Быццё 13 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лот з ім, у Нэгеў.
І выйшаў Абрам з Егіпта, сам і жонка яго, і ўсё, што ён меў, і Лот разам з ім, у Нагэб.
І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
І стаўся Абрам вельмі багатым жывёлаю, срэбрам і золатам.
І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
І вандраваў ён ад прыпынку да прыпынку з Нагэба ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,
да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнік; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
на месцы ахвярніка, які ўчыніў раней і прызваў там імя Госпада.
Таксама Лот, які ішоў з Абрамам, меў авечак, валоў і намёты.
Але і ў Лота, які качаваў разам з Абрамам, былі статкі авечак, і буйная жывёла, і палаткі,
І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
і не магла ўмясціць іх зямля, каб жыць сумесна, бо маёмасць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.
І была спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
Таму ўзнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. У той жа час хананеі і феразеі пражывалі ў той зямлі.
І сказаў Абрам Лоту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
Дык сказаў Абрам Лоту: «Прашу, каб не было сваркі між мной і табой і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!
Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
Хіба не ўся зямля перад табой? Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі ты выбераш правы бок, то я падамся ўлева».
І ўзьняў Лот вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была [напоеная] вадой перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
Падняўшы тады вочы, Лот убачыў усю ваколіцу каля Ярдана, якая цалкам арашалася, пакуль не знішчыў Госпад Садома і Гаморы, як рай Госпада і як Егіпет, аж да Сэгора.
І выбраў сабе Лот усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лот на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
І выбраў сабе Лот усю мясцовасць каля Ярдана, і адышоў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.
Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лот жыў у гарадах той ваколіцы і паставіў намёты аж да Садому.
І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лот жа апынуўся ў гарадах, што былі каля Ярдана, і рассунуў палаткі аж да Садома.
А жыхары Садому былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
А садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.
І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
І сказаў Госпад Абраму пасля таго, як аддзяліўся Лот ад яго: «Падымі вочы свае і паглядзі з месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад:
Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
усю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і нашчадкам тваім навечна.
І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
І зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямлі. Калі хто з людзей можа палічыць пясок зямлі, тады і тваіх нашчадкаў зможа палічыць.
Устань і прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і ў шырыню яе, бо яе Я дам табе».
І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.
Дык зняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, якая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.