Быццё 18 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І зьявіўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт свой, у час дзённае сьпёкі.
 
І з’явіўся Госпад Абрагаму паблізу дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую спякоту дня.

Ён узьвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі,
 
Калі ён падняў вочы, з’явіліся перад ім тры чалавекі, якія стаялі каля яго. Калі ён убачыў іх, то паспяшаўся ад дзвярэй палаткі сваёй насустрач, і пакланіўся да зямлі,

і сказаў: Валадару, калі я здабыў добрае ўпадабаньне прад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго;
 
і сказаў: «О Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку ў вачах Тваіх, не мінай паслугача Свайго.

і прынясуць крыху вады, і абмыюць ногі вашыя; і адпачнеце пад гэтым дрэвам,
 
Хай прынясуць крыху вады, і абмыйце ногі вашы ды адпачніце пад дрэвам.

а я прынясу хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя; пасьля ідзеце; як бо вы ідзяце міма раба вашага. Яны сказалі: зрабі так, як кажаш.
 
А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца ваша, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да паслугача свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».

І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сарры і сказаў: хутчэй замясі тры саты найлепшай мукі і зрабі праснакі.
 
І паспяшыў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і спячы ў попеле хлеб».

І пабег Абрагам да статку, і ўзяў цялятка ласкавае і добрае, і даў хлопчыку, і той пасьпяшаўся прыгатаваць яго.
 
А сам пабег да статка, і адтуль прынёс найсыцейшае і самае лепшае цяля, і даў яго слузе; той вельмі хутка прыгатаваў яго.

І ўзяў масла і малака і цялятка прыгатаванае і паставіў перад імі; а сам стаяў каля іх пад дрэвам. І яны елі.
 
І прынёс таксама масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паставіў перад імі. Сам жа стаяў паблізу іх пад дрэвам; і яны елі.

І сказалі яму: дзе Сарра, жонка твая? Ён адказаў: тут, у намёце.
 
І спыталі ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».

І сказаў адзін зь іх: я зноў буду ў цябе ў гэты самы час, і будзе сын у Сарры, жонкі тваёй. А Сарра слухала каля ўваходу ў намёт, за ім.
 
І сказаў яму: «Калі ў гэты час зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара засмяялася каля ўваходу ў палатку, бо стаяла па-за ёю.

А Абрагам і Сарра былі старыя і ў веку сталым, і звычайнае ў жанчын у Сарры спынілася.
 
Бо былі абое старыя, пажылога ўзросту, і звычайныя жаночыя аб’явы ў Сары спыніліся.

Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары.
 
Усміхнулася яна патаемна, думаючы: «Калі ўжо я састарэла, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»

І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла?
 
І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго смяецца Сара і кажа: “Ці сапраўды магу нарадзіць старая?”

Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын.
 
Ці ж для Госпада ёсць што немагчымае? Калі вярнуся да цябе ў гэты самы час, Сара будзе мець сына».

А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася.
 
А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не смяялася», бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, ты смяялася!»

І ўсталі тыя мужы і адтуль выправіліся да Садомы; а Абрагам пайшоў зь імі правесьці іх.
 
Калі ж тыя людзі падняліся адтуль, то накіравалі вочы свае на Садом, а Абрагам ішоў разам, праводзячы іх.

І сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Абрагама, што хачу рабіць?
 
І сказаў Госпад: «Ці ж змагу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць,

Ад Абрагама, праўда, пойдзе народ вялікі і моцны, і дабраславяцца ў ім усе народы зямлі,
 
калі ён станецца народам вялікім і наймагутнейшым, і ў ім дабраславёныя будуць усе народы зямлі?

бо Я выбраў яго на тое, каб ён наказаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, хадзіць шляхам Гасподнім, чынячы праўду і суд; і спраўдзіць Гасподзь над Абрагамам, што сказаў пра яго.
 
Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».

І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;
 
І сказаў Госпад: «Скарга на Садом і на Гамору павялічылася, і грэх іх надта цяжкі.

сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; даведаюся.
 
Дык выйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на справе, ці не?»

І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў прад абліччам Госпада.
 
І павярнулі людзі адтуль, і накіраваліся ў Садом. А Абрагам усё стаяў перад Госпадам.

І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?
 
І, падышоўшы, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам з бязбожным?

магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзясят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?
 
Калі, выпадкам, у горадзе будзе пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім?

ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?
 
Не рабі гэткім чынам, каб загубіў Ты справядлівага ды з бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж суддзя ўсёй зямлі ўчыніць несправядлівасць?»

Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзясят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.
 
Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».

Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:
 
І зноў Абрагам прамовіў у адказ: «Вось жа, пачаў я прамаўляць да Госпада майго, хоць я пыл і парахня.

можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.
 
А што, калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля [нястачы] пяці знішчыш увесь горад?» Ён кажа: «Не знішчу, калі знайду там сорак пяць».

Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.
 
Зноў звярнуўся да Яго: «Калі б, выпадкам, было там толькі сорак?» Кажа: «Не зруйную дзеля сарака».

І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.
 
«Не гневайся, прашу, — кажа, — Госпадзе мой, што папытаюся. А калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў: «Не ўчыню, калі знайду там трыццаць».

Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.
 
«Вось, — кажа, — пачаў я прамаўляць да Госпада майго. А калі часам знойдзецца там дваццаць?» Сказаў: «Не заб’ю дзеля дваццаці».

Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.
 
«Прашу, кажа, не гневайся, Госпадзе мой, што спытаюся яшчэ раз. Можа, часам, знайшлося б там дзесяць?» Адказаў: «Не знішчу дзеля дзесяці».

І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ў месца сваё.
 
І, скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а той вярнуўся ў сваё месца.