Быццё 3 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў палявых, якіх зрабіў ГОСПАД Бог. І сказаў ён жанчыне: «Ці ж гэта сказаў Бог: “Ня ешце з кожнага дрэва ў садзе”?»
А змей быў хітрэйшы з усіх жывуноў палявых, якіх стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы не елі з кожнага дрэва райскага?»
І сказала жанчына зьмею: «Плады дрэваў саду можам есьці,
Жанчына адказала яму: «З плода дрэў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;
але пра плады дрэва, якое пасярод саду, сказаў Бог: “Ня ешце з яго і не дакранайцеся да яго, каб вы не памерлі”».
з плода ж дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб не елі і не дакраналіся да яго, каб не памерлі».
І сказаў зьмей жанчыне: «Не памрацё сьмерцю!
Дык сказаў змей жанчыне: «Ніякім чынам не памраце!
Бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і станецеся як Бог, тымі, хто спазнае дабро і зло».
Бо ведае Бог, што ў дзень, у які будзеце есці з яго, адкрыюцца вочы вашы і будзеце, як багі, ведаць дабро і зло».
І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і прывабнае для вачэй, і пажаданае дрэва дзеля разуменьня, і ўзяла яна плод ягоны, і ела, і дала мужу свайму, які [быў] з ёю, і ён еў.
Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы і мілае вачам, і прывабнае ёсць дрэва для здабыцця ведаў; і сарвала [адзін] з пладоў яго, і з’ела, і дала таксама мужу свайму, і ён з’еў.
І расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і спазналі, што яны голыя, і сплялі лісты фігавыя, і зрабілі сабе перапаяскі.
І адкрыліся вочы ў абодвух. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фігавыя і зрабілі сабе перапаяскі.
І пачулі яны голас ГОСПАДА Бога, Які хадзіў у садзе ў ветры дня, і схаваліся чалавек і жонка ягоная ад аблічча ГОСПАДА Бога сярод дрэваў саду.
І калі пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі апоўдні, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэў райскіх.
І паклікаў ГОСПАД Бог чалавека, і сказаў яму: «Дзе ты?»
І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты?»
І той сказаў: «Голас Твой я пачуў у садзе і спалохаўся, бо я — голы, і схаваўся».
Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».
І сказаў [Бог]: «Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я загадаў табе ня есьці?»
І сказаў яму: «Хто ж табе паказаў, што ты голы, хіба што з дрэва, з якога Я забараніў табе есці, ты ўсё ж такі еў?»
І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты даў, [каб была] са мною, яна дала мне з дрэва, і я еў».
І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты мне даў, сама дала мне з дрэва, і я еў».
І сказаў ГОСПАД Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» І сказала жанчына: «Зьмей падмануў мяне, і я ела».
Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Змей звёў мяне, і я з’ела».
І сказаў ГОСПАД Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты між усёй скаціны і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есьці ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
Тады кажа Госпад Бог змею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзеш між усіх жывёл і ўсіх звяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есці ва ўсе дні жыцця свайго.
І Я кладу варожасьць паміж табой і жанчынай, паміж насеньнем тваім і насеньнем яе. Яно скрышыць табе галаву, а ты скрышыш яму пяту».
Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго».
А жанчыне сказаў: «Памнажаючы, памножу мучэньні твае і цяжарнасьці твае, з болем будзеш нараджаць сыноў; і да мужа твайго памкненьне тваё, а ён будзе панаваць над табою».
Жанчыне ж сказаў: «Памножу мучэнні твае ў родах тваіх: у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа твайго будзе пажада твая, ён жа будзе панаваць над табою».
А Адаму сказаў: «За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я загадаў табе, кажучы: “Ня еш з яго”, праклятая зямля з-за цябе. У мучэньнях будзеш есьці з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, з якога Я табе забараніў есці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У цяжкай працы будзеш жывіцца з яе ва ўсе дні жыцця твайго.
Церні і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш есьці траву палявую.
Пустазелле і бадзякі будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца раслінамі зямлі.
У поце аблічча твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».
У поце твару твайго будзеш есці хлеб, аж пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пыл і ў пыл вернешся».
І назваў чалавек імя сваёй жонцы — Ева, бо яна была маці ўсіх, што жывуць.
Чалавек даў імя сваёй жонцы Ева, таму што яна была маці ўсіх жывых.
І зрабіў ГОСПАД Бог Адаму і жонцы ягонай адзеньне са скуры, і апрануў іх.
І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама і жонцы яго адзенне са скуры і адзеў іх.
І сказаў ГОСПАД Бог: «Вось, чалавек стаўся як адзін з Нас, спазнаўшы дабро і зло. І цяпер няхай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама з дрэва жыцьця, і ня зьесьць, і ня будзе жыць вечна».
Потым сказаў Госпад Бог: «Вось жа, чалавек стаўся, як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай не выцягне рукі сваёй і не возьме таксама плода з дрэва жыцця, не з’есць яго і не будзе жыць вечна».
І выслаў яго ГОСПАД Бог з саду Эдэм, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты.
Выдаліў яго Госпад Бог з раю Эдэн, каб абрабляў ён зямлю, з якой быў узяты.
І выгнаў чалавека, і паставіў на ўсходзе ад саду Эдэм херувімаў і меч палымяны, які паварочваецца наўкола, каб сьцерагчы шлях да дрэва жыцьця.
І выгнаў чалавека, і паставіў перад раем Эдэн херубіна з агністым мечам, які верціцца, каб сцерагчы дарогу да дрэва жыцця.