародны Ісаў».
І сказаў яму Ізаак, бацька яго: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я — сын твой першародны, Эзаў».
І задрыжэў Ісак дрыжэньням вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж гэта тый, што паляваў на дзіч і прынёс імне, і я еў з усёга перш, чымся ты прышоў, і дабраславіў яго? Ён і будзе дабраславёны».
Ізаак устрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто гэта быў, хто толькі што прынёс мне ўпаляваную дзічыну, і я еў яе перш, чым ты прыйшоў? І я дабраславіў яго, і ён будзе дабраславёны!»
Учуўшы Ісаў словы айца свайго, загаласіў голасам вялікім, ды надта гаркім, і сказаў айцу свайму: «Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!»
Калі Эзаў пачуў словы бацькі, залямантаваў ён моцна і надзвычай горка і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенне, мой тата!»
І сказаў ён: «Брат твой прышоў зь хітрынёю і ўзяў дабраславенства твае».
Той сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенне!»
І сказаў ён: «Ці не затым завецца імя ягонае Якаў, і во, выперадзіў мяне ўжо двойчы? ён першародзтва мае ўзяў, і во, цяпер узяў дабраславенства мае». І сказаў: «Нягож ты не захаваў імне дабраславенства?»
Тады дадаў Эзаў: «Справядліва назвалі яго на імя Якуб; ці не з прычыны таго, што ашукаў ён мяне і ў другі раз: раней забраў у мяне першародства, а цяпер выкраў ад мяне дабраславенне!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенне?»
І адказаў Ісак, і сказаў Ісаву: «Вось, спадаром пастанавіў яго над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму заслугі; і збожжам а вінным сокам пасіліў яго; а табе ж што я зраблю, сыну мой?»
Ізаак адказаў: «Устанавіў, вось, я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго збожжам і віном, дык што мне зрабіць для цябе, мой сыне?»
І сказаў Ісаў айцу свайму: «Ці адно дабраславенства ў цябе, войча мой? Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!» І узьняў Ісаў голас свой, і плакаў.
І сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці ж ты маеш толькі адно дабраславенне, мой тата? Дабраславі таксама і мяне!» І калі Эзаў расплакаўся ўголас,
І адказаў Ісак, ацец ягоны, і сказаў яму: «Вось, ад туку зямлі будзе месца жыцьця твайго і ад расы нябёснай зьверху;
Ізаак, узрушаны, сказаў яму: «Вось, пазбаўленая шчодрасці зямлі будзе месцам жыхарства твайго, а да таго ж пазбаўленая расы з неба,
І мячом сваім будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць; і станецца, як падужэеш, і ськінеш іго ягонае із шыі свае».
з меча Твайго жыць будзеш і будзеш паслугачом твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго са сваіх плячэй».
І зьненавідзіў Ісаў Якава за дабраславенства, каторым дабраславіў яго ацец ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцу сваім: «Падыходзяць дні плачу па айцу маім, і заб’ю я Якава, брата свайго».
Дык зненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславення, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі пройдуць дні жалобы па бацьку маім, заб’ю Якуба, брата свайго».
І пераказаны былі Рэвеццы словы Ісававы, сына ейнага вялікага; і паслала, і гукнула Якава, сына свайго малога, і сказала яму: «Вось, Ісаў, брат твой, цешыцца ўзглядам цябе, што заб’ець цябе.
Калі Рэбэцы паведамілі пра тое, што казаў Эзаў, старэйшы сын яе, паслала яна паклікаць Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.
І цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай сабе да Лавана, брата майго, да Гарану;
Дык вось, сыне мой, паслухай, што я скажу, і, рана ўстаўшы, уцякай да Лабана, брата майго, у Харан.
І пабудзь ізь ім якісь час, пакуль адыйдзе злосьць брата твайго,
Пажывеш з ім нейкі час, пакуль не суцішыцца абурэнне брата твайго,
Пакуль адыйдзе гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, і я пашлю й вазьму цябе стуль. Чаму мне спабыцца нават абодвых вас у вадзін дзень?»
а калі праміне абурэнне яго, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Нашто мне ў адзін дзень губляць аднаго і другога сына?»
І сказала Рэвека Ісаку: «Імне абрыдзела жыцьцё мае ад дачок гэціцкіх; калі возьме Якаў жонку з дачок гэціцкіх, як гэтыя, з дачок гэтае зямлі, дык нашто імне жыцьцё?»
І сказала Рэбэка Ізааку: «Не мілае мне жыццё праз дачок Хета. Калі Якуб возьме сабе жонку з дачок Хета, як і з дачок гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»