Быццё 31 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пачуў [Якуб] словы сыноў Лявана, якія казалі: «Забраў Якуб усё, што было ў бацькі нашага, і з таго, што было ў бацькі нашага, учыніў сабе ўсю гэтую славу».
 
І чуў, як сыны Лабана гаварылі: «Якуб забраў усё, што было ў нашага бацькі, і з маёмасці нашага бацькі набыў такія багацці».

І бачыў Якуб аблічча Лявана, і вось, ён ня быў з ім такі, як учора і пазаўчора.
 
Пасля таго звярнуў Якуб увагу на твар Лабана, што стаўся ён адносна яго, не як учора і заўчора.

І сказаў ГОСПАД Якубу: «Вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і нараджэньня твайго, і Я буду з табою».
 
І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».

І паслаў Якуб, і паклікаў Рахель і Лею ў поле да авечак сваіх,
 
І паслаў Якуб паклікаць Ракель і Лію на поле, дзе ён пасвіў статкі,

і сказаў ім: «Я бачу аблічча бацькі вашага, што ён не такі да мяне, як учора ці пазаўчора. І Бог бацькі майго быў са мною.
 
і сказаў ім: «Бачу па выразе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як учора і заўчора, але Бог майго бацькі быў са мною

І вы ведаеце, што я ўсімі сіламі служыў бацьку вашаму,
 
і вы самі ведаеце, што з усіх намаганняў маіх я служыў бацьку вашаму.

і бацька ваш ашукваў мяне, і зьмяняў плату маю дзесяць разоў, але ня даў яму Бог зрабіць крыўду мне.
 
Але бацька ваш усё падманвае мяне і дзесяць разоў мяняе маю плату; ды, аднак, Бог не даў яму пакрыўдзіць мяне.

Калі сказаў ён: “Стракатыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі стракатыя. А калі сказаў ён: “Пасастыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі пасастыя.
 
Калі вось сказаў: “Крапкаваныя будуць тваёй платай”, — нараджалі ўсе авечкі крапкаваных ягнят. Калі ж сказаў ён наадварот: “Тых, што пярэстыя, атрымаеш як плату”, — усе жывёлы ў статку нараджалі пярэстых.

І забраў Бог статак у бацькі вашага, і даў яго мне.
 
Так забраў Бог маёмасць бацькі вашага і даў мне.

І было ў часе параваньня авечак, і ўзьняў я вочы мае, і бачыў у сьне, і вось, бараны, якія ўскочылі на авечак, былі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
 
Пасля таго як надышоў час апладнення статка, узнёс я вочы мае і ўбачыў у сне, што самцы, якія пакрываюць самак, — пярэстыя, крапкаваныя і плямістыя.

І сказаў мне анёл Божы ў сьне: “Якубе!” І я сказаў: “Вось я!”
 
І сказаў мне ўва сне анёл Божы: “Якуб!” Я адказаў: “Вось я”.

І Ён сказаў: “Узьнімі вочы твае і паглядзі: усе бараны, якія ўскочылі на авечак, пасастыя, стракатыя і пярэстыя, бо Я бачыў усё, што Ляван робіць табе.
 
Ён сказаў: “Падымі вочы свае і паглядзі на ўсіх самцоў, што пакрываюць самак: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах. Я ж бачу ўсё, што зрабіў табе Лабан.

Я — Бог з Бэтэлю, дзе ты памазаў слуп і дзе абяцаў Мне абяцаньне. Цяпер устань, выйдзі з зямлі гэтае, і вярніся ў зямлю нараджэньня твайго”».
 
Я — Бог з Бэтэля, дзе намасціў ты камень і дзе прынёс Мне прысягу. Дык цяпер падыміся, выйдзі з гэтай зямлі, каб вярнуцца ў зямлю, дзе ты нарадзіўся”».

І адказалі Рахель і Лея, і сказалі яму: «Ці ёсьць яшчэ ў нас частка і спадчына ў доме бацькі нашага?
 
Адказалі яму Ракель і Лія: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў доме бацькі нашага?

Ці не за чужых ён нас мае? Бо ён прадаў нас, і еў, зьядаючы срэбра нашае.
 
Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас і з’еў плату за нас?

Таму ўсё багацьце, якое забраў Бог у бацькі нашага, нашае яно і дзяцей нашых. І цяпер усё, што сказаў Бог табе, рабі».
 
Але ўсё багацце, якое Бог забраў у бацькі нашага, нам аддаў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».

І ўстаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў.
 
Дык устаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,

І павёў усе статкі свае і ўсю маёмасьць сваю, якую прыдбаў, статкі ўласнасьці сваёй, якую ён прыдбаў у Падан-Араме, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.
 
і ўзяў з сабой усе статкі свае і ўсю маёмасць сваю, што здабыў у Падан-Араме, каб ісці да Ізаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.

А Ляван пайшоў стрыгчы авечкі свае. І ўкрала Рахель балваноў, якія былі ў бацькі ейнага.
 
У той час Лабан выбраўся стрыгчы авечак, і Ракель скрала балванаў хатніх бацькі свайго.

І ашукаў Якуб сэрца Лявана Арамейца, бо не сказаў яму, што ўцякае.
 
А Якуб ашукаў сэрца Лабана, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.

І ўцёк ён з усім, што ў яго; і ўстаў, і перайшоў праз раку, і скіраваў аблічча сваё да гары Гілеад.
 
І калі ўцёк ён з усім, што меў, то, перайшоўшы рэчку, накіраваўся на гару Галаад.

І паведамілі Лявану на трэці дзень, што ўцёк Якуб.
 
Трэцяга дня паведамілі Лабану, што Якуб уцёк.

І ўзяў ён з сабою братоў сваіх, і гнаўся за ім дарогаю сем дзён, і дагнаў яго на гары Гілеад.
 
Той, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Галаад.

І прыйшоў Бог да Лявана Арамейца ў сьне ўначы, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога».
 
І прыйшоў Бог да Лабана арамейца ноччу ўва сне, і сказаў яму: «Сцеражыся, не гавары нічога благога супраць Якуба!»

І дагнаў Ляван Якуба, а Якуб паставіў намёт свой на гары. І Ляван паставіў [намёт] з братамі сваімі на гары Гілеад.
 
Якуб на гары ўжо расцягваў палатку, калі Лабан, дагнаўшы яго з братамі сваімі, на той жа гары Галаад паставіў палатку.

І сказаў Ляван Якубу: «Што ты зрабіў? Ты ашукаў сэрца маё, і вывеў дочак маіх, быццам палоненых мячом.
 
І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў і ашукаў сэрца маё, вывеўшы дачок маіх, як паланянак?

Чаму ты патаемна ўцёк, і абакраў мяне, і не сказаў мне? І я адпусьціў бы цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і гусьлямі.
 
Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, не паведаміўшы мне, каб я мог правесці цябе з радасцю і спевамі, з бубнамі і цытрамі?

А ты не дазволіў мне пацалаваць сыноў маіх і дочак маіх. Гэта ты дрэнна зрабіў.
 
Ты не даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, неразумна зрабіў ты!

Ёсьць сіла ў руцэ маёй учыніць вам ліха, але Бог бацькі вашага ўчора ўначы сказаў мне, кажучы: “Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога”.
 
А цяпер магла рука мая адгадзіць табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: “Сцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!”

І цяпер ты, ідучы, пайшоў, бо ты сумуючы, засумаваў па доме бацькі твайго. Але навошта ты скраў багоў маіх?»
 
Добра, ты выправіўся, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»

І адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Бо я баяўся, бо я казаў, што ты забярэш дочак сваіх у мяне.
 
Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Бо я думаў, каб ты часам сілай не адабраў дачок сваіх у мяне.

У каго знойдзеш багоў сваіх, той ня будзе жыць. Перад братамі нашымі правер, што ёсьць у мяне, і вазьмі сабе». А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала іх.
 
А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасці братоў нашых абшукай, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А не ведаў Якуб, што Ракель скрала балванаў.

І ўвайшоў Ляван у намёт Якуба, і ў намёт Леі, і намёт дзьвюх нявольніцаў, і не знайшоў. І выйшаў з намёту Леі, і ўвайшоў у намёт Рахелі.
 
І Лабан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзвюх паслугачак, не знайшоў, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Ракель.

А Рахель узяла балваноў, і палажыла іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Ляван увесь намёт, і не знайшоў.
 
А яна схавала балванаў пад вярблюдавае сядло і села зверху. А калі абшукаў Лабан усю палатку і не знайшоў нічога,

І сказала яна бацьку свайму: «Няхай не ўзгарыцца гнеў у вачах пана майго, што я не магу ўстаць перад табою, бо слабасьць жаночая ў мяне». І ён шукаў, і не знайшоў балваноў.
 
сказала: «Хай не гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля звычайнага жаночага не магу». Дык абшукаў ён, але балванаў не знайшоў.

І ўзгарэўся гнеў Якуба, і ён сварыўся з Ляванам. І адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Якая віна мая, які грэх мой, што ты гнаўся за мною?
 
І, раззлаваўшыся, сказаў Якуб з лаянкай: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога граху майго ты так пераследуеш мяне,

Бо ты абшукаў усе рэчы мае. Ці знайшоў ты нешта з рэчаў дому свайго? Палажы іх тут перад братамі маімі і братамі тваімі. Няхай яны рассудзяць паміж намі двума.
 
што абшукваеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з усёй маёмасці дому твайго? Пакладзі тут, у прысутнасці братоў маіх і братоў сваіх, і хай яны рассудзяць між мной і табой.

Вось, дваццаць год я [быў] з табою. Авечкі твае і козы твае не скідалі, і бараноў з авечак тваіх я ня еў.
 
Вось, дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статка твайго я не еў.

Разьдзёртага [зьвярамі] я не прыносіў да цябе, я сам нёс віну, з рукі маёй ты шукаў гэта, ці яно было ўкрадзена ўдзень, ці ўкрадзена ўначы.
 
Раздзёртага дзікім зверам не прыносіў табе, я сам аддаваў за ўсякую страту. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне.

Было, што ўдзень жэрла мяне гарачыня, і мароз — уначы; і ўцякаў сон мой з вачэй маіх.
 
Днём мучыла мяне спякота, а ноччу холад, сон уцякаў ад вачэй маіх.

Гэтакія [былі] мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьве дочкі твае і шэсьць гадоў за авечак тваіх, і ты зьмяняў плату маю дзесяць разоў.
 
Так праз дваццаць гадоў у доме тваім я служыў табе: чатырнаццаць за дачок, а шэсць за статкі твае. Дзесяць разоў таксама змяняў ты плату маю.

Калі б Бог бацькі майго, Бог Абрагама і [Той, Каго] баіцца Ісаак, ня быў са мною, дык цяпер пустым ты выслаў бы мяне. Пакуты мае і працу рук маіх бачыў Бог і рассудзіў учора ўвечары».
 
Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з бояззю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты, несумненна, пусціў бы мяне з нічым; няшчасце маё і цяжкую працу рук маіх убачыў Бог і вынес прысуд учора».

І адказаў Ляван, і сказаў Якубу: «Дочкі гэтыя — мае дочкі, і сыны гэтыя — мае сыны; і авечкі гэтыя — мае авечкі, і ўсё, што ты бачыш, — гэта маё. І дочкам маім, што я зраблю ім сёньня, або сынам іхнім, якіх яны нарадзілі?
 
Лабан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, статкі — мае статкі ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць сёння маім дочкам або іх дзецям, якіх яны нарадзілі?

А цяпер хадзі, заключым запавет я і ты, і ён будзе сьведчаньнем паміж мною і табою».
 
Дык хадзем, заключым пагадненне, я і ты, каб было яно сведчаннем між мною і табой».

І ўзяў Якуб камень, і паставіў яго як слуп.
 
Тады вось Якуб прынёс камень, і паставіў як памятны знак,

І сказаў Якуб братам сваім: «Назьбірайце камянёў». І яны ўзялі камяні, і зрабілі крушню, і елі там на крушні.
 
і сказаў братам сваім: «Назбірайце камянёў!» Яны назбіралі і зрабілі курган. І елі там на ім.

І назваў яе Ляван Егар-Сагадута, а Якуб назваў яе Галед.
 
І Лабан назваў яго: Егар-Сагадутаa, а Якуб — Галедамb.

І сказаў Ляван: «Крушня гэтая — сьведчаньне паміж мною і табою сёньня». Таму і назвалі імя ейнае Галед
 
І Лабан сказаў: «Хай курган гэты будзе сведкам згоды сёння між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,

і Міцпа, бо ён сказаў: «Няхай назірае ГОСПАД паміж мною і табою, калі разыйдземся адзін ад аднаго.
 
а таксама Міцпаc, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыдземся між сабой.

Калі ты будзеш уціскаць дочак маіх і калі возьмеш жонак акрамя дочак маіх, [хоць] няма чалавека з намі, глядзі, Бог — сьведка паміж мною і табою».
 
Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць не будзе нікога з людзей між намі — глядзі: Бог — сведка між мной і табой!»

І сказаў Ляван Якубу: «Вось крушня гэтая, і вось слуп, які я паставіў паміж мною і табою.
 
І сказаў Лабан Якубу: «Вось, курган і камень, якія я паставіў між мною і табой.

Сьведкам [будзе] крушня гэтая і сьведкам [будзе] слуп, што ані я не перайду да цябе за гэтую крушню і за гэты слуп, ані ты не пяройдзеш да мяне за гэтую крушню і за гэты слуп з ліхім [намерам].
 
Гэты курган і камень будуць сведкамі, што я не перайду за гэты курган, ідучы да цябе, і што ты не пяройдзеш за гэты курган і гэты камень дзеля ліхога.

Бог Абрагама і Бог Нахора, Бог бацькоў іхніх няхай судзіць нас». І прысягнуў Якуб на [Таго, Каго] баіцца бацька ягоны Ісаак.
 
Бог Абрагама і Бог Нахора хай рассудзіць паміж намі». І Якуб прысягнуў Тым, Каго з бояззю славіў Ізаак, яго бацька.

І ахвяраваў Якуб ахвяру на гары, і паклікаў братоў сваіх есьці хлеб. І яны елі хлеб, і начавалі на гары.
 
А потым забіў на гары жывёлін на ахвяру і запрасіў сваіх братоў, каб паелі хлеба. А калі паелі, ляглі спаць на гары.

І ўстаў Ляван рана раніцай, і пацалаваў сыноў сваіх і дочак сваіх, і дабраславіў іх, і пайшоў, і вярнуўся Ляван на месца сваё.
 
І Лабан, узняўшыся рана, пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, дабраславіў іх і вярнуўся ў сваё месца.