Быццё 33 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўзьняў Якуб вочы свае, і ўбачыў, і вось, Эзаў прыйшоў, і з ім чатырыста чалавек. І ён падзяліў дзяцей Леі, Рахелі і дзьвюх нявольніцаў.
І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў, што набліжаецца Эзаў, а з ім чатырыста мужчын. І падзяліў дзяцей Ліі, Ракелі і абедзвюх нявольніц,
І паставіў нявольніцаў і дзяцей іхніх першымі, а Лею і дзяцей ейных за імі, а Рахель і Язэпа за імі.
і памясціў адну і другую нявольніц з іх дзецьмі наперадзе, Лію з яе дзецьмі крыху за імі, а Ракель і Язэпа — самымі апошнімі.
І ён выйшаў перад імі, і пакланіўся да зямлі сем разоў, пакуль наблізіўся да брата свайго.
А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падышоў да брата свайго.
І пабег Эзаў яму насустрач, і абняў яго, і ўпаў на шыю яму, і цалаваў яго, і плакалі [разам].
І Эзаў падбег насустрач брату свайму, абняў яго; і, абхапіўшы шыю яго, пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.
І ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў жанчынаў і дзяцей, і сказаў: «Хто яны табе?» І сказаў [Якуб]: «Дзеці, якімі Бог абдараваў слугу твайго».
І, падняўшы вочы, убачыў жанчын і дзяцей іх, і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці, якіх падараваў Бог мне, слузе твайму».
І наблізіліся нявольніцы, самі і дзеці іхнія, і пакланіліся.
Тады падышлі нявольніцы з сваімі дзецьмі і пакланіліся.
І наблізілася таксама Лея і дзеці ейныя, і пакланіліся. А потым наблізіліся Язэп і Рахель, і пакланіліся.
Падышла потым Лія са сваімі дзецьмі, і калі яны таксама пакланіліся, апошнімі аддалі паклон Язэп і Ракель.
І сказаў [Эзаў]: «Што ў цябе за цэлы табар гэты, які я сустрэў?» І сказаў [Якуб]: «Каб знайсьці ласку ў вачах пана майго».
І спытаўся Эзаў: «Чые гэта статкі, якія я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».
І сказаў Эзаў: «Маю я шмат, браце мой. Няхай будзе тваё тое, што ў цябе».
А той кажа: «Маю я многа, браце мой, хай тваё будзе табе».
І сказаў Якуб: «Не, прашу, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прыймі дар мой з рукі маёй, бо я, убачыўшы аблічча тваё, быццам убачыў аблічча Божае, і ты меў ласку да мяне.
Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прымі маленькі дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў аблічча тваё, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты быў да мяне спагадны.
Прыймі, прашу, дабраславенства маё, якое я прывёў табе, бо Бог абдараваў мяне, і я маю ўсё». І ён упрасіў яго, і той узяў.
Прымі ж, прашу, дабраславенне, якое прыбыло да цябе, бо Бог міласцівы для мяне, маю ўсё». І так заахвочваў яго, што той прыняў
І сказаў [Эзаў]: «Вырушым і пойдзем, і я буду ісьці разам з табою».
і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».
І сказаў яму [Якуб]: «Пан мой ведае, што дзеці кволыя, і авечкі котныя, і каровы цельныя ў мяне. Калі пагнаць іх адзін дзень, паздыхаюць усе авечкі.
Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што са мною малыя дзеці, а таксама авечкі з акотам і каровы; калі буду абцяжарваць іх падарожжам хоць бы адзін дзень, то прападуць усе мае статкі.
Няхай пан мой пойдзе перад абліччам слугі свайго, а я пайду паволі, паводле хады чарады, якая перада мною, і паводле хады дзяцей, аж прыйду да пана майго ў Сэір».
Дык ідзі, гаспадару мой, перад паслугачом тваім, а я буду ісці памалу, так, як пойдзе мой статак перада мною і як будуць ісці дзеці, пакуль не прыйду да гаспадара майго ў Сэір».
І сказаў Эзаў: «Я пакіну з табою [частку] людзей, якія са мною». І сказаў [Якуб]: «Навошта гэта, калі я знайшоў ласку ў вачах пана майго».
Эзаў адказаў: «Прашу цябе, хай застануцца спадарожнікамі табе хаця б некалькі людзей маіх, якія са мною». «Няма, — кажа, — патрэбы; аднаго мне толькі трэба, каб знайшоў я ласку ў вачах гаспадара майго».
І вярнуўся ў той дзень Эзаў шляхам сваім у Сэір.
І Эзаў вярнуўся ў той дзень дарогай сваёй у Сэір.
А Якуб вырушыў у Сукот і пабудаваў сабе дом, а статку свайму парабіў буданы. Дзеля гэтага ён назваў імя месцу таму Сукот.
А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх статкаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасць назваў ён Сукотa.
І прыйшоў Якуб у супакоі да гораду Сыхем, які ў зямлі Ханаан, калі прыйшоў з Падан-Араму, і паставіў [намёты] перад горадам.
Калі прыйшоў з Падан-Арама, пераправіўся Якуб бяспечна ў горад Сіхэм, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля горада.
І купіў ён частку поля, на якім паставіў намёт свой, з рукі сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесытаў.
І купіў ён частку поля, на якой паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў.
І паставіў там ахвярнік, і назваў яго «Бог ёсьць Бог Ізраіля».
І ўзнёс там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсць Богам Ізраэля».