Быццё 14 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І было ў дні Армафэла, цара Сэнаарскага, Арыёха, цара Эласарскага, Кедарлаамэра, цара Эламскага, і Тыдала, цара Гаімскага,
Надарылася ж у валадарстве Амарфа́ла, валадара Сеннаа́рскага:1 Арыёх, валадар Эласа́рскі, і Хадалагамор, валадар Эла́мскі,2 і Тарга́л, валадар народаў,3
і пайшлі яны вайною супроць Бэры, цара Садомскага, супроць Біршы, цара Гаморскага, Шынава, цара Адмы, Шэмэвэра, цара Сэваімскага, і супраць цара Бэлы, якая ёсьць Сігор.
вялі вайну з Ба́лам, валадаром Садомскім, і з Ба́рсам, валадаром Гаморскім, і Сеннаа́рам,4 валадаром Адама́скім,5 і Сімаборам, валадаром Себаі́мскім, і валадаром Ба́лакскім, значыць Сагорскім.
Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае.
Усе яны змовіліся ў Саляной цясніне, дзе зараз Салёнае мора.6
Дванаццаць гадоў былі яны паняволеныя ў Кедарлаамэра, а на трынаццатым годзе ўзбурыліся.
Дванаццаць гадоў служылі Хадалагамору, на трынаццаты ж год збунтаваліся.
На чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарлаамэр і цары, якія зь ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, Зузімаў у Гаме, Эмімаў у Шаве-Кірыятаіме,
У чатырнаццаты ж год прыйшоў Хадалагамор і валадары разам з ім, і паразбівалі асілкаў у Астарот Карнаі́не,7 і магутныя народы разам з імі, і аме́яў з места Са́ўі,
і Харэяў у гары іхняй Сэіры, да Эл-Фарана, што каля пустыні.
харэ́яў з гораў Сэі́рскіх8 да Тэрэ́бінта9 Фара́на, што ў пустэльні.
І вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, якая ёсьць Кадэс, і пабілі ўсю краіну Амалікіцянаў, а таксама Амарэяў, якія жылі ў Хацацон-Тамары.
Завярнуўшы, прыйшлі да Крыніцы Суда, гэта значыць Кадэ́су, і пазабівалі ўсіх саноўнікаў Амалэ́ка і амарэ́яў, што засялялі Асасантама́р.
І выйшлі цар Садомскі, цар Гаморскі, цар Адмы, цар Сэваімскі і цар Бэлы, якая ёсьць Сігор; і ўступілі ў бітву зь імі ў даліне Сідым,
Тады валадар Садомскі, валадар Гаморскі, валадар Адама́скі, валадар Себаі́мскі і валадар Ба́лакскі, значыць Сагорскі, рушылі і атабарыліся для вайны ў Саляной даліне
з Кедарлаамэрам, царом Эламскім, Тыдалам, царом Гаімскім, Амрафэлам, царом Сэнаарскім, Арыёхам, царом Эласарскім: чатыры цары супроць пяці.
супраць Хадалагамора, валадара Эла́мскага, супраць Тарга́ла, валадара народаў, супраць Амарфа́ла, валадара Сеннаа́рскага, супраць Арыёха, валадара Эласа́рскага: чатыры валадары супраць пяцёх.
А ў даліне Сідым было многа смаляных ямаў. І цары Садомскі і Гаморскі, якія кінуліся ўцякаць, упалі ў іх; а астатнія ўцяклі ў горы.
Былі ж у Саляной даліне10 смаляныя калодзежы. Збег жа валадар Садомскі і валадар Гаморскі і там затаіліся, астатнія ж паўцякалі ў межы гораў.
Пераможцы пабралі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўвесь запас іхні і пайшлі.
Пабралі ж пераможнікі ўсіх коней з Садома і Гаморы і ежу ўсіхнюю ды сышлі.
І ўзялі Лота, пляменьніка Абрамавага, які жыў у Садоме, і маёмасьць ягоную, і пайшлі.
Схапілі таксама Лота, брата Абра́ма, які жыў у Садоме, і набытак яго, і сышлі.
І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя.
Знайшоўся ж адзін ацалелы, які апавёў пра ўсё, што надарылася прыхадню11 Абра́му. Жыў ён ля дуба Ма́мбры, амара́ніна, брата Эсхо́ла і брата Анэ́ра, якія былі хаўруснікамі Абра́ма.
Абрам, пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана;
Калі Абра́м даведаўся, што Лот, брат яго, увязнены, падлічыў уласных дамоўнікаў сваіх, абраўшы з іх трыста васямнаццаць, выступіў услед за імі да Да́на.12
і падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска;
І напаў на іх ноччу, ён і слугі яго, і выцяў іх, і гнаўся за імі да Хобы, што леваруч ад Дама́ска.
і вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын і народ.
І вярнуў усіх коней Садомскіх, і вызваліў Лота, брата свайго, і набытак яго, і жанчын, і народ.
Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская;
Выйшаў жа валадар Садома з валадарамі ім насустрач, бо вярнуўся ён ужо з перамогай над Хадалагаморам, у даліну Са́ўі,13 поле, якое належала валадару.
і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, — ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, —
І Мелхіседэ́к, валадар Салэ́мскі,14 вынес хлябы і віно; быў жа ён святаром Бога Усявышняга.15
і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі;
І дабрасловіў Абра́ма: “Дабраслоўлены Абра́м Богам Усявышнім, які стварыў неба і зямлю,
і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго.
і дабраслоўлены Бог Усявышні, які аддаў ненавіснікаў тваіх у рукі твае”. І з усяго аддаў пераможца святару дзесяціну.
І сказаў цар Садомскі Абраму: аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.
Прамовіў жа валадар Садома да Абра́ма: “Дай мне людзей, а коней вазьмі сабе”.
Але Абрам сказаў цару Садомскаму: падымаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі,
Сказаў жа Абра́м валадару Садома: “Працягваю руку маю да Бога Усявышняга, які стварыў неба і зямлю,
што нават ніткі і рэменя ад абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў: я ўзбагаціў Абрама;
што ні кавалка вяроўкі, ні раменьчыка сандаляў не вазьму ад цябе, каб не сказаў ты, што ўзбагаціў Абра́ма,
апрача таго, што зьелі падлеткі, і апрача долі, якая належыць людзям, што хадзілі са мною; Анэр, Эшкол і Мамрый хай возьмуць сваю долю.
акрамя таго, што з’елі ваяры, і таго, што належыцца мужчынам, якія спадарожнічалі мне на Эсхола, на Анэ́ра і на Ма́мбра. Яны няхай возьмуць сваю частку”.