Быццё 2 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе.
Такім чынам былі закончаны нябёсы і зямля, і ўсё воінства іх.
І скончыў Бог у сёмы дзень працу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй працы Сваёй, якую зрабіў.
У сёмы дзень скончыў Бог тварэнне Сваё, што ўчыніў, і ў дзень сёмы супачыў ад усякага тварэння, што выканаў.
І дабраславіў Бог дзень сёмы, і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй працы Сваёй, калі ствараў Бог, робячы.
І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба.
Такое вось паходжанне неба і зямлі, калі былі яны створаны. У дзень, калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная трава палявая яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю.
не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, аніводнай палявой траўкі не ўзышло, бо Госпад Бог не спасылаў дажджу на зямлю ды не было чалавека, які б абрабляў глебу,
І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі.
але пара ўздымалася ад зямлі, арашаючы ўсю паверхню зямлі.
І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавек душою жывою.
Тады стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры яго подых жыцця, і чалавек стаўся жывою душою.
І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэме, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў.
І насадзіў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясціў чалавека, якога ўфармаваў.
І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
І вырасціў Госпад Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае для ежы, таксама дрэва жыцця ў сярэдзіне раю і дрэва пазнання дабра і зла.
І рака выцякала з Эдэму, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі].
І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздзяляецца на чатыры ракі.
Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата.
Назва адной Пішон. Яна тая, што акружае ўсю зямлю Хавіла, дзе знаходзіцца золата.
А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс.
А золата той зямлі найлепшае, там знаходзяць бдалах і онікс.
А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.
А назва другой ракі Гіхон; яна тая, што акружае ўсю зямлю Куш.
А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат.
Назва ж трэцяй ракі Тыгр: цячэ яна на ўсход Асірыі, чацвёртая рака — Эўфрат.
І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэм, каб абрабляў яго і захоўваў яго.
Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў садзе ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго.
І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці,
І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага райскага дрэва еж,
але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш».
а з дрэва пазнання дабра і зла не еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есці з яго — смерцю памрэш».
І сказаў ГОСПАД Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму».
Таксама сказаў Госпад Бог: «Не добра быць чалавеку аднаму: зробім яму памочніка, падобнага да яго».
І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.
І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае.
І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.
І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго.
І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.
Дык наслаў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе.
І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Госпад Бог стварыў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
І сказаў чалавек: «Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа».
І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа».
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам.
І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся.
І былі абодва голыя, чалавек, значыць, і жонка яго, але не адчувалі сораму.