Быццё 18 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І зьявіўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт свой, у час дзённае сьпёкі.
 
Калі сядзеў ён ля ўваходу намёта свайго апалудні, што ля дуба Ма́мбры, з’явіўся яму Бог.

Ён узьвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі,
 
Узняў ён вочы свае і ўбачыў: вось, тры мужы1 стаяць перад ім. Убачыўшы, пабег ім насустрач ад уваходу намёта свайго, схіліўся да зямлі

і сказаў: Валадару, калі я здабыў добрае ўпадабаньне прад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго;
 
і сказаў: “Госпадзе, калі ж я спазнаў ласку Тваю, не абміні слугу Твайго.

і прынясуць крыху вады, і абмыюць ногі вашыя; і адпачнеце пад гэтым дрэвам,
 
Няхай прынясуць вады і абмыюць вам ногі, а пасля спачніце ў прахалодзе пад дрэвам.

а я прынясу хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя; пасьля ідзеце; як бо вы ідзяце міма раба вашага. Яны сказалі: зрабі так, як кажаш.
 
Прынясу хлеб, з’ясцё, і пасля гэтага пойдзеце ў шлях ваш, якога дзеля слугі вашага адхіліліся”. І яны згадзіліся: “Рабі, як сказаў”.

І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сарры і сказаў: хутчэй замясі тры саты найлепшай мукі і зрабі праснакі.
 
І паспяшаўся Абрага́м у намёт да Са́рры, і сказаў ёй: “Завіхайся, і замясі тры мерывы2 мукі, і зрабі хлябы”.

І пабег Абрагам да статку, і ўзяў цялятка ласкавае і добрае, і даў хлопчыку, і той пасьпяшаўся прыгатаваць яго.
 
Потым пабег Абрага́м да кароў, выбраў далікатнае і маладое цяля, даў слугам і прыспешваў прыгатаваць яго.

І ўзяў масла і малака і цялятка прыгатаванае і паставіў перад імі; а сам стаяў каля іх пад дрэвам. І яны елі.
 
І ўзяў масла, і малако, і тое цяля, якое загадаў прыгатаваць, і прапанаваў прышлым, і спажывалі, а ён стаяў ля іх пад дрэвам.

І сказалі яму: дзе Сарра, жонка твая? Ён адказаў: тут, у намёце.
 
Спытаў жа [госць]: “Дзе Са́рра, жонка твая?” Адказаў: “Тут у намёце”.

І сказаў адзін зь іх: я зноў буду ў цябе ў гэты самы час, і будзе сын у Сарры, жонкі тваёй. А Сарра слухала каля ўваходу ў намёт, за ім.
 
Сказаў яму: “Вяртаючыся, завітаю да цябе ў той самы час і гадзіну, і будзе сын у Са́рры, жонкі тваёй”. Са́рра ж пачула, бо стаяла пры ўваходзе ззаду намёта.

А Абрагам і Сарра былі старыя і ў веку сталым, і звычайнае ў жанчын у Сарры спынілася.
 
Абрага́м жа і Са́рра састарэлі, мінулі дні аб’яваў жаночых у Са́рры.

Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары.
 
Рассмяялася Са́рра, кажучы сама сабе: “Дагэтуль не было ў мяне, а гаспадар мой дык яшчэ больш стары”.

І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла?
 
І сказаў Госпад да Абрага́ма: “Чаму рассмяялася Са́рра, сама сабе кажучы, — няўжо сапраўды нараджу я? Састарэла я.

Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын.
 
Няўжо амягне слова Божае? У такі самы час і гадзіну вярнуся да цябе, і ў Са́рры будзе сын”.

А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася.
 
Запярэчыла Са́рра: “Не смяялася я”. Бо апанаваў яе страх. І сказаў: “Не, усё ж ты смяялася”.

І ўсталі тыя мужы і адтуль выправіліся да Садомы; а Абрагам пайшоў зь імі правесьці іх.
 
Падняўшыся з таго месца, мужы накіраваліся ў бок Садома і Гаморы. Абрага́м жа ішоў разам з імі, суправаджаючы іх.

І сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Абрагама, што хачу рабіць?
 
І сказаў Госпад: “Ці ж утою Я ад Абрага́ма, слугі Майго, што маю зрабіць?

Ад Абрагама, праўда, пойдзе народ вялікі і моцны, і дабраславяцца ў ім усе народы зямлі,
 
Абрага́му наканавана стацца народам вялікім і шматлюдным, і дабрасловяцца ў ім усе народы зямныя.

бо Я выбраў яго на тое, каб ён наказаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, хадзіць шляхам Гасподнім, чынячы праўду і суд; і спраўдзіць Гасподзь над Абрагамам, што сказаў пра яго.
 
Ведаю, што перадасць запавет сынам сваім і дому свайму пасля сябе, і зберагуць шляхі Госпада, каб чыніць справядлівасць і суд, каб здзейсніў Госпад праз Абрага́ма ўсё, што абяцаў яму”.

І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;
 
І сказаў Госпад: “Лямантаванні з Садома і Гаморы павялічыліся, і грахі іх надта вялікія.

сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; даведаюся.
 
Спусціўшыся, пагляджу, ці паводле ляманту іх, што даходзіць да Мяне, там усё дзеецца, ці не, хачу гэта ведаць”.

І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў прад абліччам Госпада.
 
І, адышоўшы адтуль, мужы пайшлі ў Садом, Абрага́м жа яшчэ стаяў перад абліччам Госпада.13

І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?
 
Наблізіўшыся, Абрага́м сказаў: “Няўжо будзе знішчаны справядлівы разам з бязбожнікам? Ці стане праведнік як блюзнер?

магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзясят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?
 
Калі знойдзецца ў месце пяцьдзясят справядлівых, няўжо загубіш іх? Няўжо не абмінеш усяго паселішча дзеля пяцідзесяці праведнікаў, калі толькі знойдуцца ў ім?

ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?
 
Няўжо Ты нічога не зробіш, заб’еш справядлівага як бязбожнага, і будзе праведнік роўны блюзнеру. Ані! Нізавошта. Ты, што судзіш зямлю, адмовішся ад суду?”

Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзясят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.
 
Адказаў Госпад: “Калі толькі выяўлю ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў, абміну ўсё паселішча дзеля іх”.

Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:
 
І адказаў Абрага́м: “Хацеў бы яшчэ звярнуцца да Госпада, хоць я — зямля і попел.

можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.
 
Калі ж зменшыцца пяцьдзясят праведнікаў на пяць, ці знішчыш праз пяцёх усё места?” І адказаў: “Не знішчу, калі толькі знайду там сорак пяць”.

Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.
 
І дадаў, гаворачы да Яго: “А калі ж знойдуцца там сорак?” Адказаў: “Не знішчу дзеля сарака”.

І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.
 
І сказаў: “Што, Госпадзе, калі скажу? Калі ж знойдуцца там трыццаць?” І адказаў: “Не знішчу, калі толькі знайду там трыццацёх”.

Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.
 
І зноў спытаўся: “Раз ужо гавару я да Госпада, калі ж знойдуцца там дваццаць?” І адказаў: “Не знішчу дзеля дваццаці”.

Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.
 
І працягнуў пытацца: “Што, Госпадзе, калі яшчэ раз прамоўлю? А калі знойдуцца там дзесяць?” І адказаў: “Не знішчу дзеля дзесяці”.

І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ў месца сваё.
 
І адышоў Госпад, як скончыў гаварыць з Абрага́мам, і Абрага́м вярнуўся ў паселішча сваё.