Быццё 33 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.
І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў, што набліжаецца Эзаў, а з ім чатырыста мужчын. І падзяліў дзяцей Ліі, Ракелі і абедзвюх нявольніц,
І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.
і памясціў адну і другую нявольніц з іх дзецьмі наперадзе, Лію з яе дзецьмі крыху за імі, а Ракель і Язэпа — самымі апошнімі.
А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.
А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падышоў да брата свайго.
І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.
І Эзаў падбег насустрач брату свайму, абняў яго; і, абхапіўшы шыю яго, пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.
І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.
І, падняўшы вочы, убачыў жанчын і дзяцей іх, і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці, якіх падараваў Бог мне, слузе твайму».
І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;
Тады падышлі нявольніцы з сваімі дзецьмі і пакланіліся.
падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.
Падышла потым Лія са сваімі дзецьмі, і калі яны таксама пакланіліся, апошнімі аддалі паклон Язэп і Ракель.
І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.
І спытаўся Эзаў: «Чые гэта статкі, якія я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».
Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.
А той кажа: «Маю я многа, браце мой, хай тваё будзе табе».
Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;
Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прымі маленькі дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў аблічча тваё, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты быў да мяне спагадны.
прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў
Прымі ж, прашу, дабраславенне, якое прыбыло да цябе, бо Бог міласцівы для мяне, маю ўсё». І так заахвочваў яго, што той прыняў
і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.
і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».
Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;
Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што са мною малыя дзеці, а таксама авечкі з акотам і каровы; калі буду абцяжарваць іх падарожжам хоць бы адзін дзень, то прападуць усе мае статкі.
хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.
Дык ідзі, гаспадару мой, перад паслугачом тваім, а я буду ісці памалу, так, як пойдзе мой статак перада мною і як будуць ісці дзеці, пакуль не прыйду да гаспадара майго ў Сэір».
Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!
Эзаў адказаў: «Прашу цябе, хай застануцца спадарожнікамі табе хаця б некалькі людзей маіх, якія са мною». «Няма, — кажа, — патрэбы; аднаго мне толькі трэба, каб знайшоў я ласку ў вачах гаспадара майго».
І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.
І Эзаў вярнуўся ў той дзень дарогай сваёй у Сэір.
І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.
А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх статкаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасць назваў ён Сукотa.
Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.
Калі прыйшоў з Падан-Арама, пераправіўся Якуб бяспечна ў горад Сіхэм, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля горада.
І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.
І купіў ён частку поля, на якой паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў.
І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.
І ўзнёс там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсць Богам Ізраэля».