Быццё 41 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было пры канцу двух год: і Фараон сьніў: і во, ён стаіць ля ручая.
 
Праз два гады фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой,

І во, з ручая паднялося сем кароваў пазорных выглядам і сытых целам; і пасьціліся на сітнікавай траве.
 
з якой выйшла сем кароў прыгожых і сытых, і яны пасвіліся на балоцістым поплаве.

І во, сем кароваў накшых паднялося просьле іх із ручая, выглядам брыдкіх і худых целам, і сталі ля тых кароваў на беразе ручая.
 
Таксама іншых сем кароў, брыдкіх і худых, выйшлі за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.

І зьелі каровы брыдкія выглядам і худыя целам сем кароваў пазорных выглядам і сытых. І прачхнуўся Фараон,
 
І пажэрлі яны сем прыгожых і сытых кароў. І прачнуўся фараон,

І заснуў, і сьніў ён другі раз: і во, сем каласоў выплылі на сьцябле адным, таўстых і харошых.
 
ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон. На адным сцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.

І во, сем каласоў ценькіх і высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
 
І столькі ж з’явілася іншых каласоў, пустых і знішчаных сухім ветрам,

І глынулі каласы ценькія сем каласоў таўстых а поўных. І прачхнуўся Фараон, і вось сон.
 
і яны знішчылі ўсю папярэднюю прыгажосць. Фараон абудзіўся і [зразумеў, што гэта] сон.

І было нараніцы, і стрывожаны быў дух ягоны, і паслаў, і гукнуў усіх чарадзеяў Ягіпту і ўсіх мудрыцоў сваіх, і паведаў Фараонім сон свой; але ня было, хто б зьясьніў іх Фараону.
 
І, з надыходам раніцы, устрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў егіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І калі яны сабраліся, расказаў сон, але не было нікога, хто б вытлумачыў.

І гукаў князь чашнікаў Фараону, кажучы: «Грахі свае ўспамінаю я сядні.
 
Тады нарэшце загадчык чарнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся ў граху сваім.

Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд да дому начэльніка старожы, мяне а князя пекароў.
 
Цар, разгневаны на паслугачоў сваіх, загадаў пасадзіць пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў мяне і загадчыка пекараў.

І мы сьнілі сон аднае ночы, я й ён, подле значаньня свайго сну сьнілі мы.
 
Там у адну з начэй мы абодва бачылі сон, прадказанне будучыні.

І там быў з намі дзяцюк Гэбрэй, нявольнік начэльніка старожы. І паведалі мы яму, і ён зьясьніў нам сны нашыя, кажнаму подле сьненьня ягонага зьясьніў.
 
І быў там юнак гебрай, раб таго самага начальніка варты, якому мы расказалі сны.

І было: як ён зьясьніў нам, так і сталася: мяне зьвярнулі на становішча мае, а таго засілілі».
 
Тое, што мы пачулі, пацвердзіў пазнейшы зыход падзей. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны на шыбеніцы».

І паслаў Фараон, гукнуў Язэпа; і пасьпешна вывялі яго з уземля. І ён пагаліўся, і зьмяніў адзецьце свае, і прышоў да Фараона.
 
Хутка па загадзе цара быў з вязніцы прыведзены Язэп. Яго падстрыглі, змянілі адзежу і прадставілі яму.

І сказаў Фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б зьясьніў яго; а я чуў празь цябе кажучых, што ты, чуючы сон, зьясьніш яго».
 
Той кажа Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты іх тлумачыш вельмі мудра».

І адказаў Язэп Фараону, кажучы: «Гэта не ад мяне — Бог можа адказаць супакоям Фараону».
 
Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасць адказ фараону на дабро!»

І сказаў Фараон Язэпу: «У маім сьне: вось, стаю я на беразе ручая.
 
І фараон расказаў, што бачыў: «Здавалася мне, што я стаю на беразе ракі,

І во, з ручая паднялося сем кароваў сытых целам і пазорных выглядам, і пасьціліся яны на сітнікавай траве.
 
і выйшлі з ракі сем кароў прыгожых з выгляду і сытых целам, і на балотным поплаве шчыпалі зеляніну.

І вось, сем кароваў накшых выходзяць просьле іх, бедныя, вельмі брыдкія выглядам і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдчыні, у вусёй зямлі Ягіпецкай.
 
І вось жа, па гэтых выйшлі іншыя сем кароў, і настолькі агідных і худых, што я ў зямлі Егіпецкай такіх ніколі не бачыў,

І зьелі каровы худыя й брыдкія сем кароваў ранейшых сытых.
 
і яны, зжэршы і паглынуўшы першых,

І ўвыйшлі ў чэравы іхныя, але ня цямка было, ці яны ўвыйшлі ў нутры іхныя. І іх выгляд брыдкі, як і спачатку. І я прачхнуўся.
 
ніколькі не пасыцелі, але заставаліся гэткімі ж самымі худымі і брыдкімі. Я прабудзіўся і, зноў сном замораны,

І я сьніў: і во, сем каласоў выплываюць на адным сьцябле, поўных і харошых.
 
бачыў сон: вырасла сем каласоў на адным сцябле, поўных і вельмі прыгожых.

І во, сем каласоў схудалых, ценькіх а высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
 
Але іншыя, таксама сем, пустых і знішчаных сухім ветрам, з’явіліся са сцябла.

І глынулі каласы ценькія сем каласоў добрых. Я расказаў гэта чарадзеям, але ніхто не расказаў імне значаньня».
 
Яны праглынулі прыгажосць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, і няма нікога, хто б разгадаў».

І сказаў Язэп Фараону: «Сон Фараонаў адзін ён: што Бог чыне, тое ён наказаў Фараону.
 
Язэп сказаў: «Сон цара адзін. Што мае стацца, — Бог аб’явіў фараону.

Сем кароваў добрых — сем год яны; і сем тых каласоў добрых — сем год яны: сон адзін гэта.
 
Сем кароў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: адно і тое ж значэнне сну выражаюць.

І сем кароваў худых і брыдкіх, што вышлі просьле іх сем год яны; і сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам — будуць сем год галадові.
 
А сем кароў худых і брыдкіх, якія выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і знішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду,

Гэта тое слова, што я казаў Фараону: і што Бог учыне, тое Ён паказаў Фарону.
 
якія ў такім парадку надыдуць.

Вось, сем год настаець вялікае сыціні ў вусёй зямлі Ягіпецкай.
 
Вось жа, пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Егіпта,

І настануць просьле іх сем год галадові; і забудзецца ўвесь тый дабрабыт у зямлі Ягіпецкай, і прывядзець галадоў да канца гэты край.
 
па якіх наступяць сем гадоў такога голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасць. І ахопіць голад усю зямлю,

І ня будзе пазнаваны дабрабыт у зямлі з прычыны галадові тае, каторая будзе просьле яго, бо яна будзе вельмі вялікая.
 
і вялікая ўраджайнасць заменіцца вялікай нястачай.

А што паўтарыўся тый сон Фараону двойчы, знача, што запраўды гэта слова ад Бога і што сьпяшаецца Бог споўніць Яго.
 
А калі ты бачыў другі раз сон, які датычыўся той самай справы, гэта ёсць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.

І цяпер няхай выглядзе Фараон мужа кемнага а мудрага, і няхай пастанове яго над зямлёю Ягіпецкай.
 
Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.

Няхай гэта ўчыне Фараон, і прызнача ўраднікаў па зямлі, і зьбірае часьць пятую ізь зямлі Ягіпецкае за сем год дабрабыту.
 
І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку ўраджаю на працягу сямі гадоў урадлівасці,

І зьбяруць усякую еміну гэтых настаючых добрых год, і няхай назьбіраюць збожжа пад руку Фараонаву на емя ў местах, і няхай хаваюць.
 
якія ўжо цяпер надыдуць, збірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона збіраецца і захоўваецца ў гарадах.

І будзе гэта еміна на запас зямлі на сем год галадові».
 
І хай прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямі гадоў голаду, які прыцісне Егіпет, і не загіне зямля ў нястачы».

І падабалася гэтае слова ў ваччу Фараона і ў вачох усіх слуг ягоных.
 
І спадабалася парада фараону і ўсім яго паслугачам.

І сказаў Фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі, як гэты, чалавек, што Дух Божы ёсьць у ім?»
 
І ён сказаў ім: «Ці ж зможам мы знайсці такога чалавека, які быў бы поўны Духу Божага?»

І сказаў Фараон Язэпу: «Просьле тога, што Бог паведаміў табе ўсе гэта, дык няма нікога такога кемнага а мудрага, як ты.
 
І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб’явіў усё, што ты сказаў, то ці змагу знайсці мудрэйшага, падобнага да цябе?

Ты будзеш над дамоваю маёю, і подле слова твайго ўзброіцца ўвесь народ мой; адно пасадам я буду вялікшым за цябе».
 
Ты будзеш над маім домам, і загаду вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі: дастойнасцю царскай буду перавышаць цябе».

І сказаў Фараон Язэпу: «Гля, прызначыў я цябе над усёю зямлёю Ягіпецкаю».
 
І сказаў яшчэ фараон Язэпу: «Вось, я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Егіпта».

І зьняў Фараон пярсьцёнак свой з рукі свае, і даў яго на руку Язэпу; і ўбраў яго ў вадзежу зь цянюсенькага палатна, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
 
І зняў фараон свой пярсцёнак з пальца і ўздзеў яго на палец Язэпа, і загадаў апрануць яго ў шаты з найчысцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.

І загадаў яго павезьці на другіх цялежках сваіх, і прагаласілі перад ім: «Кланяйцеся!» І прызначыў яго над усёй зямлёю Ягіпецкай.
 
І загадаў вазіць яго на другой сваёй павозцы і клікаць перад ім: «Абрэк!», і каб усе перад ім укленчвалі і ведалі, што ён правіцель над усёй Егіпецкай зямлёй.

І сказаў Фараон Язэпу: «Я Фараон, і безь цябе ніхто не падыйме рукі свае і нагі свае ў вусёй зямлі Ягіпецкай».
 
І сказаў цар Язэпу: «Я — фараон. Без твайго загаду ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Егіпта».

І назваў Фараон імя Язэпава: Цафнаф Панеах; і даў яму Асэнеф, дачку Поты-Фераву, сьвятара Она, за жонку. І вышаў Язэп на зямлю Ягіпецкую.
 
І змяніў імя яго, і назваў яго на мове егіпецкай: Сапанэт-Панэкa, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, святара Геліяпольскага. І так Язэп узвысіўся над усёй зямлёй Егіпецкай —

Язэпу было трыццаць год, як ён стаў перад відам Фараонавым, караля Ягіпецкага. І вышаў Язэп ад віду Фараонавага, і прайшоў па ўсёй зямлі Ягіпецкай.
 
а меў ён трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам цара-фараона, і аб’ехаў ён усе правінцыі Егіпта.

І выдала зямля ў сямёх гадох дабрабыту ізь зярняці кучамі.
 
І надышла ўрадлівасць на працягу сямі гадоў, і сабраў ён хлеб у гумны ў Егіпце,

І зьбер ён усякую еміну сямёх год, каторыя былі ў зямлі Ягіпецкай, і разьмясьціў гэта емя па местах; еміну палёў кажнага места, аколіцы ягонае ён памясьціў у сярэдзіне яго.
 
назапашваючы ў кожным горадзе збожжа з навакольных палёў.

І пазьбіраў Язэп збожжа, як пяску на тым мору, шмат вельмі, ажно перасталі лічыць, бо ня стала лікаў.
 
І быў такі дастатак пшаніцы, што можна было прыпадобніць да пяску марскога, так што ён перавышаў меру.

І ў Язэпа нарадзілася двух сыноў перш, чымся прышлі гады галадові, каторыя нарадзіла яму Асэнеф, дачка Поты-Ферава, сьвятара Она.
 
І нарадзіліся Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага.

І назваў Язэп імя першака: Манас, «Бо Бог даў імне забыцца ўсю гароту маю і ўсю дамову айца майго».
 
І даў ён першароднаму імя Манаса, кажучы: «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасці мае і пра дом бацькі майго».

Імя другога назваў: Яхрэм, «Бо распладзіў мяне Бог у зямлі гароты мае».
 
А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расці ў зямлі нядолі маёй».

І мінулі сем год дабрабыту, каторы быў у зямлі Ягіпецкай;
 
Вось, калі прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Егіпце,

І пачалі сем год галадові прыходзіць, як сказаў Язэп. І была галадоў па ўсіх землях, але ў вусёй зямлі Ягіпецкай быў хлеб.
 
пачалі надыходзіць сем гадоў нястачы, якія прадказаў Язэп, і на ўсім свеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Егіпецкай быў хлеб.

І як галадавала ўся зямля Ягіпецкая, і крычэў народ да Фараона хлеба, і сказаў Фараон усім Ягіпцянам: «Пайдзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
 
Калі ж і ў ёй настаў голад, увесь народ звярнуўся да фараона, просячы ежы. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа і, што вам скажа, рабіце».

І была галадоў па ўсёй зямлі: і адчыніў Язэп усе, што было ў іх, і прадаваў Ягіпцянам. І галадоў павялічылася ў зямлі Ягіпецкай.
 
І запанаваў голад ва ўсёй зямлі Егіпта; Язэп адкрыў усе гумны і прадаваў [хлеб] егіпцянам, бо і іх прыціскаў голад.

І ўся зямля прыходзіла да Ягіпту купляць у Язэпа, бо павялічылася галадоў па ўсёй зямлі.
 
І ўсе жыхары прылеглых земляў прыбывалі ў Егіпет, каб купіць харчоў у Язэпа, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.